Што такое “верталёт”? Вы скажаце, гэта лётны апарат, які робіць узлёт і пасадку вертыкальна і можа завісаць у паветры. Так. Але ў часткі “творчай інтэлігенцыі” горада Магілёва пры згадванні гэтага слова ўзнікнуць іншыя асацыяцыі, адчуванне дэжавю і настальгічная ўсмешка.
Першы палёт
“Верталёт” — гэта назва студыі аўтарскай песні, літаратурнага клуба, суполкі маладых пісьменнікаў, гуртка па інтарэсах, творчага аб’яднання — дакладна вызначыць складана. Заснаваны “Верталёт” быў Цімафеем Яравіковым (гурт “Сердце дурака”) на факультэце дадатковых прафесій МДУ імя А. Куляшова. Назву прапанаваў малады магілёўскі літаратар Юлій Іллюшчанка.
— Цягам многіх гадоў, — згадвае музыка Саша Мельнікаў, — пад свае “крылы” клуб збіраў творчых і проста цікавых людзей. Маладым паэтам і музыкам давалася магчымасць пазнаёміцца з больш дасведчанымі аўтарамі, павучыцца ў іх ды атрымаць крытыку. Апроч таго, была магчымасць трапіць на “вялікую сцэну”: справаздачныя канцэрты клуба, фестывалі маладых паэтаў, акустычныя вечарыны. У сваіх сценах “Верталёт” прымаў цэлую плеяду таленавітых паэтаў і музыкаў — сярод іх літаратары Віталь Рыжкоў і Дзяніс Буркоўскі, музыкі Жэня Сысоеў (“BEZ.NOT”), Мікіта Емяльянаў (“Калачиком рядом”), Цімафей Яравікоў (“Сердце дурака”), Алёна Каўкова (“Обояние невовлеченности”), Віталь Касабуцкі (“Молодость”), Арцём Іваноў і многія іншыя.
На фота: Цімафей Яравікоў, Іна Мельнікава, Вольга Касабуцкая, Юлій Іллюшчанка, Дзяніс Буркоўскі
Тым, хто збіраўся на паседжанні, хацелася неафіцыйных стасункаў. Так “Верталёт” зрабіўся “лабараторыяй” для розных аўтараў, бо выявілася, што іх у Магілёве нямала. Таму суполка, якая пры стварэнні прадугледжвала пэўны навучальны працэс, на справе зрабілася шматгадовым рухам. Прыходзіла моладзь, і “Верталёт” паступова ператварыўся ў пляцоўку для сустрэч сучасных аўтараў.
— Наогул, па сумленні, я мусіў курс лекцый чытаць штогод, — дзеліцца ўспамінамі Цімафей Яравікоў, кіраўнік клуба. — Задумвалася, што будуць прыходзіць новыя людзі, а тыя, хто адвучыўся, — дыплом у зубы і пакуль. І што б гэта тады было?
Чым займаліся “цікавыя людзі” ў гэтым клубе?
“15-хвілінкі”. Пад гэтай назвай хаваецца невялікае паэтычнае спаборніцтва, кожны з удзельнікаў якога, мусіў напісаць верш за колькі хвілін. Тэма абіралася адвольна: вершаваны памер, карціна, паштоўка, нават проста выпадковае слова — абмежаванняў не было, і ўсе ўдзельнікі пісалі свае вершы.
Цімафей Яравікоў: 15-хвілінкі — выдатны трэнінг для мазгоў, і цікавыя яны перш за ўсё тым, як незвычайна можна паднесці, на першы погляд, звычайную тэму.
Віталь Рыжкоў: Калі хтось падумае, што галоўнае тут — уменне хутка падбіраць рыфмы і закручваць радкі, дык не, як на мяне, галоўным тут было ўлічваць, што вось у гэты момант 15 чалавек побач з табой пішуць на тую ж тэму, што і ты. А хіба сапраўдны ты творца, калі падыходзіш да тэмы гэтак жа, як хтосьці яшчэ? Не, вядома. Таму асноўная задача “15-хвілінкі” — паспець прыдумаць арыгінальнае вырашэнне прапанаванай тэмы. Часам заўважаю, што сённяшнія маладыя літаратары падыходзяць да напісання вершаў па прынцыпе школьнага сачынення — з імкненнем падладзіцца пад сярэднестатыстычны густ, нібы хочуць атрымаць добрую ацэнку ў дзённік, і папросту крывяць душой, не шукаючы ані ўласнага меркавання, ані цікавага спосабу выказаць думку. Мне здаецца, “пятнаццаціхвілінкі” дапамаглі б пазбавіцца шкалярства ў творчасці.
Наступным вынаходніцтвам “верталётчыкаў” была гульня “Суд”. Асноўная задача гульні — разбор твора “падсуднага”, спроба даць ацэнку твору, і не толькі станоўчую. Для абароны абіраўся “адвакат”, для абвінавачвання — “пракурор”, астатнія прысутныя аўтаматычна рабіліся “судом прысяжных”, які і выносіў канчатковы прысуд.
Віталь Рыжкоў: Варта адзначыць, што тады амаль ні ў кога з нас не было аб’ектыўных крытэраў (хаця якая ў творчасці аб’ектыўнасць?) ацэнкі чужога твора; усё ацэньвалася паводле цьмянага разумення таго, што падабаецца/не падабаецца, што добрае/кепскае. І тут на дапамогу прыйшла ідэя гэтай гульні ў дэбаты вакол твора аднаго з нас (заадно чалавек мог пачуць пра ўласны твор розныя меркаванні); незалежна ад таго, падабаўся альбо не твор, ты мог аказацца абвінаваўцам альбо адвакатам і вучыўся шукаць перавагі і ўдалыя моманты ў чужым тэксце, альбо наадварот — недахопы, недапрацоўкі, правалы. Па мяне, такая ўцягнутасць — хай сабе і ў форме гульні ў добрых і злых крытыкаў — нашмат цікавейшая за ветлівае слуханне чарговага хлопчыка, які “піша даволі даўно, ужо тры месяцы, і што сказаць пра сябе, не ведае, таму найлепшым чынам пра яго раскажуць яго вершы”.
Але асноўны час паседжанняў “Верталёта” займалі дыскусіі на розныя тэмы (“Што такое песня?”, “Месца лаянкі ў паэзіі” і да т.п.), са спробай разам адшукаць ісціну і, вядома, падзяліцца ведамі ў розных галінах творчасці. У такіх варунках выпрацоўваўся паэтычны, літаратурны густ.
На фота: Юлій Іллюшчанка, Мікіта Емельянаў, Аляксандр Мельнікаў, Цімафей Яравікоў, Алена Лаўрэнава
Час ад часу прыходзілі спецыяльныя госці, якія спявалі, чыталі, праводзілі майстар-класы. Уласныя аўтары мацнелі, неўзабаве такім “госцем” мог стаць паэт Віталь Рыжкоў, музыка Мікіта Емяльянаў ці сам Цімафей Яравікоў. У такія моманты паседжанні клуба ператвараліся ў творчыя вечарыны.
З дапамогай творчага аб’яднання ладзіліся дабрачынныя канцэрты (“Белые крылья” — для магілёўскага дзіцячага хоспіса). І, канечне, неад’емнымі на працягу ўсяго перыяду існавання клуба былі выступы маладых аўтараў.
— Асабіста для мяне ва ўсім гэтым галоўным быў момант літаратурнай вучобы, магчымасць практыкавацца, — прызнаецца Віталь Рыжкоў.
— Але людзі на “іншай хвалі” там усё ж не прыжываліся, — адзначае Саша Мельнікаў.
На фота: Юлій Іллюшчанка, Віталь Рыжкоў, Алена Лаўрэнава, Яўген Сысоеў
Чаму ўсё скончылася?
Нават самыя добрыя рэчы маюць сваё завяршэнне. Нягледзячы на тое, што ўніверсітэт сам прапанаваў ідэю курсаў, “Верталёт” быў вымушаны спыніць сваё існаванне ў дадзеным фармаце. Фармальнай прычынай стаўся недахоп сродкаў (хаця Яравікоў быў гатовы працаваць і без грошай).
Пазней рабіліся спробы адрадзіць “Верталёт” у іншым месцы, але пасля некалькіх сустрэч зрабілася відавочна, што такое ўтварэнне — найперш “каляўніверсітэтскае”. Ні ў кавярні, ні ў прыватным офісе, ні ў тэатры лялек нічога не атрымалася. Бракавала менавіта “ўніверсітэцкага духу”.
P.S. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу былыя ўдзельнікі, сустрэўшыся, паддаліся эмоцыям і ўрачыста паабяцалі аднавіць намаганні па ўзнаўленні дзейнасці клуба. А ўсім, хто піша вершы “ў шуфляду”, пажадалі нічога не баяцца, не марнаваць час, а хутчэй гуртавацца і запускаць у нябёсы свае ўласныя верталёты.
Арцём Іваноў