Калі набраць у Гугле па-англійску “24 снежня 1971”, то першая спасылка будзе на жахлівую авіякатастрофу ў Перу, што адбылася ў гэты дзень і скаланула шмат каго ў свеце. На борце самалёта, разам з экіпажам, было 92 чалавекі. 91 у выніку загінуў. Выжыла адна. 17-гадовая дзяўчына Джуліяна Кёпке, упаўшы з вышыні трох кіламетраў у трапічны лес, не памерла, а дзевяць дзён змагалася за жыццё, упарта прадзіраючыся праз джунглі, хоць мела пералом і шматлікія раны. Харчавалася толькі цукеркамі, кулёк якіх (запомнім дробны факт) адшукала на борце. Трывала бяссонне і нязносны боль ад ран, у якіх завяліся лічынкі. На дзясяты дзень дзяўчыну знайшлі і ўратавалі. Паводле яе гісторыі быў зняты амерыкана-італьянскі фільм “Цуды яшчэ здараюцца”, а таксама нямецкая дакументальная стужка “Крылы надзеі”. У 2011 г. сама Джуліяна напісала кнігу “Калі я ўпала з неба” (When I Fell From the Sky), кнігу таксама збіраюцца экранізаваць. І назвы твораў гавораць самі за сябе: гераіня зрабіла для свайго ўратавання ўсё, што здолела, але гэтага магло і не хапіць, так што цяжка ўсё патлумачыць толькі зямной логікай.
Другой спасылкай вам пакажуць верш Іосіфа Бродскага “24 снежня 1971 года”.
Не ведаю, паспеў пачуць Бродскі на момант напісання твора гэтую гісторыю ці проста так супала, але Гугл, як мы добра ведаем, бачыць усё – і суседства гэтае здаецца невыпадковым. Гаворка не толькі пра тое, што ў самім Евангеллі цуд суседнічае з трагедыяй, бо наступным дзівам пасля надзвычайных народзінаў было ўратаванне (уцёкі ў Егіпет), калі Ірад учыніў разню немаўлят, – уратаванне сям’і аднаго немаўляці. Не менш важная і сама мастацкая пабудова верша Бродскага, які “трымаецца” на суаднясенні двух планаў: так, каб праз зямное, так бы мовіць, прафаннае – “праглядала” б логіка сакральнага; каб дэталі побыту складаліся ў пэўную метафізіку.
Увогуле Бродскі любіў і ўмеў пісаць калядныя вершы. Напісаў іх больш за дваццаць. Зрабіў гэта добрай традыцыяй у сваёй творчасці. “З той пары, – апавядаў ён, – як я ўзяўся пісаць вершы сур’ёзна – больш ці менш сур’ёзна, – я да кожнага Раства спрабаваў напісаць верш – як віншаванне з днём народзінаў. Некалькі разоў я гэтую магчымасць страціў – змарнаваў: тое ці іншае ўставала ўпоперак дарогі”. Прычым паэт не быў вернікам у нейкім канфесійным сэнсе, з прывязкай да таго ці іншага рэлігійнага календара, але адпаведнай святу датай выбіраў для сябе не 6/7 студзеня, а нязменна 24/25 снежня. На пытанне, чаму, тлумачыў так: “Адказ на гэта вельмі просты. Традыцыя святкавання Божага нараджэння куды больш разгалінаваная і распрацаваная ў рымскай царкве, чымсьці ў праваслаўнай. Так што для мяне няма пытання, “іх” гэта ці “не іх”. Там, дзе ўсё пачалося, з таго ўсё і пачынаецца”.
Урэшце сябры і даследчыкі-чытачы пачалі тэарэтызаваць пра яго “каляндарныя” творы. Так, Пётр Вайль, размаўляючы з паэтам, выказаўся наступным чынам: “Трохі спрашчаючы, можна сказаць, што раней вы пісалі вершы з нагоды Раства, а ў апошнія гады – пра Раство”. Гэтую заканамернасць можна прасачыць і па невялікай падборцы калядных вершаў Бродскага, апублікаваных у беларускіх перакладах у часопісе “ПрайдзіСвет”. Ранні “Калядны раманс” хутчэй напісаны з нагоды. Пазнейшыя “Калядная зорка”, “Уцёкі ў Егіпет” і некаторыя іншыя творы – непасрэдна пра.
Верш, пра які сёння гаворка, можна назваць паваротным, ён як бы стаіць “на стыку”, прычым адразу ў некалькіх сэнсах. Малюючы паўсатырычную-паўгумарыстычную карціну перадсвяточнага побыту перыяду застою, а потым дэкларуючы выхад па-за яго межы, гэты верш – адзін з апошніх перад вымушанай эміграцыяй аўтара – як бы абяцае радыкальныя перамены ў ягоным лёсе. Але яшчэ важнейшая тут сама кампазіцыя твора. Пачынаючыся апісаннем таго, як наведнікі прадмагаў рыхтуюцца да суцэльна с(а)вецкага свята Новага года, верш паступова пашырае нашу перспектыву, паказвае нябесную першааснову нашых мілых, утульных хатніх рытуалаў, “падымае” чытача да цуду Божага нараджэння.
Дэталі жыцця грамадзян СССР пачатку 70-х у вершы рэалістычна пераканаўчыя. Назваць пакупнікоў у чэргах па немудрагелісты дэфіцыт “біблійнымі магамі” можна хіба што іранічна. Сцяжына ў Віфлеем/Бэтлеем надзейна замеценая завірухай. Увасабленне сусветнага зла, цар Ірад, моцна здрабнеў, але й неймаверна размножыўся, зрабіўся будзённай з’явай і назіраецца ў шмат якіх сем’ях – у карцінах (і гуках праз тонкія сценкі!) п’янства ды хатняга гвалту: “Ирод пьет. Бабы прячут ребят”. Што і казаць, гуманітарная катастрофа – і “даскочыць” з такой стартавай пляцоўкі да рэлігійнай метафізікі ніяк не лягчэй, чым уратавацца пасля крушэння самалёта.
Але цуд – цуд геніяльнай паэзіі – вельмі паступова, але і паспяхова гэтую адлегласць пераадольвае. “Кожны сам сабе цар і вярблюд” пакуль не пакідае чалавеку асаблівых шанцаў, але гэтае “цар” вядзе не столькі ў бок “Ірада”, колькі ў бок “Каляднай зоркі” Барыса Пастарнака (“За ними везли на верблюдах дары”), а значыць – і да евангельскіх магаў. Пахі “водки, хвои и трески”, а потым “мандаринов, корицы и яблок” не толькі трапна апісваюць пераднавагоднюю крамную рэальнасць, але і, разбітыя на тройкі згодна з метрыкай трохстопнага анапеста, ствараюць прафанны навагодні эквівалент сакральным “золату, смірне, ладану”. “Сетки, сумки, авоськи, кульки…” – пакуль яшчэ прыземленая дэталь, фрагмент усеагульнай мітусні і “марнай марнасці”, аднак і абгортка – хай сабе сціплых, але дароў. (Адзін такі кулёк цукерак, як мы добра памятаем, уратаваў чалавечае жыццё.)
“Снежная крупа” праз вобраз “нябеснай манны” адсылае не толькі да пустэльні, але і да саракагадовага блукання ў ёй. Яшчэ адзін пастарнакаўскі прыём – “пераключэнне” адным радком з нашай рэальнасці проста ў біблійную і назад: “и костры пастухи разожгли”. (Параўнайце: “…Все злей и свирепей дул ветер из степи… / …Все яблоки, все золотые шары”). З аднаго боку, героі нібыта не бачаць святога і вечнага, але з іншага – само яно выносіцца ў самыя “ўдарныя” месцы тэксту, з усімі кананічнымі атрыбутамі і вялікімі літарамі: “ни животных, ни яслей, ни Той, / над Которою – нимб золотой”.
У сваіх інтэрв’ю ў адказ на пытанне пра веру Бродскі прызнаваўся: “Я той яшчэ хрысціянін”, – і дадаваў, што часам верыць, а часам – не. Разам з тым свята Божага нараджэння для яго так ці іначай – грандыёзная падзея: дзень народзінаў новай эры, сучаснага чалавека з яго цывілізацыяй і культурай, можна сказаць – дзень народзінаў самога чалавецтва і чалавечага ў чалавеку. Таму і ў вершы гаворка не пра хрысціянскае азарэнне і навяртанне яго сціплых герояў, а хутчэй пра іх людскую годнасць: “…Не потребность в звезде / пусть еще, но уж воля благая / в человеках видна издали…”
Разам з тым згаданая вышэй “патрэба ў зорцы” ў самім вершы і яго аўтару настолькі моцная, што ён нават заплюшчвае вочы на не самае мілагучнае месца ў творы (паспрабуйце вымавіць: “потребность в звезде”), перагружанае зычнымі, як магі сваімі дарамі. Калі Бродскага і цікавіць рэлігія, то найперш у сваім першапачатковым, этымалагічным сэнсе: лацінскае religare – ‘звязваць, яднаць’. Таму ў позніх калядных вершах Бродскага столькі пра “сувязь” – зямлі і неба, калыскі і зоркі, Айца і Сына, “далёкага” і “блізкага”, як, скажам, у вершы 1990 года:
Костер полыхал, но полено кончалось;
все спали. Звезда от других отличалась
сильней, чем свеченьем, казавшимся лишним,
способностью дальнего смешивать с ближним.
У разгляданым сёння вершы гэтае “яднанне” праяўляецца спачатку праз зямныя дэталі: “То и празднуют нынче везде, / что Его приближенье, сдвигая / все столы…” “Сдвигая” тут – не толькі прыкмета сучаснай версіфікацыі, прыгожа вынесены ў рыфму анжамбман, але і аналаг лацінскага religare. Адсюль і “яднае ў святое застолле / ўсе сталы” ў беларускім перакладзе. Ідэя збліжэння “далёкага” і “блізкага”, “высокага” і “нізкага” рэалізуецца ў вершы кампазіцыйна і стылістычна якраз-такі праз спалучэнне прафаннага і сакральнага. Калі ў пачатку верша ўсе біблійныя адсылкі выглядаюць пакуль яшчэ сумна-парадыйнай “гульнёй на паніжэнне”, то ў канцы, наадварот, ледзь не паводле законаў рамантычнага двухсвецця, высокі ярус “каляднай батлейкі” як бы вырастае, надбудоўваецца над ніжэйшым:
Пустота. Но при мысли о ней
видишь вдруг как бы свет ниоткуда.
Знал бы Ирод, что чем он сильней,
тем верней, неизбежнее чудо.
Постоянство такого родства –
основной механизм Рождества.
Як пачуццё смагі ў нас ёсць свайго роду доказам існавання крыніцы, з якой можна напіцца, так і адчайная патрэба ў святле (“потребность в звезде”) даводзіць яго існаванне як бы ад супраціўнага. З гэтых радкоў чытач верша гатовы да яго дзівоснага фіналу: да моманту чалавечага позірку ў неба, так бы мовіць, усталявання “сувязі” з зоркай. Гэтае формульнае “смотришь в небо и видишь – звезда”. (Што ў беларускім перакладзе трохі змяняецца, але не перастае гучаць, як формула: “Бачыш зорку і кажаш: Раство”.) Як той казаў, цуды яшчэ здараюцца.
24 снежня 1971 года
V. S.
У Раство, хоць не ўзносім хвалы,
ўсе мы трохі біблійныя магі:
дзеля каўнай бляшанкі халвы
у аблозе трымае прадмагі
плоймай скруткаў нагружаны люд –
кожны сам сабе цар і вярблюд.
Сумкі, торбы, авоські, кулькі,
і гамонка не знае ўгамону;
водар елкі, гарэлкі, траскі,
мандарынаў, хурмы, цынамону;
ды шукаць паміж трактаў дарма
Віфлеемскі, і зоркі няма.
І нашэннікаў сціплых дароў
перапоўнены транспарт хістае
і выплёўвае ў зеўры двароў,
хоць вядома: пячора пустая –
ні жывёлы, ні ясляў, ні Той,
што ў кароне святла залатой.
Пустата. Ды ўспамін пра яе –
як святло, што ліецца знікуды.
Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе,
тым няўхільней калядныя цуды.
Непарыўнасць пасеву й жніва –
падставовая схема Раства.
Цуд бліжэе і ўсюды жыве,
і яднае ў святое застолле
ўсе сталы. Не патрэба ў Растве
хай яшчэ, але добрая воля
ў чалавеках відаць праз грахі.
І не спяць ля агню пастухі.
Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў.
Трубы-коміны трубяць дачасна.
Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў.
Хто прыйсціме – нікому не ясна.
Мы не ведаем часу й прыкмет.
Ці ж паверыць у прыхадня свет?
Ды калі на дзвярным скавышы
яна выйдзе з туману густога,
у хусціне, нібыта на мшы, –
і Дзіцяці, і Духу Святога
пазнаеш у сабе хараство.
Бачыш зорку і кажаш: Раство.
Пераклала з рускай Марыя Мартысевіч
Андрэй Хадановіч