Лявон Вольскі прыгадвае сваё першае галасаваньне на выбарах, якое адбылося яшчэ ў савецкім войску, і ўсе наступныя выбары ў Беларусі, пачынаючы ад 1994-га і сканчваючы 2020-м, калі ўпершыню выбары былі падобныя на свята, а таксама пра выбары сёлетнія — абсалютна прадказальныя і падобныя да тэатра абсурду. Але пры гэтым «Надзея ўсё працягвае шкрэбціся сваімі кіпцюрыкамі: "Хутка, хутка ўжо ўсё гэта накрыецца. Гэты тэатар абсурду. Хаця б таму, што вечных прэзыдэнтаў не бывае"».
Лявон Вольскі. Фота: by Darya Kaliada
Выбары...
Колькі з гэтым словам зьвязана розных пачуцьцяў! Спадзяваньні, трымценьне, эйфарыя, небясьпека, расчараваньне, фрустрацыя...
Першы раз я галасаваў у савецкім войску. Роту паднялі з самага ранку, і ўсе паехалі на выбарчы ўчастак. Апусьцілі ў драпежную адтуліну вурны бюлетэні і вярнуліся ў частку. За каго галасавалі? А ніхто ня ведаў, за каго. За каго трэба, за таго і прагаласавалі. Вайскоўцы ж існуюць, каб выконваць загады. Вось і выканалі загад партыі і ўраду. Прагаласавалі за кагосьці, за каго трэба было прагаласаваць.
За савецкім часам (амаль як цяпер) выбары былі, але выбару не было. Проста йдзеш на ўчастак і кідаеш у вурну загадзя запоўнены бюлетэнь. Пасьля гэтага можна далучыцца да сьвята народнага волевыяўленьня — выпіць гарэлкі ў школьнай сталоўцы (звычайна ж выбарчыя ўчасткі робяць у школах) і закусіць канапкай з дэфіцытнай «сухой» каўбасой.
Гэтае «сьвята волевыяўленьня» практыкуецца й цяпер. Школьная сталоўка, гарэлка, канапкі, дзе-нідзе — шашлыкі, беляшы ды смажанкі — усё як мы любім!
Потым памяць пераносіць мяне адразу на выбары першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (яго некаторы час так і называлі — ППРБ, пакуль не зразумелі, што гэта ня толькі ППРБ, алі і ВПРБ — вечны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь), але гэта быў настолькі траўматычны і балючы досьвед, што ўспамінаць той пэрыяд ня надта й хочацца. Проста тады, улетку 1994-га, я зразумеў, што ўсё зьмянілася, што ва ўладу прыйшлі драпежныя непераборлівыя людзі, якія ні перад чым ня спыняцца для дасягненьня сваіх мэтаў.
Так і здарылася. Але падступная Надзея час ад часу шкрэблася ў душы, хрыпла шаптала: «А вось зараз, падчас гэтых выбараў, усё — раз! — і зноўку зьменіцца, і краіна вернецца на нармальны шлях».
Так было ў 2001-м, калі беларускія гурты езьдзілі перад выбарамі з мабілізацыйным канцэртовым турам «Выбірай!», так было ў 2006-м, калі ўжо не вялося ні пра якія туры незалежных музыкаў, але на Плошчы стаяла намётавае мястэчка, і маладыя людзі ў люты мароз знаходзілі ў сабе сілы супрацьстаяць хлусьлівай уладзе і нападам нецьвярозых правакатараў, а мы штовечар прыходзілі на Плошчу, каб падтрымаць пратэстоўцаў. Так было і ў 2010-м...
Выбары 2006 года. Намётавае мястэчка на Кастрычнікай плошчы. Фота «Радыё Свабода»
Для мяне тыя выбары былі адмысловымі. Я на іх быў назіральнікам.
Назіраць давялося ў сэрцы сталіцы — у БДЛУ (ці ў прастамоўі — у ін’язе). Камісія складалася з спрактыкаваных ін’язаўскіх функцыянэраў, для якіх гэты працэс быў звычайнай завядзёнкай, з парачкі маладых БРСМаўскіх кар’ерыстаў, якія, як і належыць «маладым ваўкам», паводзіліся нахабна, з выклікам, маўляў, «каму што не падабаецца — зьяжджайце!», з афіцыйных нудных цётак і дзядзек, якіх дзяржава заслала «назіраць» і якім хацелася, каб усё гэта хутчэй скончылася, і зь неабыякавых незалежных назіральнікаў, сярод якіх быў і я.
Старшыня камісіі артыстычна і не без самалюбаваньня сыпаў штампамі: «закон для ўсіх адзін», «трэба разумець працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаве», «жыць у грамадзтве і быць свабодным ад грамадзтва немагчыма», людзі ішлі і кідалі свае бюлетэні. І мяне ўразіла тое, што большасьць людзей не выглядала на шчасьлівых і задаволеных.
Наадварот, выдавала на тое, што народ ішоў на варожую тэрыторыю, на акупаваную зону, туды, дзе гняздуе зло — напружаныя твары, позіркі спадылба, імкненьне як найхутчэй пакінуць гэтае памяшканьне...
І Надзея актыўна зашкрэбла сваімі кіпцюрыкамі, маўляў, ты бачыш, ты бачыш?! Усе супраць гэтае ўлады, апроч адной мажнай цёткі, якая голасна прагаласавала «за бацьку» і запіла гэты працэс салодкім ігрыстым віном, якое чамусьці называла «шампанскім». Але, глядзі, гэта ж толькі адна цётка!І Надзея актыўна зашкрэбла сваімі кіпцюрыкамі, маўляў, ты бачыш, ты бачыш?! Усе супраць гэтае ўлады, апроч адной мажнай цёткі, якая голасна прагаласавала «за бацьку» і запіла гэты працэс салодкім ігрыстым віном, якое чамусьці называла «шампанскім». Але, глядзі, гэта ж толькі адна цётка!
А потым зноўку былі Плошча, і рэпрэсіі, і хваля эміграцыі, і зацісканьне гаек, і замарозка, і забароны...
А потым былі выбары 2015-га, калі я ўпершыню не пайшоў галасаваць. Усё было перадвызначана, панура й нудна. Улада РБ «легалізавалася» ў «цывілізаваным сьвеце», пасьля «менскіх дамоваў» зьнялі ўсе санкцыі, ВПРБ-«міратворац» нават зьезьдзіў у Літву з афіцыйным візытам, а каля школы — выбарчага ўчастку стаяў чарговы «малады воўк» у бліскучым гарнітуры і «справаздачыўся» начальству: «У нас всё прошло идеально, скоро вышлем отчёт» і, злавіўшы мой позірк, адышоўся на бясьпечную адлегласьць і працягнуў справаздачу, якую я ўжо ня чуў.
А потым быў 2020-ты. Дзень пачынаўся весела — натоўпы людзей зь белымі стужачкамі, чэргі на ўчастках, сьмех, пазытыў... Першы раз за мой доўгі досьвед выбары сапраўды нагадвалі сьвята!
Надзея крычэла: «Ты толькі паглядзі на гэта! Вось і прыйшла нашая перамога!». Здаровы сэнс пярэчыў нудным бясколерным голасам: «Ды што ты вярзеш? Ніхто вам так проста не саступіць. Яны не аддадуць уладу. Калі трэба страляць, будуць страляць». А Надзея эйфарычна працягвала: «Ды не! Нас мільёны! Мы пераможам!»...
Выбары бяз выбару. Малюнак Лявона Вольскага
Незаўважна падкраліся наступныя выбары. І іхны вынік абсалютна прадказальны. І рэакцыя на яго — і ў краіне, і за мяжою — прадказальная і вядомая. І ўжо йдзе датэрміновае галасаваньне, студэнтам і іншым наўпрост залежным ад улады групам насельніцтва чарговым разам паабяцалі розныя бонусы, калі прагаласуюць датэрмінова, сілавыя структуры сочаць, каб усё раптам не пайшло па сцэнары 20-га (яны ведаюць, што ня пойдзе, але наверсе так баяцца, што патрабуюць падвышанае баявое гатоўнасьці, а раз патрабуюць, добра, зробім падвышаную).
Дырэктары навучальных установаў і асабліва правераныя выкладчыкі рыхтуюцца да выкананьня звыклага грамадзянскага абавязку. Цэнтрвыбаркам падрыхтаваў нязвыкла высокую лічбу «97%» (а што? Хай ведаюць, што наш народ цалкам пазбавіўся пратэсных настрояў ды чужародных элемэнтаў). Эстрадныя артысты, якія шчэ ўчора выступалі на конкурсе раённай самадзейнасьці, сёньня рыхтуюцца да ўдзелу ў сьвяточным канцэрце — яшчэ раз адточваюць свой патрыятычны нумар (усё павінна быць на найвышэйшым узроўні — і голас, і плястыка, і выраз твару)...
А Надзея ўсё працягвае шкрэбціся сваімі кіпцюрыкамі: «Хутка, хутка ўжо ўсё гэта накрыецца. Гэты тэатар абсурду. Гэты аграгламур. Хаця б таму, што ППРБ — ён усё адно ня ВПРБ. Бо вечных прэзыдэнтаў не бывае».
І здаровы сэнс, нарэшце, зь ёй пагаджаецца.
Лявон Вольскі, Вudzma.org