Наперадзе вялікія выходныя, і мы зрабілі падборку цікавых мерапрыемстваў, якія на нашу думку, варта наведаць!
Флагман беларускай метал-сцэны, легендарны гомельскі гурт «Gods Tower», адсвяткуе сваё 30-годдзе вялікім сольным канцэртам у сталічным клубе «Re:public». Пачатак а 19-й. Квіткі ад 30 рублёў!
На галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра адбудзецца паказ спектаклю «Дзве душы» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Упершыню ў Беларусі спектакль будзе транслявацца ў прамым эфіры на ўсю краіну. Цяпер можна не ехаць у Мінск, а проста зарэгістравацца на відэасервісе VOKA. Пачатак а 19-й!
У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна а 14-й гадзіне адбудзецца адкрыццё помніка выбітнаму беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу. Імпрэза будзе адбывацца ў межах дня пасёлка, а грошы на бюст былі сабраныя праз краўдфаўдынг. Трапіць на адкрыццё можна будзе на адмыслова арганізаваным транспарце – запісвайцеся па нумары +375445326482.
У межах курсаў «Мова Нанова Дзеткам" адбудзецца сустрэча з Алегам Грушэцкім, аўтарам кнігі «Краіна Вымярэнія». У ёй у займальнай і даступнай форме дзеткам распавядаецца пра адзінкі вымярэння. Алег Грушэцкі быў у свой час кіраўніком першага скаўцкага вучнёўскага звязу ў адноўленым у 1989 годзе Аб'яднанні беларускіх скаўтаў. Кавярня «Грай», пачатак а 12-й. Уваход вольны!
Болей цікавых мерапрыемстваў, якія адбываюцца кожны дзень, шукайце ў нашай афішы.