Сёлета споўнілася 5 гадоў легендарнаму анімацыйнаму мультфільму пра “шалёны народ” “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”.
Гэта быў першы прафесійны анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі, у якім у лёгкай і забаўляльнай форме апавядалася пра самыя адметныя моманты нашай мінуўшчыны. За ўвесь час мульт сабраў больш за мільён праглядаў, атрымаў шмат прэмій і нават увайшоў у тoп-10 праглядаў на Youtube і топ-3 на Yandex!
Праца над ролікам заняла амаль год: візуальная частка была зробленая аніматаркай Юляй Рудзіцкай, тэкст да песні напісаў Лявон Вольскі, а “голасам” роліка стаў Аляксандр Памідораў. Ідэя мультфільма належала Юліі Ляшкевіч. Ролік заклікаў крытычна ставіцца да стэрэатыпу аб тым, што беларусы — памяркоўны народ, бо гісторыя краіны сведчыць пра адваротнае.
Кампанія прапаноўвае і дзецям, і дарослым своеасабліва адзначыць першы юбілей мультфільма, узяўшыся за алоўкі. Так-так, з нагоды 5-годдзя паводле сюжэтаў мультфільма “Будзьма беларусамі!” выдадзены камплект размалёвак, які складаецца з 12 паштовак. Цяпер кожны можа размаляваць на свой густ найбольш яскравыя падзеі з даўнейшых часоў і да 1991 года: дахрысціянская Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае, Ефрасіння Полацкая і Вітаўт Вялікі, Францішак Скарына і Уршуля Радзівіл, паўстанне Касцюшкі і Адраджэнне, абвяшчэнне БНР і беларусізацыя ў БССР, з’яўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Дарэчы, упершыню расфарбоўкі з’явіліся ў ЗША ў канцы ХІХ стагоддзя. Яны выдатна падыходзілі як для адукацыйных мэтаў, так і для аздараўленчых. З іх дапамогай дзеці даведваліся новыя цікавосткі пра свет, а дарослыя перамагалі стрэс.
Размалёвак уласна беларускіх, тым больш разлічаных і на дарослых, і на дзетак, пакуль няшмат.
Ідэя: ГКК “Будзьма беларусамі!”
Малюнкі: Ю.Рудзіцкая
Дызайн: А.Лазар
Аўтар тэкстаў: П.Касцюкевіч
Карэктар К.Маціеўская
Дык давайце расквецім гісторыю нашай краіны разам!
Набыць камплект паштовак-размалёвак можна ў наступных крамах:
Мінск
Акадэмкніга (пр-т Незалежнасці, 72);
Цэнтральная кнігарня (пр-т Незалежнасці, 19);
Веды (вул. К. Маркса, 36);
Кнігарня пісьменніка (вул. Казлова, 2);
Светач (пр-т Пераможцаў, 11);
Гародня
“Праметэй” (вул. Савецкая, 10);
Маладзечна
“Спадчына М” (вул. Прытыцкага, 7);
Полацк
“Светач” (вул. Камуністычная, 21);
Бабруйск
“Крыніца ведаў” (вул. Горкага, 31).
А таксама замовіць у інтэрнэт-крамах knihi.by і symbal.by (з дастаўкай па ўсім свеце).
(Пра новыя пункты продажу кнігі ў сталіцы і абласных цэнтрах будзе паведамлена дадаткова)