Вясна, вясна красна! Прыйдзі, вясна, з радасцю, з вялікай літасцю

Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.


Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці:ьамаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.

Распавядаем пра сакавіцкія традыцыі нашых продкаў.

1 (па новым стылі) / 14 (па старым стылі) сакавіка — першы дзень вясны. У народзе зваўся Аўдакей (Галдакей, Яўдоха, Аўдоцця Вясноўка). Лічылася, што Аўдакей «трымае лета ў руцэ» — ад гэтага дня чакалі ўжо сталага пацяплення. А ўвогуле дзень лічыўся неспрыяльным. Таму стараліся нічога не рабіць (не прасці, не ткаць і інш.). Але ў больш познія часы з’яўляліся і рэгіянальныя асаблівасці. Так, напрыклад, у Лельчыцкім раёне гэты дзень лічыўся спрыяльным, каб садзіць памідоры. Шмат дзе ў гэты дзень праводзілі абрад гукання вясны.

У 2022 годзе гэта яшчэ і другі дзень Масленіцы.

Чытаць па тэме: Як скарыстаць рытуалы нашых продкаў для псіхалагічнай падтрымкі. Святкуем Масленіцу ў горадзе

У некаторых рэгіёнах у гэты дзень быў распаўсюджаны абрад цягання калодкі з абавязковым заходам у хату, дзе была дзяўчына шлюбнага ўзросту. Гаспадыня мусіла пачаставаць гасцей. Абмінанне такой хаты лічылася вялікай знявагай у дачыненні да дзяўчыны.

На Віцебшчыне ў гэты дзень адбываліся гульнявыя вяселлі: удзельнікам «раздаваліся» ролі нявесты, жаніха, хроснай маці і г. д. Іх нават адорвалі падарункамі: чапялой, кубкам і інш.

2 сакавіка — Папелец (Папяловая серада). Каталікі пачынаюць вялікі пост. У гэты дзень спальвалі і асвячалі попел ад вярбы, што была асвечана ў Вербніцу мінулым годам.

Таксама, згодна з народнымі традыцыямі, было прынята хадзіць на госці да цешчы на бліны.

фота 1.jpg

3 сакавіка — у гэтым годзе адзначаецца «Валоссе», альбо тлусты чацвер. З гэтага дня пачыналіся найбольш разгульныя масленічныя гулянні. Дзень прысвечаны Вялесу/св. Уласу — апекуну свойскай жывёлы. Таму і абрадавыя дзеі былі звязаны з жывёлагадоўляй. У гэты дзень было прынята аб’язджаць маладых коней, гушкацца на арэлях.

фота 2.jpg

4 сакавіка — пятніца масленічнага тыдня. У гэты дзень цешча хадзіла на бліны да зяця.

5–6 сакавіка — канец Масленкі. Самыя вясёлыя і разгульныя дні. Было прынята адведваць сваякоў (асабліва — маладых, якія нядаўна пабраліся шлюбам), катацца на санках ці выдаўбленых ледзяшах, ладзіць вясёлыя застоллі.

У нядзелю прасілі прабачэння ў родных і блізкіх і прабачалі самі. Было пашырана раскладанне вялікага вогнішча, на якім палілі пудзіла, якое сімвалізавала смерць, хваробы, нястачы. У некаторых рэгіёнах такое пудзіла тапілі альбо закопвалі ў снег. На вогнішчы палілі старыя посцілкі, рыззё, анучы.

фота 3.jpg
крыніца: www.pexels.com аўтар Анастасія Дземахіна

На Віцебшчыне ў нядзелю «хавалі Бабу» — абрад рытуальнага галашэння і пахавання (закопвання ў снег ці проста разбірання на часткі) лялькі ў выглядзе бабы, якая «падавілася сырніцай» — страва з тварагу і масла, якую падаюць да бліноў.

7 сакавіка — шыльны панядзелак, альбо паласказуб. Панядзелак пасля Масленкі. На Вiцебшчыне раней у гэты дзень гулялi ў карчме, што называлася «каваць шыла» — адсюль і назва. Другая крыніца так тлумачыць выраз «куваці шыла»: «г. зн. піццё гарэлкі», «паласкаць зубы, трэба, каб яны хутчэй «давыкалі да посніцы...» (Нікіфароўскі, 1897). Найменне звязана з пiццём гарэлкi (апошнi дзень перад постам, калi яшчэ можна было хоць «папаласкаць зубы»).

На Свiслаччыне гэты дзень называўся Паслязапусак. Прызнавалася добрай прыметай, калi першым у хату з ранiцы заходзiў мужчына, а калi жанчына — лічылася, што будуць развальвацца сыры.

У некаторых раёнах Палесся называўся першы дзень Посту — Дужыкі. Пяклі «каржы»-дужыкі з белай мукі на кожную «душу» ў хаце на здароўе і дабрабыт.

9 (па новым стылі) / 22 (па старым стылі) сакавіка — святкавалі Саракі. Дзень закліку вясны, сталага цяпла. Асноўны атрыбут свята — птушкі і лічба 40: збіралі 40 каменьчыкаў, пяклі 40 галушак. Дзяўчаты, якія змаглі пераламіць 40 дошак, падскокваючы на іх, лічыліся гатовымі да замужжа, і г. д.

фота 4.jpeg

Вясну заклікалі карагодамі і спевамі. Дзяўчаты варажылі: раскладалі на ганку піражкі і клікалі сабаку — чый першы з’есць, тая і замуж першая пойдзе. Таксама гушкаліся на арэлях (каб камароў улетку няшмат было), перакідвалі праз страху 40 трэсак, каб быць паспяховымі ў пошуках яек дзікіх птушак.

Лічылася, калі на Саракі быў мароз, то пасля іх будзе яшчэ сорак маразоў. У продкаў нават свая сістэма лічэння была: у некаторых раёнах пяклі 40 галушак і елі па 1 на кожны мароз. У некаторых — збіралі 40 каменьчыкаў і выкідалі па адным, як прымаражвала.

12 (па новым стылі) / 25 (па старым стылі) сакавіка — Рыгор. Народны каляндар гэты дзень лічыць паказальнікам надвор’я і ўраджайнасці будучага года. Лічылі, што «на Рыгора зіма ідзе ў мора».

Вось некаторыя з прыкмет надвор’я:

Калі лёд на затоках не растае, а тоне, увесь год будзе цяжкім.

Туман падае — да сонца, паднімаецца — да непагадзі. 

Глядзяць, з якога боку ад мурашніка пачынае таяць снег: калі з паўднёвага — лета будзе кароткім і халодным.

Калі дзень туманны, будзе год на лён і каноплі ўраджайны.

Гэтым жа днём прываблівалі птушак ільняным ды канапляным насеннем да родных угоддзяў, каб потым не блукалі ды не несліся па чужых дварах. Ды магічнымі словамі зазывалі добры ўраджай: трэба было папрасіць вясну:

Вясна, вясна красна!
Прыйдзі, вясна, з радасцю,
З вялікай літасцю,
З льном высокім,
З коранем глыбокім,
З хлебушкам багатым!

А таксама ўноч на Рыгора варажылі на будучыню па сваіх снах:

Хто ўбачыць гусака, той паўнець стане. 

Бачыць лякарню — да дужага здароўя. 

Падкідваць дзіця — да яго хваробы. 

Ныраць у акіян — да клопатаў. 

Бачыць абразы — да нуды. 

Заводзіць будзільнік — да кароткага жыцця. 

Фарбаваць яйкі — да вялікай радасці. 

Разглядаць жывот — быць бітаму. 

Рамантаваць зэдлік — да безграшоўя. 

Цаляць у штосьці — да любоўнай прыгоды.

13 сакавіка — Васіль-капельнік. У гэты дзень нельга было прасці лён і пяньку, таму што, маўляў, можна «адслініць замураваную зіму», у выніку чаго зноў надыдуць зімовыя халады. 

Лічыцца, што ў гэты дзень заўсёды бывае адліга. Існуюць наступныя прыкметы:

На Васіля цёплага сонца ў кругах — да ўраджая.

Васіль-капельнік каплі дае, калі каплі будуць — да добрага года.

Доўгія сасулькі — доўгі лён. 

Доўгія сасулькі — да доўгай вясны.

Калі дождж — быць лету мокраму.

У лес не з’ездзіш, так і на печцы змерзнеш.

фота 5.jpg

Ева Вятрыскіна, budzma.org