Вера Буланда выступіла ў Барысаве

Выступ Веры Буланда адбыўся 15 студзеня 2015 года ў СШ № 17 г. Барысава перад вучнямі 10-х і 11-х класаў.

Перад святам Вадохрышча прыгадаліся бадзёрыя радкі Максіма Багдановіча “Здароў, марозны звонкі вечар!”, а таксама і шчымлівая страфа В. Зуёнка, прысвечаная Алесю Пісьмянкову:

Заблукаў у леце

Пісьмянкова сьпеў

Ды і не прыкмеціў,

Як зіму сустрэў.

Няма шмат паэтаў сярод нас, магчыма, яны адышлі ў неба і сталі там яркімі зоркамі, як Валянціна Коўтун, Алесь Пісьмянкоў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і інш.

Паэтэса з вучнямі гаварыла пра паэзію, параіла назіраць за складаннем асобных вершаў – так бы мовіць, правяла майстар-клас, пасля чаго вучні цікавіліся творчасцю выступоўцы, распавядалі пра свае адносіны да паэзіі, задавалі пытанні, сярод якіх і “што вы можаце параіць пачынаючаму паэту”, і “чаму вы пішаце па-беларуску”.

Спадарыня Вера распавяла таксама пра сваю перапіску, калі настаўнічала на Віцебшчыне і Барысаўшчыне, з паэтамі – П. Панчанкам, Сяргеем Грахоўскім, Сяргеем Панізнікам, Генрыхам Далідовічам, якія падтрымалі яе ў творчасці. Гэта ад іх яна ўзяла ў жыццё прынцыпы – быць чалавечнай (“Без чалавечнасці не будзе вечнасці” – П.Панчанка) і добрай, прыгадаўшы адначасова найбольш вядомыя радкі С.Грахоўскага:

Чалавеку не трэба спагады,

Дабрата чалавеку патрэбна,

Каб мінаючы прорвы і спады,

Узбірацца на стромкія грэбні.

Каб людзей сустракаць клапатлівых

У дарозе далёка ад дому,

І каб сам быў заўсёды шчаслівы,

Калі шчасце прыносіш другому.

Спаларыню Веру пазнаёмілі з музеямі школы і гісторыяй іх стварэння.

У час кароткай віктарыны былі вызначаны пераможцы, якія атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” паштоўкі “Мы – адметныя”, “Не маўчы па-беларуску”, майкі і торбачкі з надпісам: “Кніга паляпшае жыццё”.

 

Тэгі: