У Instagram выдавецтва «Янушкевіч» паведамілі, што раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» вернецца на кніжныя паліцы ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў. Юбілейнае выданне кнігі з’явіцца ў продажы 10 снежня 2024 года.
Фота: januskevic.books у Instagram.
У рамане расказваецца гісторыя групы беларускамоўных дзяцей, якія трапляюць у загадкавы Лагер — месца, што нагадвае змрочны лес з казкі, але пазбаўленае дзіцячых прыгод. Героям даводзіцца сутыкацца з рэальнасцю, дзе спалучаюцца элементы казкі, сатыры і антыўтопіі. Нягледзячы на жанравую разнастайнасць, кніга застаецца гісторыяй пра людзей, якія жывуць у сучаснай Беларусі.
Назва рамана адсылае да паэмы Францішка Багушэвіча «Кепска будзе» і яе галоўнага героя Аліндаркі. Метафара «Дзеці Аліндаркі» падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і іх сувязь з беларускай культурай і мовай.
Раман упершыню выйшаў у 2014 годзе ў выдавецтве «Галіяфы», таму новае выданне ад «Янушкевіч» прысвечанае яго 10-гадоваму юбілею.