Верш тыдня: Альгерд Бахарэвіч “Сабакаловы”

Убачыўшы побач са словам “верш” імя Бахарэвіч, нехта не вельмі абазнаны можа здзівіцца, бо гэты аўтар вядомы перадусім як раманіст і эсэіст, адзін з найлепшых і найбольш знакамітых празаікаў нашай сучаснай літаратуры. Нехта (але ўжо радзей) згадае яго як перакладчыка з нямецкай ды іншых моў. Яшчэ нехта (але таксама не часта) згадае панк-музыку, лідара гурта “Правакацыя”. А між іншым, у літаратурным праекце “Бахарэвіч” усё пачыналася менавіта з паэзіі і цяпер заканамерна да яе вяртаецца.

Фота – (с) Юля Цімафеева

 

У прынцыпе, кожны Альгердаў раман (не кажучы пра эсэістыку) – перадусім проза паэта. Камусьці гэта можа вельмі не падабацца, кагосьці, наадварот, прыводзіць у захапленне, але, па-першае, у тэкстах Бахарэвіча назіраецца большая, чым звычайна ў празаікаў, суб’ектыўная аўтарская прысутнасць. Аўтар нахабна вызірае з таго ці іншага персанажа, засланяе яго сабой, раз-пораз на нейкі час забывае пра яго, выказваючыся ад першай асобы. Так некалі Віктор Гюго (найперш паэт, а толькі потым раманіст і хто заўгодна) спыняў прыгоды сваіх герояў, каб ужо непасрэдна ад сябе любімага расказаць нам пра Нотр-Дам ці, напрыклад, парыжскія катакомбы.

Яшчэ важней, што кожны Альгердаў тэкст сканструяваны так, каб чытач не ператвараўся ў такога сабе наіўнага гледача кіно, не забываў пра быццё словаў, успрымаючы найперш “карцінку”, якая за гэтымі словамі паўстае. Сам тэкст Бахарэвіча трымае чытацкую ўвагу на сабе, на сваёй уласнай матэрыі, на ўсіх гэтых словах, сказах, абзацах, параўнаннях і метафарах. Чытач можа не ўспомніць, у сувязі з якім персанажам ці сюжэтнай лініяй гэта адбываецца, але ніколі не забудзе, што калодзежны калаўрот круціцца ў гэтым тэксце, як ручка патэфона. Звычайна такое адбываецца ў паэзіі.

Некалі даўно (1998 год) у беларускай літаратуры з’явілася тонкая кніжачка, зборнік “Тазік беларускі”. З тэкстамі дзевяці мужчынаў. Аднаго даўно ўжо сталага (Валянцін Акудовіч) і васьмі вельмі маладых аўтараў з суполкі “Бум-Бам-Літ”. Быў там і Альгерд Бахарэвіч, у іпастасі паэта. Вершы былі харошыя і розныя. (Пара – харошых, рэшта – розныя.) Адны звярталі на сябе ўвагу ў той час, але, мабыць, там і застануцца. (“Я маю права / Я тваю лева”, “Я здраджваў радзіме – таемнаму Дзіму / Здрадзіміў!”) Іншыя тады не надта кідаліся ў вочы на фоне больш “кідкіх”, затое лепей чытаюцца цяпер. (“Надзень на безыменны палец / Маё трамвайнае кальцо”, “Калі падымецца заслона, як спадніца /…/ Юрліва сала залі заільсніцца”.) Быў у той падборцы й паэтычны маніфест “Нямецкая мова”:

О, мілая сэрцу нямецкая мова!
Багацце тваіх невычэрпных крыніц
Для моцнага – новых памкненняў аснова
Для кволага ты – і апора, і зніч.

/…/

Звініш ты на полі, на вулках, у хаце
Ты песняю льешся, хоць зведала здзек.
А тым, хто цябе і адрокся, і страціў,
Тым вечная ганьба і сорам навек!

 

Сёння ўжо амаль бяскрыўдны экспанат з музея беларускага пісьменства, а дваццаць гадоў таму – скандальная правакацыя, якая абразіла шмат каго з літаратурных кансерватараў. Сёння выглядае тыповай, нават тыпалагічнай для постмадэрнізму 90-х пародыяй на наіўна-патрыятычныя вершы. (Трохі раней Сашко Ірванец ва Украіне напісаў “Любіць Аклахому”, іранічную парафразу на “Любіць Украіну” Сасюры. Думаю, у іншых постсавецкіх літаратурах адбывалася падобная постсаветчына.) І ўсё было б так, каб не два “але”. Па-першае, сама “нямецкая тэма” ўжо бачыцца не проста механістычнай заменай у асобным вершыку, а чымсьці больш сур’ёзным у аўтара, што надоўга з’язджаў у Нямеччыну, а потым урэшце вярнуўся з яе. А па-другое, сама іронія з савецкіх клішэ цяпер выглядае зусім не выпадковай часткай пісьменніцкай стратэгіі літаратара Бахарэвіча, аўтара аповесці “Ніякай літасці Валянціне Г.” і кнігі эсэістыкі “Гамбургскі рахунак”, са скандальным вобразам савецкага класіка Каяна Лупакі, які ўзбударажыў наш літаратурны істэблішмент нашмат мацней за колішнюю нявінную пародыю.

Таму нічога выпадковага, што, як усякі літаратурны рэцыдывіст, Бахарэвіч-паэт вяртаецца на месца злачынства, то бок да паэзіі. Вяртаецца ў вялікай (бадай што ва ўсіх сэнсах слова) кнізе – рамане “Сабакі Еўропы”, дзе паміж шасцю празаічнымі часткамі змяшчае й пяць паэтычных тэкстаў. Паводле аналогіі з ужо згаданым Гюго, гэтыя тэксты можна было б назваць лірычнымі адступленнямі. Гэта тое, на чым спраўджваецца найбольш падрыхтаваны чытач, тое, што першым прапускаюць студэнты ў цэйтноце перад экзаменам – і абсалютна дарэмна, бо ў такіх фрагментах аўтар звычайна найбольш выразна тлумачыць сваю задуму. Як у прысутным у рамане Бахарэвіча вершы “Памяці інжынера Гарына”, які ўяўляе сабой яшчэ адзін, цяпер нашмат сур’ёзнейшы маніфест, дзе раманіст-паэт амаль па-рамантычнаму супрацьпастаўляе сапраўднага творцу-энтузіяста літаратурнаму рамесніку на службе ў замоўцы, зразумела, на карысць першага:

Вучыцца ў майстроў памерлых.
Псаваць сабе і іншым нервы.
Падпальваць замкі і палацы,
Не прызнаваць ні рас, ні нацый.
Бурыць герархіі і планы,
І, варажбою апантаны,
Заваяваць іх свет паганы
І даказаць, што ўсё не так.

Што ты мастак,
мастак,
мастак.

Цябе памерлыя вучылі
Шукаць схаваных ран і шчылін,
Маліцца таленту і стылю
І промню, тонкаму, як ніць.
Варагаваць –
і варажыць.

Нізка вершаў у складзе празаічнай кнігі – не адзіны сюрпрыз ад раманіста Бахарэвіча, які выступае тут не толькі паэтам, але і лінгвістам-канструктарам, аўтарам новай штучнай мовы бальбута. Альгерд – не першы наш зямляк, які вынайшаў свой арыгінальны канланг. Шмат хто згадае ўраджэнца Беластока, а цягам некалькіх гадоў – жыхара Горадні, Людвіга Заменгофа, славутага “доктара Эсперанта”. Які трохі наіўна, але ў чымсьці й мудра, лічыў адной з прычын нашай неталерантнасці моўны бар’ер між людзьмі, спадзяваўся, што калі ўжо землякі не могуць паразумецца на ідышы, польскай, нямецкай ды беларускай, то трэба даць ім простую, лагічную і лёгка вывучальную “мову міжнацыянальных зносін”, якая дапаможа мірнаму суіснаванню розных культур ды народаў нашага рэгіёна – і ўсяго свету. Заменгофа, які не толькі пераклаў на эсперанта “Гамлета” й “Рэвізора”, Шылера ды Гайнэ, але й напісаў першыя вершы на гэтай мове. Пагадзіцеся, не абы-які прыклад для пераймання!

Ёсць у рамане Бахарэвіча беларуска-бальбуцкі (а таксама бальбуцка-беларускі) слоўнік, прыводзяцца й асноўныя прынцыпы вынайдзенай мовы, якія не ёсць выключна лінгвістычнымі, але часам прэтэндуюць на тое, каб быць эстэтычнымі й нават этычнымі. Напрыклад: “Правіла сёмае. Бальбута пазбягае катэгарычных ацэнак і ўстойлівых выразаў. У бальбуце няма асобнага слова для панятку “правільны” і панятку “самы”, няма словаў “мы”, “вы” або “яны”. Калі яны ўсё ж спатрэбяцца, іх сэнс можна перадаць іншымі словамі. Бальбута матывуе нас быць вольнымі, незалежнымі, самадастатковымі творчымі асобамі”.

Ёсць у рамане й колькі празаічных старонак на бальбуце, а таксама й першы напісаны гэтай моваю верш, які ў пэўным сэнсе можна лічыць творчым маніфестам, ці прынамсі метапаэзіяй, бо ён не толькі прысвечаны тэме паэта і паэзіі, але й адрасаваны іншаму паэту, спецыяльна прыдуманаму аўтарам дзеля такой высакароднай мэты. (“Неяк сакавіцкай ноччу, адурэлы ад халоднай кавы, я пакінуў на адным набрынялым гнілымі амбіцыямі сайце свой пераклад забытага вугорскага паэта, гомасэксуала і няздарнага самагубцы Імрэ фон Штукара, мне падалося, ён добра гучаў на бальбуце”.) Як на мяне, дык цалкам нішто сабе гучыць на бальбуце і прысвечаны гэтаму “фон Штукару” верш “Лягчэйшы за паперу”:

Legoing klinkutima

Für Imre von Stukar

Akkou klinkuta
Deu natuzu
Tau
Tajnobalbutika da ujma sau onoje,
Skutoje dutributima da broje
Dinagramutima, sau neokuz nekau –
O bu tau kvaj legoje da samoje
Da u sprugutima tau bu pavuzu, mau
Komutko noje.

Klinkutima legoing,
Tau
ufjutima akkou.
Danuo kvaj da bif aluzu Neistuta.
Dukoju da rukoju tau stogou
Kalau tau bu legoje kvaj balbuta.

Da bu sprugutima skamuta tau okuzu,
Minutima o jaf bu tau takuzu:
Psautima grimuta da kraputa
Strilonatutima, sau
Bim primuzu tau.

Па-за ўсякімі сумневамі, пачэсна быць аўтарам першых вершаў на новай мове, але й зрабіцца першым перакладчыкам паэзіі з гэтай мовы на сваю – таксама тая яшчэ спакуса, якой аўтар гэтых словаў з радасцю паддаўся. Вось жа, прыемнага чытання, шаноўныя сябры, беларускі паэт Бахарэвіч у перакладзе на беларускую:

Лягчэйшы за паперу

Імрэ фон Штукару

Нібы папера,
Над якою
Ты
Складаеш лёгкі верш або гросбух панылы,
Свой дзённік, што вядзеш адсюль і да магілы,
Нікому і ў нішто дасланыя лісты, –
Аднойчы знойдзеш крылы й небасхілы,
Сарваўшыся ў прадонні нематы,
Таварыш мілы.

Ты ўжо цяпер пра смерць такую сніш:
Ляціш,
Бязважкі аркуш папяровы,
Лягчэйшы за прыдуманыя словы,
Не блізкі й не далёкі, а паміж,

Дзе ўбачыш высь жахлівую – такую ж,
Як хвіля, калі ўсё бліжэй ты чуеш
Сабачы брэх і іншы гук, такі ж,
Як рып паперы, –
Ты, што даў ёй веры.

Дарэчы, пра “сабачы брэх і рып паперы”. Прыкладна за паўгода да публікацыі рамана Альгерд, разам з вялікай групай беларускіх аўтараў, прыехаў ва Украіну на паэтычны фестываль “Кіеўскія лаўры”. І выступіў там на адной вечарыне з нашымі найлепшымі маладымі паэтамі й паэткамі – Марыяй Мартысевіч і Настай Кудасавай, Юляй Цімафеевай і Таццянай Нядбай, Уладзем Лянкевічам і Антонам Рудаком, трохі старэйшымі за іх Сяргеем Прылуцкім і Валодзем Глазавым. Кіеўскай публіцы спадабалася ўсё, але, хай даруюць пералічаныя класныя аўтары й аўтаркі, мацней за ўсіх “парваў залу”, здавалася б, празаік Бахарэвіч. Сваім вершам, чыя назва перагукаецца з назвай усяго рамана, – “Сабакаловы”.

Каб вуліцы Таёжнай не існавала, яе варта было б выдумаць. Але вунь яна – цягнецца па Мінску між Солтыса і Радыяльнай, упіраючыся ў вуліцу імя савецкага героя (дакладней, чэкіста-забойцы) Ваўпшасава. Прыватны квартал з маленькімі дамкамі ў амаль двухмільённым горадзе. Чым вам не ўвасабленне ідылічнага “сена на асфальце”? Толькі трасцы калі гэтае “сена” тут высахне! Надта моцны холад навейвае гарадская тапаніміка па суседстве. Бо Солтыса незаўважна перацякае ў Алтайскую, а адтуль ужо рукой дастаць да Енісейскай, Байкальскай, Іркуцкай, Томскай, Хабараўскай, Ахоцкай, Ілімскай, да Табольскага завулка й вуліцы Сямёна Дзяжнёва. Да вуліцы Зімняй і некалькіх Зімніх завулкаў. (Аўтар гэтых словаў меў калісьці прыемнасць жыць на Ангарскай, прычым у эру да другой лініі метро, калі туды дабіраліся толькі аўтобусамі ды тралейбусамі. Хочацца напісаць – “сабакамі, аленямі ды партыямі палітычных ссыльных”. І самая адважная сяброўка з філфака ехала да цябе ў госці, не раўнуючы жонка дзекабрыста.)

Карацей, усё да камфорту літаратара, каб не расслабляўся ды тварыў, на радасць замежным даследчыкам, сваё “пісьменства ў халодным клімаце”. Там, дзе паэты, працытую верш Шымборскай у перакладзе Ніны Мацяш, “пішуць у пальчатках. Не пабажуся, быццам іх увогуле не здымаюць; калі прыгрэе месяц, то здымаюць. У строфах, складзеных з гучных пахукванняў /…/, апяваюць няхітры побыт пастухоў цюленевых статкаў. Класікі поркаюць чарнільным ледзяшом па прытаптаных гурбах. А рэшта, дэкадэнты, плачуцца над лёсам зорачкамі сняжынак. Калі хто хоча ўтапіцца, мусіць мець сякеру, каб прасячы палонку”.

Але вернемся ў казачную тайгу Бахарэвіча. На яго Таёжнай лета ўсё-ткі раз-пораз здаралася, каб дзяўчатам было зручней плявацца косткамі вішань, а хлопчыку – прасцей знайсці ды ўзяць на рукі бяздомнага сабачку. Але вось інструкцыі па барацьбе з лішаём ды іншыя гігіенічныя нормы выконваліся круглы год і ў любое надвор’е, а Чысты Горад ужо тады патрабаваў ахвяраў, бо, як той казаў, Ordnung muss sein.

Таму, што ўсе сабакі, як, дарэчы, і творцы, падзяляюцца на дзве катэгорыі. Першая – тыя, што маюць ашыйнік і не маюць лішаю. Маюць сваю будку ды ўмеюць сядзець на ланцугу. Паводле любой медкамісіі годныя да ваеннай ды ўсякай іншай службы. Маюць свае міскі ды косткі (і гэта зусім не косткі на пірацкім сцягу). Хочацца працягнуць: маюць правільную форму чэрапа, колер скуры ды разрэз вачэй. Правільную арыентацыю. Правільную грамадскую (палітычную, эстэтычную, сэксуальную і г.д.) пазіцыю. Адзіна правільную рэлігію. Адным словам, маюць рацыю. Другая катэгорыя – заўсёды пад падазрэннем. Яны не маюць ланцуга ды ашыйніка. Гэтыя дармаеды заўжды адмаўляюцца служыць (глядзі верш вышэй). Не збіваюцца ў патрэбныя зграі. Гуляюць самі па сабе і выюць на месяц, калі ім заманецца. Такую катэгорыю трэба ў лепшым выпадку хутка вылекаваць, а ў горшым – паслаць па іх адмысловых спецыялістаў.

Выбар, да якой катэгорыі далучыцца, залежыць ад цябе. І рабіць яго часам даводзіцца ўжо ў раннім дзяцінстве. Сілы няроўныя. Супраць цябе выхавальнікі, піянерважатыя, палітінфармацыі, дзіцячы пакой міліцыі, выкладчыкі ідэалогіі, швондэры ды шарыкавы. За цябе Джэк Лондан, Сэтан-Томпсан і Булгакаў, Муму, Белы Бім Чорнае Вуха… і так, Каштанка. Супернікі – моцна арганізаваная каманда, а ў тваёй – індывідуаліст на індывідуалісце. (Плюс які-небудзь Асадаў вечна лупіць па сваёй браме.) Але вы сяк-так трымаецеся. Ідуць гады, у камандах адбываюцца замены. За іх – “Славянскі базар” ды іншы поп. Часам праваслаўны поп. За вас – Ігі Поп. Які папулярна тлумачыць, што не толькі парадак, але і свабода патрабуе ахвяраў. І ёсць не так шмат выпадкаў, калі не сорамна I wanna be your dog. Дзеля такіх выпадкаў, калі верыць найлепшым экспертам, і рухаюцца сонца да іншыя зоркі. Прыдумляюцца вершы і песні, 900-старонкавыя раманы і цэлыя новыя мовы.

Сабакаловы (з рамана “Сабакі Еўропы”)

 

Дзяўчаты з Таёжнай любілі мяне палохаць.
Адна з іх хапала за разадраны локаць
І сціскала, а другая плявала пад ногі вішнямі
І казала прыцішана страшнае, жорсткае, лішняе:

“Што гэта ў цябе ў руках: сабачка?
Харошы сабачка, але ў сабачкі балячка:
Вось тут, глядзі, на попе – самы сапраўдны лішай.
Сабакаловам сабачку аддай.
Аддай!” –

Едуць, едуць сабакаловы.
Яны ўжо на суседняй вуліцы.
Вуліцы Вішнёвага Страху,
Вуліцы Вечаровага Брэху.

Дзяўчаты крычалі і вырывалі сабаку з рук,
Кожная брудная, як калюга, і дужая, як фізрук,
А я прыціскаў да грудзей, да сэрца, да кадыка
Свайго сіняга сабаку без вока, зялёнага свайго ваўка.

Ім было па дзесяць, а мне і пяці
Яшчэ не споўнілася, і ў вышыню расці
Мне падабалася больш, чым раздавацца ўшыркі.
Горад, прыватны сектар, вішні, платы і дзіркі,
Вада з калонак, сцюдзёная, як анестэтык,
Смала, якую ўлетку жавалі гэтак,
Быццам хацелі самі зрабіцца дрэвамі:
Вішнямі і таполямі, а не адамамі-евамі.

Якія там Евы!

Гэтыя Евы са смехам крычалі малому Адаму:
“Аддай сабаку!” – а ён: “не аддам” ім.
“Лішай на срацы!” – а ён маўчыць.
Стаіць і румзае, гладзячы той лішай,
Быццам недзе зусім недалёка, у бедных яго вушах
І праўда

Едуць, едуць сабакаловы.
Селядцовымі круцяць галовамі,
Дзядзькі з сеткамі,
Дзядзькі з клеткамі,
З чарапушкамі на шастах.
Па вуліцы Першага Ровара.
Па вуліцы Жоўтага Драніка.
Па вуліцы Гульні ў Доктарку.
Па аблоках і па кустах.

Дзяўчаты з Таёжнай: троечніцы і няўмехі
Айцы – Баярскія, маці Эдыты П’ехі,
Яны рабілі балюча так, як грызуць арэхі,
Якія там на Таёжнай былі пацехі?
Тралейбуснае дэпо і сваё дупло.
Стромыя спускі, пусткі, за імі – цыганскае царства,
Каровы, свінні, бабулькі ў хустках, птаства.
Смачны снег – як зубная паста.
Мойвы ў газеце бліскучае паўкіло.

Ды яшчэ казіных шарыкаў чорны россып.
І ўсё было б добра, калі б не просты
Рэфрэн, што торгаў мяне за бровы:

Едуць, едуць сабакаловы.

Па вуліцы Лішаёў,
Па вуліцы Мазі ад Горла.
Едуць.
Яны ўжо блізка.
Калі ты сабака – схавайся ў будку.
Замры ў дзіцячым сваім абутку,
Каб не пабачыў ніхто з канапы,
Што не ногі ў цябе насамрэч, а лапы.
Памры ў будцы,
Зрабіся будкай,
Не гаўкай гучна,
Бо ноч няхутка.

Што яны робяць, сабакаловы?
Едуць.
А калі прыедуць, што будуць рабіць?

Сабак лавіць,
І мераць, мераць,
Хто без ашыйніка – таму смерць, смерць!
А калі сказаць, што ты нечы, што маеш будку?
Не павераць!
Хто з лішаём – таму смерць, смерць!
Смяюцца.

Уначы, абдымаючы майго ваўка,
Я не спаў, я чуў рокат рухавіка.
Страшным словам адганяючы чорны страх,
Я лішай намацваў на тваіх баках.
За пісюн трымаючыся, слухаючы ківач,
І сабачы брэх, і дзіцячы плач,
Я сачыў, як вуліца сочыць за платамі,
Зазірае ў будкі,
Пхне ў галовы памяць,
Набівае жывёл і людзей
Нечым мяккім, сырым,
Незаўважным удзень.

У прыватнага сектара – справы прыватныя.
У майго сабакі лапы ватныя.
Беласнежны ў яго ў галаве паралон,
Па яго не прыедуць.
Ніколі.

І няхай там, на вуліцы, шэры фургон,
А ў фургоне злы дзядзька й жалезны загон,
Што з таго, што прыехалі сабакаловы.
Я не веру ніводнаму вашаму слову.
Я заткну ўсе дзіркі ў сваёй галаве,
Я ў свежай зямлі закапаю цябе,
Дзе агрэставы куст, чым далей ад спакус,
Чым далей ад дзяцінства, у якім я ўгруз,
Чым далей ад Таёжнай, да лепшых часоў,
Гэта проста гульня. Не магіла, а схоў.

Yes I wanna be your dog,

Мой сабака сёння здох.

 

 

Андрэй Хадановіч