https://ave-maria.by/faith/saints/1915-yan-pavel-ii-pra-zygmunta-lazinskaga-ya-zhyvu-pad-motsnym-urazhannem-ad-getaj-geraichnaj-asobyХлопец нарадзіўся ў ваколіцах першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, у якасці святара служыў у Мінску, сядзеў у Бутырцы, а ў будучыні можа стаць святым заступнікам нашай краіны.
Зыгмунт Лазінскі. Мастачка: Данута Саўнар
Адразу ўдакладнім — Зыгмунт Лазінскі, які памёр 26 сакавіка 1932 года ў Пінску, яшчэ не святы ў кананічным сэнсе гэтага слова.
Працэс беатыфікацыі (першы этап перад абвяшчэннем святым, кананізацыяй) распачаўся ў 1957 годзе. Тады быў прызначаны адказны чалавек, які займаўся дакументацыяй і кантраляваў ход справы. За пяць гадоў былі сабраныя ўсе факты, усё, што было напісана біскупам Лазінскім і пра яго, і адпраўлена ў Кангрэгацыю кананізацыйных справаў у Ватыкан.
Дакументы збіраліся ў розных гарадах: у Рыме, Варшаве і ў Пінску. Сярод 33 сведкаў — 5 біскупаў, 25 святароў, 13 законніцаў і 21 свецкая асоба (у тым ліку чатыры родныя браты). Аб ім сведчылі не толькі каталікі, але і праваслаўныя, а таксама лекар, які рабіў яму апошнюю аперацыю.
У 1993 годзе Папа Ян Павал II пацвердзіў гераічнасць цнотаў біскупа Зыгмунта Лазінскага, пасля чаго ён лічыцца Слугою Божым. Да абвяшчэння біскупа Лазінскага бласлаўлёным застаецца апошні элемент — цуд.
Зрэшты, цуд ужо быў, але справа складаная. «Аздараўленьне праз заступніцтва Слугі Божага адбылося ў 1996 годзе. Гэта запратакалявана і даслана ў Рым», — выказваўся біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Ён адзначыў, што ў адмысловай камісіі былі замененыя дактары, а новыя знайшлі нейкія прычыны, што не могуць гэты цуд прызнаць.
Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін кажа, што пінчукі пад пагрозай смерці хавалі ад чэкістаў труну з целам біскупа: «Яго труну схавалі ў пінскім касьцёле, усё гэта было зроблена, каб нічога ня здарылася, бо супрацоўнікі НКУС рыскалі ў пошуках труны Лазінскага. Для біскупа было абсалютна зразумела, што гэта за дзяржава і што яна за сабой нясе», — распавядаў гісторык.
Першы беларускі кардынал Казімір Свёнтэк лічыў біскупа Лазінскага сваім заступнікам і духоўным бацькам, дзякуючы якому адчуў покліч служэнню Хрысту. Таксама і пінчукі-каталікі называюць Лазінскага патронам Палесся.
Зыгмунт Лазінскі быў непахісны ў справе абароны каталіцкай веры. Так, напрыклад, за абарону свайго брата, які адмовіўся ўдзельнічаць у праваслаўным набажэнстве, малады ксёндз Зыгмунт быў сасланы 17 лістапада 1898 года царскімі ўладамі ў сучасную Латвію, у Аглону, дзе прабываў да 1900 года. Ён знаходзіўся ў зняволенні ў былым кляштары.
Пасля біскуп Лазінскі двойчы арыштоўваўся савецкім рэжымам. У снежні 1918 года з прыходам у Мінск Чырвонай Арміі ён пяць месяцаў хаваўся ад арышту ў лясах, не пакідаючы пры гэтым служэння і кіравання дыяцэзіяй, за што бальшавікамі была прызначаная за яго галаву вялікая ўзнагарода.
Зыгмунт Лазінскі. Архіўнае фота
У жніўні 1919 года з прыходам у Мінск ужо польскіх войскаў вярнуўся ў горад і працягнуў служэнне.
Пасля новага вяртання Чырвонай Арміі адмовіўся падпісваць дэкларацыю аб прызнанні савецкай улады, заявіўшы, што «будзе змагацца з камунізмам, які прыносіць бязбожнасць і бяспраўе».
За што 1 жніўня 1920 года быў арыштаваны па абвінавачанні ў «контррэвалюцыі». Праз 10 дзён пад ціскам мясцовых каталікоў быў вызвалены. Але 4 верасня 1920 года Біскупа Лазінскага зноў арыштавалі, утрымліваўся ён на Валадарцы, пазней быў пераведзены ў Маскву і заключаны ў Бутырскую турму.
Там Зыгмунт адсядзеў 11 месяцаў. На час вызвалення біскуп важыў каля 43 кілаграмаў. Ён вельмі прагнуў вярнуцца ў Мінск і пакутаваў ад таго, што гэта было немагчыма.
Новым цэнтрам дыяцэзіі стаў дамініканскі кляштар у Наваградку, гэта была ўжо Заходняя Беларусь у складзе міжваеннай Польшчы.
6 лістапада 1974 года арцыбіскуп Караль Вайтыла так назваў Зыгмунта Лазінскага: велічны біскуп, герой, святы, духоўны асілак, ахвярнае жыццё якога непарыўна звязанае з Касцёлам і Божым людам. А потым будучы Папа прызнаўся: «Я сам з юнацтва жыву пад моцным уражаньнем ад гэтай гераічнай асобы».
Вокладка кнігі пра Зыгмунта Лазінскага, 1938
Як пісаў ксёндз Станіслаў Паўліна, 1 верасня 1985 года, падчас прыватнай аўдыенцыі Папа Ян Павал II настойваў на тым, каб справа беатыфікацыі біскупа Лазінскага была паскораная. Папа сказаў тады вельмі істотныя словы: «Асоба слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага паспрыяла таму, што я канчаткова вырашыў пайсьці шляхам свайго сьвятарскага пакліканьня і пасту-піць у духоўную сэмінарыю». Караль Вайтыла зрабіў гэты выбар увосень 1942 года, у дзясятую гадавіну смерці біскупа Лазінскага.
Пра сваю моцную духоўную повязь з біскупам Зыгмунтам Лазінскім Ян Павал II расказаў таксама біскупу Ендрушуку ў 1987 годзе. Падчас прыватнай аўдыенцыі Святы Айцец згадзіўся на апублікаванне інфармацыі пра ўплыў асобы слугі Божага біскупа Лазінскага на яго святарскае жыццё. Ян Павал II таксама дадаў, што гэта адна з прычынаў, па якой ён жадае паскарэння працэсу беатыфікацыі.
У 1869 годзе дваццацічатырохгадовая Людвіка Марыя Чачот, дзяўчына шляхетнага паходжання з герба «Астоя», выйшла замуж за Уладзіслава Лазінскага з герба «Любіч». Вянчанне адбывалася ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Наваградку, піша даследчык жыццёвага шляху біскупа — ксёндз Станіслаў Паўліна. Маці Зыгмунта паходзіла з таго самага знакамітага роду Чачотаў, што даў Беларусі яшчэ раней літаратара Яна Чачота.
У іх сям’і нарадзілася шэсць сыноў і дачка. Зыгмунт Канстанцый Антоній, а сёння слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, быў старэйшым з дзяцей. Родным дзядзькам святара быў іншы каталіцкі ксёндз — Вітальд Чачот, які спадарожнічаў яму да канца жыцця.
Першая старонка кнігі пра Зыгмунта Лазінскага, аўтарства яго дзядзькі — Вітальда Чачота, 1925
6 снежня 1918 года біскуп Зыгмунт правёў першае беларускамоўнае набажэнства ў Мінску — у катэдральным касцёле.
Біскуп шмат увагі надаваў ідэнтычнасці народа, падкрэсліваў важнасць ведання яе як катэхізіса. Любоў да Айчыны ў аднайменнай кнізе ён тлумачыў не як нейкі абавязак, але як адну з формаў любові да бліжняга. Як дар і цноту, якія чалавек атрымлівае і павінен у іх узрастаць. Клопат пра Радзіму з’яўляўся для яго адным з элементаў духоўнай фармацыі чалавека і канкрэтнай працай на карысць сваёй зямлі і землякоў.
Паводле ўспамінаў ксяндза Станіслава Рыжко, ужо напрыканцы 1920-х, у адной з парафій перад ад’ездам адтуль, біскуп Лазінскі гутарыў з вернікамі на беларускай мове: «Зьвярнуліся да мяне некаторыя каталікі і прасілі, каб даў ім дазвол сьпяваць песьні па-беларуску, так што скажыце цяпер: як хочаце вы?». Але і мужчыны, і жанчыны пачалі крычаць: «Хочам па-польску, па-польску!»... Тады біскуп сказаў: «У сувязі з гэтым няхай у вас усё будзе так, як было. А калі нехта хоча сьпяваць пабожныя песьні па-беларуску, то няхай сьпявае».
23 чэрвеня 1895 года Зыгмунт Лазінскі прыняў святарскае пасвячэнне. Пасля гэтага быў прызначаны выкладчыкам Святога Пісання і прэфектам у духоўнай семінарыі. У 1900-1904 гадах служыў вікарыем у Смаленску, Туле і Рызе.
Пасля гэтага ксёндз Лазінскі вяртаецца ў Беларусь. У 1904 годзе ён стаў служыць у касцёле на Кальварыі ў Мінску, а ў 1905 годзе быў прызначаны пробашчам мінскай парафіі Найсвяцейшага Панны Марыі (сучасны катэдральны касцёл). Пасля зрынання расійскай царскай улады становішча Каталіцкага Касцёла палепшылася (на адно імгненне, як стала відавочна неўзабаве). Папа Бенедыкт XV аднавіў Мінскую дыяцэзію і 2 лістапада 1917 года прызначыў Зыгмунта Лазінскага яе біскупам. 28 ліпеня 1918 года ў Варшаўскай катэдры адбылася ўрачыстая цырымонія. Галоўным кансекратарам (той, хто высвячае новага біскупа) быў арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі. Ва ўрачыстасці прымаў удзел і Апостальскі нунцый Акіле Раццы, які неўзабаве стаў Папам Піем XI.
У першыя месяцы біскупства была створаная новая курыя, пачалося фармаванне Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Мінску. Праблемай было тое, што не хапала касцёлаў, бо многія з іх былі адабраныя расійскімі ўладамі і ператвораныя ў праваслаўныя цэрквы.
Біскуп Лазінскі лічыў, што найбольш важнымі цнотамі святара з’яўляюцца любоў да бліжніх, жывая вера, любоў да Бога і Касцёла, паслухмянасць біскупу, разважлівасць і апостальская адвага. Ён неаднойчы праяўляў гэтыя цноты ў сваім асабістым жыцці. Вядомы выпадак, калі біскуп аддаў бедным усе свае грошы, і калі яны скончыліся, гатовы быў нават аддаць сваё футра..
Аднойчы падчас заняткаў біскуп выклікаў да дошкі аднаго з клерыкаў і папрасіў напісаць лацінскае слова «seni» (шэсць), затым пацікавіўся яго значэннем. Клерык разгубіўся і, шукаючы падказкі, паглядзеў на калегу. Той расставіў пяць пальцаў адной рукі і прыклаў да іх адзін палец другой. «Растапыраны», — адказаў клерык. Уся аўдыторыя, уключна з біскупам, зайшлася са смеху так, што з біскупа нават зляцелі акуляры, прыгадвае ксёндз Станіслаў Паўліна.
У цяжкія часы біскуп Зыгмунт Лазінскі як адданы пастыр імкнуўся падтрымліваць жыццё Касцёла і яго структуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ён тройчы рабіў спробы заснаваць духоўныя семінарыі: першы раз у Мінску 10 кастрычніка 1918 года, другі раз у Наваградку 1 кастрычніка 1921 года, і трэці раз — у Пінску 12 верасня 1925 года.
28 кастрычніка 1925 года Папа Пій XI заснаваў новую Пінскую дыяцэзію, уключыўшы ў яе частку Мінскай дыяцэзіі, якая ў той час знаходзілася на тэрыторыі Польшчы. Першым біскупам наваўтворанай дыяцэзіі стаў Зыгмунт Лазінскі. Празмерная праца і цяжкія выпрабаванні, асабліва ў перыяд улады бальшавікоў, моцна аслабілі яго здароўе. У пачатку Вялікага посту 1932 года біскуп цяжка захварэў.
Зыгмунт Лазінскі напярэдадні пахавання. Архіўнае фота
Вось што пісаў у сваіх мемуарах Аляксандр Зверка: «Непасрэдна перад Вялікаднем 1932 года мы пачулі ў Пінску вестку пра небясьпечную хваробу біскупа Зыгмунта. Мы ведалі ўсе абставіны яго пакутаў — ён адмаўляўся нават ад наркозу, яго аперуюць. Аперацыя аказалася запозьненай... Урэшце, яго просьба: „Не дай мне заснуць. Я не хацеў бы прапусьціць такі прыгожы момант, як сьмерць у жыцьці чалавека...“» (паводле выдання "Wsłuchane w sygnały Ziemi Nowogródzkiej...")
26 сакавіка 1932 года, у Вялікую Суботу, пасля поўначы ён апошні раз прыняў Святую Камунію. Памёр ён са словамі псальма «З глыбіні я клічу Цябе, Пане» на вуснах.
Саркафаг Зыгмунта Лазінскага ў Пінскай катэдры. Фота: Пінская дыяцэзія
Прыгожая паралель атрымалася з нашым часам: першая споведзь малога Зыгмунта была ў касцёле святога Аляксандра ў 1881 годзе. І менавіта гэтае месца ў Варшаве некалькі гадоў таму стала цэнтрам Душпастырства беларусаў, якія апынуліся ўдалечыні ад радзімы. Сёння там служыць у тым ліку ксёндз Вячаслаў Барок, які да Дня Волі 2025 атрымаў ад Рады БНР узнагароду — медаль Ордэна Пагоні.
Павал Хадзінскі, budzma. org