За 30 кіламетраў ад Пінска, на паўночна-заходнім напрамку, размясцілася вёска Парэчча, якая хутка адзначыць 530-годдзе, піша Media-Polesye.com.
За пяць стагоддзяў паселішча перажыло ўзлёты і падзенні, з ім звязаны імёны выдатных асобаў, час пакінуў багатую гісторыка-культурную спадчыну, таму сёння Парэчча ўяўляе сабой цікавы турыстычны аб’ект.
Калі рухацца з боку Пінска, то патрапіць у Парэчча можна па аўтадарозе Івацэвічы-Пінск-Столін, павярнуўшы налева, не даязджаючы маста праз раку. У тутэйшых мясцінах берагі левага прытоку Прыпяці, якім з’яўляецца Ясельда, захоўваюць магічны арэол, адчуваецца пульс палескай зямлі. Ясельда, нібы вена, праймае пінскія балоты.
Не дзіўна, што тут падоўгу любілі адасабляцца выбітны беларускі палітычны дзеяч Раман Скірмунт і вядомая беларуская паэтка сучаснасці Яўгенія Янішчыц. Гэта іх родныя абшары, якімі захапляліся і ўзбагацілі сваім жыццём.
Парэчча без Скірмунтаў не Парэчча
Вядома, першыя згадкі аб паселішчы далёка не звязаныя з родам Скірмунтаў, але менавіта гэтае прозвішча стане ключавым у гісторыі вёскі. У 1495 годзе пінская князёўна Марыя дае два дворышчы Мацвею Грычыне — гэта першае пісьмовая згадка пра Парэчча. Паселішчам валодалі то адразу некалькі гаспадароў, то Агінскія. Слаўны выхадзец роду, аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхаіл Клеафас Агінскі прадае Моладава і Парэчча Шымону Скірмунту, правадыру дваранства Брэсцкага ваяводства, дэпутату Сейма. Новы гаспадар больш удзяліў увагу Моладаву, дзе пабудаваў невялікі палац і шэраг сельгаспабудоў.
Ужо яго сын, Аляксандр Шыманавіч запусціў цукрова-рафінадны завод, які адпрацаваў без малога два дзесяцігоддзі. Адкрыў у Парэччы тэкстыльную мануфактуру — мадэрнізаваны суконны завод. Вытворчасць прынясе не толькі прыбытак, але і міжнароднае прызнанне. У 1865 годзе вялікі срэбны медаль на выставе ў Маскве, у 1867 годзе пахвальны ліст на выставе мануфактур у Парыжы.
Пасля смерці Аляксандра Шыманавіча, яго справу ў Парэччы працягнуў сын Аляксандр Аляксандравіч. Апроч вытворчасці, ён зацікавіўся палітыкай, і род Скірмунтаў, апроч землеўладальнікаў і прамыслоўцаў, папоўніўся дзяржаўнікамі.
У 1873 годзе на Сусветнай выставе ў Вене парэчанская суконная фабрыка атрымала медаль за заслугі, у 1878 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы фабрыка ўзнагароджана срэбным медалём, а ў 1882 годзе на маскоўскай выставе — залатым.
Развіваючы прамысловасць і папаўняючы капіталы, Скірмунты не забывалі пра сялян. Асабліва Аляксандр Скірмунт і Раман Скірмунт лічыліся на роўных са сваімі рабочымі.
На вытворчасці былі створаны ўсе неабходныя па тых часах умовы. Самае галоўнае пытанне, якое праходзіць праз стагоддзі, — жыллёвае. Пры фабрыцы пабудавана 4 дамы на 90 кватэр і 4 інтэрнаты для несямейных. Аплочвалася харчаванне, арэнда жылля, паслугі доктара і ўтрыманне бальніцы на 12 койка-месцаў. Для дзяцей працоўных дзейнічала бясплатнае вучылішча, дзе навучалі грамаце і ткацтву.
Лепшыя работнікі накіроўваліся на семінары і курсы як унутры краіны, так і за мяжу. Добра працаваў кар’ерны ліфт. Просты селянін дасягаў кіруючых пасад на фабрыках, а таксама меў шанец узначаліць вытворчасць, быць адміністратарам або дырэктарам.
Раман Скірмунт арганізаваў у Парэччы аўтобусны рэйс, пачаў праводзіць сельскагаспадарчыя кірмашы для заахвочвання сялян. Выдаваўся будаўнічы матэрыял для жытла, аказвалася дапамога пацярпелым у выніку пажару ці іншага бедства. У 1930-я гады сяло налічвала 298 двароў з амаль тысячай жыхароў.
Заняпад Скірмунтаўскай Парэчча прыйшоўся на Другую Сусветную вайну. Нажаль, да нашых дзён ацалела толькі малая частка ад прамысловага рая ў глыбінцы Палесся.
Рэлігійнае жыццё. Раман Скірмунт: не мяняй кашулю, дадзеную пры нараджэнні!
У 1866 годзе ў Парэччы пабудавалі драўляную царкву з адным купалам. Праз 40 гадоў, у выніку пажару, святыня была страчана. Тады па рашэнні Рамана Скірмунта распачата ўзвядзенне каталіцкага касцёла Сэрца Езуса, які не захаваўся, і праваслаўнага храма Раства Багародзіцы. Дарэчы, у царкву быў перанесены мясцовашанаваны абраз Прасвятой Багародзіцы. У 1872 годзе абраз абнавілі, аб чым зрабілі надпіс побач з якім малітва: «Уладарка і Маці Збавіцеля, прымі маленьні нявартых раб тваіх». Існуе паданне, што святыню перадаў у тутэйшыя мясціны сам свяціцель, мітрапаліт Дзмітрый Растоўскі.
Не менш цікавая рэальная гісторыя, якую доўга перагаворвалі ў вёсцы. Аднойчы да Рамана Скірмунта падышоў работнік: «Я зараз, як Вы!». Скірмунт пацікавіўся, у якім сэнсе, суразмоўца працягнуў: «Звярнуўся ў каталіцкую веру!», працоўны свяціўся ад шчасця. Раман Аляксандравіч змяніўся ў твары і пры ўсіх адчытаў нядбайнага работніка: «Ніколі не мяняй кашулю, дадзеную пры нараджэнні!». Кажуць, потым «гарачым» слоўцам прыклаў адступніка роднай веры, што той проста ўцёк прэч з вачэй.
Усё гэта лішняе сведчанне таго, што каталікі і праваслаўныя здаўна мірна суіснавалі на Пінскім Палессі. Канешне, былі канфліктныя моманты, але не больш, чым унутраныя разборкі, што ў праваслаўнай царкве, што ў каталіцкім касцёле. Касцёл Сэрца Езуса ў Парэччы не ацалеў, затое захаваўся храм Раства Багародзіцы.
Парэчанскі парк. Раман Скірмунт стварыў помнік прыроды, дзе і пахаваны
Парк плошчай 60 га фарміраваўся ў ХІХ-ХХ стагоддзях, але менавіта Раман Скірмунт завяршыў работу над комплексам. Ён асабіста завязе рэдкія віды дрэў і кустоў са Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады і Заходняй Еўропы.
Ад сядзібнага дома (не захаваўся) да Ясельды выходзілі некалькі алей, акружаў сад (не захаваўся). У цэнтры самога парка знаходзілася паляна з двума валунамі, акружанымі дубамі. У розныя бакі разыходзілася 5 дарожак, па баках у равах бегла вада. У парку стаялі альтанкі. Можна было прысесці на мармуровыя лавачкі, якія былі раскіданыя па комплексе. Расло 6 цюльпаннавых дрэваў, засталося адно. Парк з’яўляецца помнікам прыроды і садова-паркавай архітэктуры.
На ўскрайку парка, бліжэй да ўваходу ў дзіцячы лагер, знаходзіцца магіла Рамана Скірмунта. Нягледзячы на ўсе заслугі і любоў да вяскоўцаў, знайшліся тры парэчанцы, якія ў 1939 годзе, з прыходам бальшавікоў, расстралялі 71-гадовага землеўладальніка, дзяржаўнага дзеяча Польшчы і Беларусі.
Забілі Рамана Аляксандравіча ў лесе, пад пагрозай смерці, удзячныя сяляне перанеслі яго цела і пахавалі ў парку. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што кара Божая напаткала «чортавую тройцу» парэчанцаў, якія пазбавілі жыцця Скірмунта. Усе яны памерлі ў пакутах ад учыненай імі дзеі, адплата за грэх перайшла і на дзяцей. Толькі адна з трох сем’яў, чые продкі маюць дачыненне да гэтага граху, не раскаялася.
Народны музей паэткі. Яўгенія Янішчыц ластаўкай узляцела над Ясельдай
Нягледзячы на тое, што Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў вёсцы Рудка, яе раннія гады цесна звязаны з Парэччам — тут была сярэдняя школа. Апроч гэтага, вучачыся ў парачанскай школе, яна напісала верш, які апублікавала раённая газета «Палеская праўда». Пакінула родныя краі Яўгенія Іосіфаўна ў 1966 годзе, калі паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Неўзабаве пачалася імклівая творчая і грамадская кар’ера, але пра палескі куток, Ясельду, паэтка ніколі не забывалася. Яе жыццё трагічна абарвалася ў Мінску на самым узлёце...
Удзячныя землякі заснавалі музей у будынку парэчанскай школы. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 21 лістапада 1998 года ў гонар 50-годдзя Яўгеніі Янішчыц. Тут можна ўбачыць асабістыя рэчы паэткі, фатаграфіі, лісты, узнагароды.
Званне «Народны» музей атрымаў у 2013 годзе. За 15 гадоў існавання, установу наведала больш за 14 тысяч наведвальнікаў, не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Галандыі, Германіі, Даніі. Творчасць Янішчыц працягвае жыць і дае новыя выклікі, застаецца актуальнай і з-за гэтага попыт не згасае.
Чытайце яшчэ:
Як Скірмунты ў 1907 годзе плянавалі адрадзіць ВКЛ з трыма сталіцамі
«Чорны чалавек» Яўгеніі Янішчыц. Сёння беларускай паэтцы магло б споўніцца 75