У Польшчы каталіцкія набажэнствы па-беларуску цяпер адбываюцца ў васьмі гарадах, а ў Беларусі даўно сталі звычайнай справай. Але больш за 100 гадоў таму беларуская мова ў касцёле была рэдкасцю. Першым біскупам, які загадаў яе ўжываць, быў Эдвард Роп. MOST наведаў яго магілу ў Беластоку і сабраў звесткі пра гэтага чалавека.

Эдвард Роп. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку, у якім пахаваны арцыбіскуп Эдвард Роп. Фота: MOST / Біскуп Эдвард Роп. Фота: Wikimedia Commons
Будучы біскуп нарадзіўся 2 снежня 1851 года ў Ліксне каля Даўгаўпілса. Ён паходзіў з сям’і нямецкай арыстакратыі, якая жыла на тэрыторыі сучаснай Латвіі і да ХІХ стагоддзя стала ідэнтыфікаваць сябе як палякаў. Эдвард Роп спачатку не думаў пра духоўную кар’еру. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, пачаў свецкую кар’еру і збіраўся заснаваць сям’ю. Але яго нявеста трагічна загінула — тады Эдвард пайшоў у семінарыю ў Коўне.
Эдвард Роп быў высвечаны на ксяндза ў 1886 годзе. Працягваў вывучаць каталіцкую тэалогію ў аўстрыйскім Інсбруку і нямецкім Фрайбургу. У 1902 годзе атрымаў ад Папы Льва ХІІІ прызначэнне на пасаду біскупа ў расійскім Саратаве. А 9 лістапада 1903 года быў прызначаны біскупам у Вільню.
Пасля разгрому паўстання 1863 года каталікам, а асабліва каталіцкім біскупам, у былым Вялікім Княстве Літоўскім прыходзілася цяжка. Траіх папярэднікаў Эдварда Ропа — Адама Красінскага, Караля Грынявецкага і Стэфана Звяровіча — царскія ўлады выслалі ўглыб Расіі. Да 1897 года амаль немагчыма было атрымаць дазволы на будаўніцтва і рамонт касцёлаў.
Яшчэ адным выклікам, з якім прыйшлося сутыкнуцца біскупу Ропу, было развіццё нацыянальных рухаў, якія ўзмацняліся на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя. Каталікі Віленскай дыяцэзіі былі палякамі, літоўцамі і беларусамі. Літоўцы першымі сталі патрабаваць роднай мовы ў касцёлах. Гэта не падабалася частцы кансерватыўна і нацыяналістычна настроеных палякаў. Здараліся канфлікты.
Эдвард Роп быў перакананы, што Касцёл павінен ставіцца роўна да ўсіх народаў і моў. Ён прадэманстраваў гэта 26 чэрвеня 1904 года падчас урачыстага ўступлення на пасаду ў катэдральным касцёле святога Станіслава ў Вільні. Роп загадаў прачытаць папскі дакумент аб сваім прызначэнні не толькі па-лацінску і па-польску — але і па-літоўску. Такое было ўпершыню.

Катэдральны касцёл святога Станіслава ў Вільні, канец XIX ст. Фота: Юзаф Чаховіч / Wikimedia Commons
Біскуп Роп супакойваў «гарачыя галовы» і з польскага, і з літоўскага боку — і дазваляў ужываць літоўскую мову там, дзе было шмат літоўцаў. Ён і сам вывучыў літоўскую мову і часам прамаўляў на ёй казанні.
Беларусы яшчэ не патрабавалі сваёй мовы ў Касцёле: беларускі нацыянальны рух быў яшчэ ў самым зародку. Але біскуп Роп прадбачыў, што і беларускую мову давядзецца ўвесці ў Касцёл.
— Канечне, і для беларусаў у сваім часе будуць уведзеныя казанні на іх мове, калі нацыянальныя патрэбы народа стануць даспелымі, — казаў ён у верасні 1906 года карэспандэнту варшаўскага часопіса Tygodnik Illustrowany.
Эдвард Роп займаўся і палітыкай. Калі ў 1906 годзе, пасля рэвалюцыі, была скліканая Дзяржаўная Дума, ён стаў дэпутатам ад Канстытуцыйна-Каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Погляды біскупа былі блізкія да «краёвай ідэі» — гэта была ідэя аўтаноміі былога Вялікага Княства Літоўскага, у межах якой кожная нацыя атрымала б роўныя правы для развіцця.
У Думе Эдвард Роп выступаў супраць русіфікацыі жыхароў былога ВКЛ, змагаўся за кампенсацыю шкоды, якія нанеслі расійскія ўлады, забіраючы касцёлы і касцельныя маёнткі.
У той самы час Эдвард Роп выказаў ідэю выдання газеты для сялян па-беларуску. Гэта было за некалькі месяцаў да пачатку выдання «Нашай Нівы». Аднак дарадцы адгаварылі біскупа ад гэтай думкі.

Biełarus — першая каталіцкая газета на беларускай мове, якая выходзіла ў Вільні ў 1913-1915 гг.
Восенню 1907 года расійскія ўлады, незадаволеныя дзейнасцю біскупа, выслалі яго з Вільні. Дзесяць гадоў Эдвард Роп мусіў жыць у маёнтку брата ў Латвіі. Ён не мог займацца ні рэлігійнай, ні палітычнай дзейнасцю.
Пакуль біскуп быў у ссылцы, у Касцёле даспела беларускае пытанне. У семінарыі паступалі сялянскія хлопцы, якія мелі беларускую свядомасць. У Віленскай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі ўзніклі беларускія гурткі. У 1913 годзе ў Вільні пачала выходзіць каталіцкая газета Biełarus, а пры ёй стала выдавацца рэлігійная літаратура — гэтую дзейнасць спансіравала князёўна Магдалена Радзівіл.
У лютым 1917 года ў Расійскай Імперыі выбухнула рэвалюцыя і Мікалай ІІ зрокся трону. Новыя расійскія ўлады вызвалілі Эдварда Ропа. Вярнуцца ў Вільню ён не мог, бо працягвалася Першая сусветная вайна і Вільня была пад нямецкай акупацыяй. На расійскім баку фронту заставалася некалькі дзясяткаў касцёлаў у Дзісенскім і Вілейскім паветах. Біскуп пастанавіў наведаць тыя парафіі з візітацыяй.

Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне, 1903 год. Фота: Павел Валынцэвіч
Калі 21 ліпеня біскуп прыехаў у Дзісну і збіраўся адслужыць Імшу, прысутныя там ксяндзы-беларусы запыталі, ці можна прамовіць казанне па-беларуску.
— Не толькі можна, але і трэба, — коратка адказаў біскуп Роп.
Казанне прамовіў ксёндз Адам Станкевіч, пазнейшы выбітны беларускі дзеяч і палітык.
— Пачуўшы словы мовы роднай, так пагарджанай дагэтуль, твар слухачоў ажывіўся, заяснеў. Запанавала святая цішыня. Кожнае слова слухачы, здаецца, жыўцом глыталі. Узрушанне маё сардэчнае хутка ўдзялілася ўсёй вялізарнай грамадзе слухаючых, і нямую ціш у касцёле замяніў нічым не ўстрыманы плач галосны, — успамінаў праз дванаццаць год Адам Станкевіч (цытыта па часопісе Chryścijanskaja Dumka).
У Дзісне біскупа Ропа прывітаў дэлегат ад парафіі ў Германавічах, беларускі мастак Язэп Драздовіч. Ён уручыў біскупу па-мастацку аздоблены ліст ад беларусаў з пажаданнем: «Няхай вольна жыве наш святы касцёл каталіцкі — на хвалу Божую і на дабро дарагой нашай Бацькаўшчыны Беларусі».
Эдвард Роп выбачыўся, што не можа адказаць па-беларуску, але сказаў, што роўна адносіцца да ўсіх народаў, і згадаў пра тое, што беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.
— Культура беларуская, хоць і старасвецкая, але пад рознымі ўціскамі была спыненая на шмат часу і адстала ад старой таксама польскай культуры. У будучыні яна зможа развіцца так, што не толькі параўнаецца з польскай, але нават і выперадзіць яе, — цытаваў словы біскупа карэспандэнт мінскай газеты «Вольная Беларусь».
Пазней біскуп крыху навучыўся беларускай мове і быў здольны сказаць па-беларуску некалькі сказаў у адказ на прывітанне ад вернікаў.

Ксёндз Адам Станкевіч, беларускі рэлігійны, культурны і палітычны дзеяч. Фота: Wikimedia Commons
У кожнай парафіі, якія летам 1917 года наведаў Эдвард Роп — ад Друі да Радашкавіч — былі казанні як на польскай, так і на беларускай мовах. Вернікі прынялі іх дужа пазітыўна.
— І старыя, і малыя ішлі ад нас у тыя парафіі, дзе быў пастыр, каб паглядзець, як людцы спатыкалі і прымалі свайго пастыра — мучаніка, каторы пасля дзесяцігадовай няволі, калі царская сіла і яго прыхвоснікаў скончылася, вярнуўся да сваіх верных авечак. Але яшчэ што іншае ўрэзалася нам у памяць у гэтым часе: гэта ж мы, тады як быў Біскуп Роп, першы раз пачулі ксяндзоў, прамаўляючых па касцёлах да людзей у нашай беларускай мове. Гэткага здарэньня мы, мусіць, і да смерці не забудземся, — пісаў у 1919 годзе карэспандэнт віленскай газеты Krynica.
![Kniha ks. Dyjanizyja Bančkoŭskaha «Karotkaje vyjasniennie abradaŭ R[yma]-Katalickaha Kascioła» ŭ pierakładzie ks. Franciška Budźki Kniha ks. Dyjanizyja Bančkoŭskaha «Karotkaje vyjasniennie abradaŭ R[yma]-Katalickaha Kascioła» ŭ pierakładzie ks. Franciška Budźki](/upload/resize_cache/medialibrary/d83/820_988_1/1jbmfi8tuam3v0kn0bwvaokam8usrphl.jpg)
Кніга кс. Дыянізыя Банчкоўскага «Кароткае выясненне абрадаў Р[ыма]-Каталіцкага Касцёла» ў перакладзе кс. Францішка Будзькі — адна з першых рэлігійных кніг, якую выдалі па-беларуску. З калекцыі аўтара
Скончыўшы візітацыю, біскуп Эдвард Роп накіраваў цыркуляр да духавенства, у якім загадаў рупіцца пра рэлігійную асвету. У дакуменце была інструкцыя і наконт мовы.
— Старайцеся пра тое, каб, не адымаючы нічога з польскіх набажэнстваў, дадаваць казанні ў мове, даступнейшай для народу — беларускай. Дзе ёсць ксяндзы, што мовай гэтай валодаюць, няхай абавязкова часта, калі можна — штонядзелі, будзе катэхізмовае казанне беларускае [...]. А дзе мясцовае духавенства не знае дастаткова мовы народнай, пробашчы сумленна павінны рупіцца пра тое, каб пры з’ездзе духавенства такія казанні былі гавораны, — пісаў біскуп.
Гэта быў першы дакумент у часы беларускага нацыянальнага адраджэння, у якім каталіцкі біскуп загадаў ужываць беларускую мову. Беларускія казанні прамаўляліся ў некаторых касцёлах на Дзісеншчыне да канца 20-х гадоў ХХ стагоддзя, але выйшлі з ужытку з-за кадравых змен і неспрыяльнай польскай палітыкі.
Пакуль Эдвард Роп быў у Дзісенскім павеце, 25 ліпеня 1917 года Папа Бенедыкт XV падпісаў булу аб прызначэнні яго магілёўскім арцыбіскупам і мітрапалітам. Магілёўская архідыяцэзія, самая вялікая ў свеце, мела сталіцу ў Пецярбургу і ахоплівала Усходнюю Беларусь і большую частку Расіі — аж да Уладзівастока.
Новапрызначаны арцыбіскуп пачаў служэнне ў Пецярбургу пасля таго, як да ўлады прыйшлі бальшавікі. Уступаючы на пасаду 2 снежня 1917 года ў касцёле святой Кацярыны, арцыбіскуп Роп загадаў прачытаць папскую булу на чатырох мовах — лацінскай, польскай, літоўскай і беларускай. Па-беларуску дакумент прачытаў ксёндз Люцыян Хвецька, які паходзіў з вёскі Малышоўка каля Дубровы (сучасны Сакольскі павет Падляскага ваяводства).
Арцыбіскуп Эдвард Роп, 20-я гады ХХ стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons
У Пецярбургу Эдвард Роп зноў загадаў духавенству роўна ставіцца да ўсіх моў і народаў.
— Прэч з усялякай нацыянальнай выключнасцю. Прэч з гэтай спакусай свецкай палітыкі давання адным, а адбірання ў другіх. Прэч з касцёла з прывілеем адной мовы і крыўдай для іншай, — пісаў ён.
29 красавіка 1919 года бальшавікі арыштавалі арцыбіскупа. Некалькі месяцаў яго трымалі ў турмах у Пецярбургу і Маскве, а 22 лістапада 1919 года вывезлі на лінію польска-бальшавіцкага фронту і перадалі палякам. Узамен за вызваленне біскупа польскія ўлады дазволілі праехаць праз сваю тэрыторыю камуністычнаму дзеячу Каралю Радэку, які накіроўваўся з Нямеччыны ў Расію.
Эдвард Роп пасяліўся ў Варшаве. Ён быў гатовы вярнуцца на сваю ранейшую пасаду, а ў польскай сталіцы арганізаваў часовыя сакратарыят і духоўны суд Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1921 годзе ўзначаліў камітэт для дапамогі галадаючым у Расіі. Арганізаваў у 1924 годзе ў Любліне Місійны інстытут, які рыхтаваў святароў для будучай працы на расійскіх абшарах.
Эдвард Роп быў прыхільнікам адраджэння Уніі. Ён хацеў, каб праваслаўныя вярталіся да адзінства з каталікамі, прымаючы каталіцкае вучэнне і ўладу Папы, але захоўвалі набажэнствы ў звыклым для іх абрадзе. Выказваючыся пра ўнійную працу, арцыбіскуп заклікаў шанаваць родныя мовы вернікаў. «Пашана да мясцовых гаворак і звычаяў можа толькі гаіць і збліжаць [народы]», — пісаў ён у 1932 годзе ў прадмове да зборніка дакладаў канферэнцыі аб Уніі ў Пінску.
Нацыяналісты закідалі Эдварду Ропу «левізну» і спрыянне нацыянальным меншасцям. Тым часам польская дзяржава ўганаравала яго ордэнам Polonia Restituta і Залатым Крыжам Заслугі.
Восенню 1938 года Эдвард Роп пераехаў у Познань да свайго пляменніка Стэфана, які быў дырэктарам Познаньскіх кірмашоў. 25 ліпеня 1939 года — калі да пачатку Другой Сусветнай вайны заставалася трохі больш за месяц — арцыбіскуп памёр ва ўзросце 88 год.
— Святой памяці арцыбіскуп Мітрапаліт Ропп заўсёды цікавіўся лёсам беларускага народу, яго адраджэннем, прызнаваў яго нацыянальныя правы і шчыра жадаў яму памыснасці. Быў ён сапраўды прыяцелем беларускага народу, — напісаў ксёндз Адам Станкевіч у некралогу для часопіса Chryścijanskaja Dumka.

Некралог арцыбіскупа Эдварда Ропа ў часопісе Chryścijanskaja Dumka, № 23/1939
Эдварда Ропа пахавалі ў катэдральным касцёле ў Познані. У 1983 годзе яго парэшткі перанеслі ў Беласток — горад у межах даўняй Віленскай дыяцэзіі. Труну арцыбіскупа паклалі ў крыпце пад старым, збудаваным у XVII стагоддзі касцёлам. Доступ туды для турыстаў упершыню адкрылі сёлета — трапіць у сутарэнні на працягу апошняга лета можна было толькі тройчы.

Труна арцыбіскупа Эдварда Ропа ў крыпце касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку. Фота: MOST
У пачатку ХХ стагоддзя да старога касцёла была дабудаваная новая частка ў гатычным стылі. Перабудаваны касцёл па загадзе біскупа Ропа асвяціў у 1905 годзе ксёндз Ян Курчэўскі.
Унутры галоўнай часткі катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на сцяне з левага боку, знаходзіцца мемарыяльная шыльда ў гонар Эдварда Ропа.

Мемарыяльная шыльда ў гонар арцыбіскупа Эдварда Ропа ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку. Фота: MOST
У пачатку ХХІ стагоддзя можна сказаць, што ідэя арцыбіскупа Ропа перамагла. Цяпер беларуская мова ўжываецца ў касцёлах не толькі ў Беларусі, але і ў многіх месцах свету, дзе жывуць беларусы. У Польшчы набажэнствы па-беларуску адбываюцца ў васьмі гарадах, у тым ліку ў Беластоку.