Верш тыдня: Вера Бурлак “Без святла”

Паэт Андрэй Хадановіч  у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.org распавядае пра Веру Бурлак.

Даўным-даўно, калі ў Горадзе СОНца яшчэ працавалі ўсе фабрыкі, так што хіпстарам не было дзе арганізоўваць лофты, таму і хіпстараў яшчэ не было, а іншы культурны народ з гора хадзіў у дамы культуры, у адным такім доме, на нейкай з фабрычных вуліц – здаецца, Фабрыцыуса, – ладзіўся фэст. Ветэраны Бум-Бам-Літу ды іх сябры-аднадумцы стаялі на вушах, метадычна развальваючы той ДК музычным і паэтычным авангардам. У нейкі момант у гаспадароў (цалкам іх разумею) здалі нервы – і яны вырубілі святло ды гук. І ўсё б скончылася сумна, каб не адна ўдзельніца, што ўзляцела на сцэну і стала чытаць ды спяваць, і голас яе накрыў усю тую залю на некалькі соцень пустых і занятых месцаў. Гучала, здаецца, такое:

Я штатная Муза Саюза пісьменнікаў.

Назоўнікаў ведаю шмат і займеннікаў…

Я сэрцы мільёнаў ціхутка памацаю

І з іх павыцягваю ўсю інфармацыю,

Каб гутарку весці з народам карысную

Пра існае ў свеце або пра няіснае.

Мікрафоны былі непатрэбныя, як, дарэчы, і асвятленне, бо мімавольная хэдлайнерка фэсту аж свяцілася знутры, давала чаду і, мабыць, такі разваліла гэты ДК – прынамсі, я больш нічога пра яго не чуў. Затое пра Веру Бурлак (а гэта была яна) чую шмат і заўжды радуюся пачутаму.

Бурапеннаму літаратурнаму юнацтву пісьменніцы шмат хто пазайздросціў бы. Некалі аўтар гэтых словаў пісаў, што Вера Бурлак, яна ж Вера Жыбуль, яна ж Джэці, яна ж Зіга Зюзінскі (спіс далёка не поўны), магла б паспяхова працаваць на ўсе сакрэтныя выведкі ўсіх краінаў адначасова. Бо невычарпальнай энергіі гэтай Маты Хары хапіла б на некалькі паралельных жыццяў – і яшчэ б на мемуары засталося. Бо яна ўдосталь мае самых розных іпастасяў ды іміджаў, паэтычных масак, а па-выведніцку кажучы – легендаў. Легендаў і міфаў сучаснай беларускай літаратуры.


Падтрымайце выданне:  Вера Бурлак выдае кнігу дзіцячых чытанак-вершаванак


Бо гэта яна – на пачатку ХХІ ст.! – вярнулася да традыцый самвыдату, займаючыся самаробным часопісам “Вясковыя могілкі”. Дала нырца ў літаратурную містыфікацыю, будучы сярод тых, хто прыдумаў асобу скандальнага Васіля Фірхольда (неафіты, Гугл у дапамогу!). Іранічна зрэагавала на пафасны праект “Верш на Свабоду”, стварыўшы найперш інтэрнэт-форум, а пасля й хуліганскую брашуру “Верш на какашкі”. Арганізавала музычны гурт з не самай цнатлівай, як на нашыя шыроты, назвай, прычым спявалі ў ім (і не абы-як!) паэты, якіх у апошнюю чаргу падазраваў бы ў такой здольнасці. Была заўважаная не ў адным паэтычным перформансе, напрыклад, цалавалася ў цэлафанавым пакеце, (анты)рэкламуючы бяспечнае каханне. Урэшце, ператварыла ў яскравы мастацкі перформанс уласнае вяселле. У большасці яе праектаў, уключна з вяселлем, браў актыўны ўдзел і паэт Віктар Жыбуль.

Далёка не найгоршы з іх – бліскучая сумесная кніжка Веры і Віктара “Забі ў сабе Сакрата” (2008 г.), дзе ёсць і цытаваныя вышэй радкі пра музу. Кніга змяшчае ў сабе найбольш лаканічнае, мінімалістычнае з напісанага аўтарамі. Вершаваны ўдзел Веры Бурлак у ёй – ад самых рафінаваных літаратурных парафраз (“Арцюр Рэмбо нацягнуў між дахаў вяроўкі, / Між зор нацягнуў жалезныя тросы, / Я прыйшла і скрала ўсё гэта. / І вось я танчу”.) да самых дэмакратычных тэкстаў на мяжы з фальклорнымі страшылкамі (“Трамвай спыніўся на павароце. / Павыбівала ўсе зубы ў роце”.). Ёсць сярод іх шэдэўры абсурду, але малююць яны не ўмоўна-літаратурную рэальнасць, а досыць пазнавальную карціну, краіну ды эпоху, у якіх нам пашчасціла нарадзіцца і жыць. Як у вершыку “Кім быць?”:

– Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш? –
Спыталі ў маленькага Толі.
– Я ніколі не вырасту.
У нас занізкія столі.

Або, з трохі ранейшых вершаў, – чым не формула славутай беларускай памяркоўнасці:

Прывязалі мне руку да нагі,

Але вельмі добрыя людзі.

Не каб нехта благі!

А ад добрых – няхай ужо будзе!

Магчыма, Вера Бурлак – самая літаратурацэнтрычная аўтарка ва ўсёй беларускай паэзіі. Ладныя дзве траціны яе тэкстаў моцна запараныя на творах папярэднікаў (магчыма, што трэцяя траціна – таксама, толькі я чагосьці не заўважыў). Ужо з першага радка чытач распазнае цытаты, якіх літаратарка і не хавала – хутчэй наадварот. Прычым цытуецца звычайна ўсё, што кепска ляжыць, без снабісцкага падзелу на “высокае” і “нізкае”. “Пад крылом самалёта…” – пачынаецца кніга вершаў “Дзеці і здані”. А першы твор дэбютнай кніжкі “За здаровы лад жыцця” – мінімалістычная п’еса “Размова з фінінспектарам пра паэзію”, дзе так напраўду Багдановіча яшчэ больш, чым “задэклараванага” ў назве Маякоўскага:

Ў краіне светлай, дзе ты ўміраеш,

Я кнігу маю, а ты не маеш. –

задаволена прамаўляе Паэт, седзячы на ложку смяротна хворага Фінінспектара, а той, паміраючы, сумна адказвае:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

Ты кнігу маеш, а я не маю.

Дзве фінальныя рэмаркі: “Фінінспектар памірае. Паэт мае кнігу”. Кансерватыўнага чытача можа абразіць такая вольнасць у абыходжанні з класікай, але грэх не пагадзіцца: і ў культуры, і ў самім жыцці столькі сюжэтаў, дзе ідэаліст цярпіць крах, а прагматык святкуе перамогу, што рэдкае выключэнне з гэтага правіла прыносіць сякую-такую сатысфакцыю. Зрэшты, самыя чуллівыя чытачы пашкадуюць памерлага, і гэта таксама будзе эстэтычнай перамогай: трэба яшчэ ўмець выклікаць спачуванне да падатковага інспектара!

Найлепшыя вершы Веры Бурлак шчасліва сумяшчаюць гэтыя дзве, здавалася б, супрацьлеглыя рысы: “кастальскую” культурацэнтрычнасць – і здольнасць змяшчаць самую актуальную для сённяшняга грамадства праблематыку. Як ва ўжо знакамітым творы “Верш пра шыбеніцу”:

У двары на вуліцы Каліноўскага
Для дзяцей паставілі шыбеніцу,
Якую спісалі з турмы,
Бо яна састарэла маральна.

Цытатнасць верша ляжыць на паверхні. Але яшчэ цікавейшая яго злабадзённасць і, як вынік, шырокая запатрабаванасць. Досыць згадаць, што верш актыўна выкарыстоўваўся ў кампаніі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Сярод зробленага Верай, апроч “папяровых” паэтычных кніг, ёсць зборнік кароткай прозы “Творы соннага жанру” (дарэчы, прызёр прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча), ёсць аўдыёкніга “Phantom Of The Literature” (з файнай аранжыроўкай Дзмітрыя Дзмітрыева), ёсць напісаныя (і нават пастаўленыя) п’есы, ёсць і выдатны пераклад геніяльнай літаратурнай казкі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”. Шэдэўр ангельскага нонсэнсу, парадаксальны і аднолькава цікавы як дзіцячай, так і дарослай аўдыторыі. Перасыпаны цытатамі й гульнёй словаў. З тонкім гумарам і ўключэннем проста фантастычных вершаў, не ўсе з якіх напісаныя правільнай мовай. Шмат словаў проста прыдуманыя аўтарам, ды так, што расшыфраваць іх можа хіба што Жаўтун-Баўтун… ды яшчэ найлепшыя перакладчыкі Кэрала на свае мовы, да якіх належыць і Вера Бурлак. Мяркуйце самі:

Брылела… Слюткія джгуркі
Лацверна свердзілі ў наллі.
Мурнелі ў мэмзе бабукі
І снінкі-хатылі.

“Бяжы ад Мармазяўра, сын:
Кіпцісты ён, ікласты ён!
Ён горш, чым птах Дзюбдзюб і чым
Жахматы Гамазон!”

Але ў руцэ ўжо двостры меч
На вусціш ворагу звінеў.
Герой пад дрэвам Думдум прэч
Адкінуў сум і неў.

Ёсць у нашай аўтаркі і кніга сур’ёзных філалагічных даследаванняў дзіцячай літаратуры. Бо Вера Бурлак (ці правільней – Вера Жыбуль) выкладае літаратуру на філфаку БДУ, і дзіцячая паэзія – яе галоўная навуковая тэма. Каму лянота чытаць вялікую манаграфію, той можа паглядзець і паслухаць падрыхтаваную “Bybooks” міні-лекцыю, дзе Вера за некалькі хвілін агучвае свае патрабаванні да добрай дзіцячай кнігі і яе аўтара:

Нескладана заўважыць, што кожнаму такому абстрактнаму патрабаванню да добрага аўтара адпавядае і цалкам канкрэтная пісьменніца Вера Бурлак. І толькі пытаннем часу было яе ператварэнне ў не абы-якую “дзіцячую” паэтку.

Што наагул трэба, каб літаратар пачаў пісаць для дзяцей? Ёсць (збольшага слушны) стэрэатып, што спачатку з’яўляецца дзіця, а потым ужо яму “расказваецца” будучая кніжка. Але не кожны (нават добры!) апавядальнік – Льюіс Кэрал ці Оскар Ўайлд. Хтось можа апавесці перад сном файную гісторыю, але не звяжа з гэтага двух пісьмовых літаратурных сказаў. Колькі літаратараў-бацькоў так нічога й не напісалі для сваіх нашчадкаў. А колькіх (зусім ужо кашмар) іх цудоўныя і таленавітыя дзеткі натхнілі на глыбока бяздарныя опусы! А былі яшчэ бяздзетныя аўтары, больш за тое – такія, што цярпець не маглі дзяцей, – і гэта не замінала ім ствараць шэдэўры для хлопчыкаў і дзяўчатак.

Яшчэ кажуць, што ў часы крызісу для нацыянальнай культуры, калі само існаванне тваёй мовы пад пагрозай, найважнейшае – гэта выхоўваць маленькіх чытачоў і чытачак. І ўжо кожны таваразнаўца ў кнігарні дадасць, што дзіцячае купляюць часцей і для дзетак не шкада, нават калі бывае шкада сабе самому. Таксама збольшага слушна, але ніхто не гарантуе, што такі попыт народзіць геніяльную прапанову.

Мабыць, ад самага пачатку штось мусіць быць “не так” у гэтым вонкава “дарослым” аўтары. Штось непапраўна-інфантыльнае, што ў іншых дзетак з узростам мінае, а з ім (з ёй!) застацца назаўсёды. Нейкая іншая оптыка ў бачанні. Нейкі максімалізм. Так, іншыя дарослыя ведаюць, што дабро і зло – паняцці адносныя, а яму (ёй!) нехта забыў пра гэта расказаць. Нейкі іншы градус цікавасці да навакольнага свету. Разуменне, што ўсе правілы і абмежаванні так ці інакш прыдуманыя дарослымі і існуюць толькі ў іхнім трохмерным свеце. Дзе палка мае толькі два канцы, а медаль – толькі два бакі. А вось у дзіцячым паэтычным свеце Веры Бурлак усё нашмат складаней і цікавей. Так, засынаючы, можна пакласціся на бачок ці перавярнуцца на другі, але гэта толькі пачатак. А далей здарыцца такое, што шэранькі ваўчок можа быць у шоку:

Пакладземся, дзеці,
На бачок на трэці.
Трэці ўжо нацёрты?
Тады на чацвёрты!
Ці пап’ем гарбаты –
І гайда на пяты!
Коцік даўгахвосты
Кажа:
– І на шосты.
За акенцам бомы
Бомкаюць:
– На сёмы!

Кніга падрыхтаваных Верай дзіцячых вершаў называецца “Фантазюркі” і ўключае трыццаць твораў, віртуозна напісаных і самых разнастайных паводле тэмаў. Пра сям’ю і родны горад, пра свет жывёл і свет машын (чаго вартыя хаця б пра трамваі і тралейбусы), пра фантастычныя прыгоды росту й першаадкрывальніцкія радасці пазнання свету й самапазнання. І ў кожным з іх шмат чаго адбываецца, як і належыць добрай дзіцячай літаратуры. І ў кожным з іх шмат любові да жыцця, шмат дабрыні й святла. Нават калі здараецца аварыя і святло адключаюць, яшчэ не бяды. Бо мы памятаем, што наша паэтка добра заўважная і ў цемры, а таксама не патрабуе мікрафона, каб быць пачутай.



 

БЕЗ СВЯТЛА

На лініі недзе аварыя,
Таму сядзім без святла.
Не бачу, дзе мая мама:
Напэўна, кудысьці сышла.
Сусед наш – прафесар стары –
Шукае свае акуляры.
Навошта яму акуляры?
Шукаў бы лепш ліхтары!
Усе на ўсё натыркаюцца.
Усе аб усё спатыкаюцца.
І потым з падлогі
Чуваць дыялогі:
– Што гэта?
– Ногі.
– А гэта?
– Таксама ногі.
– Твае?
– Не мае.
– А чые?
– Нічые.
– А можа, мы васьміногі?
А я, раз такое здарэнне,
Сцягнуў у бабулі варэнне,
Ды дзіўнае вельмі на смак.
І пахне неяк не так.
Што ў слоіку тым было?
Хутчэй бы далі святло!



 

Андрэй Хадановіч