Вынік змаганьня з рэчаіснасьцю ад «You are in my September!»

18.01.2010 Музыка

Гурт «You are in my September!» прадставіў свой дэбютны альбом “To The Open Hearts”. Музыкі кажуць, што выконваюць эмацыйны і пачуцьцёвы хард-кор, а свой запіс называюць панурым: “Гэты альбом адлюстроўвае гады вар’яцтва нашага гурта. Увесь той час, калі мы змагаліся з рэчаіснасьцю. І толькі зараз мы здолелі задакумэнтаваць нашы пачуцьці”.

Тузін ГітоўДэбютная плытка мінскага гурта «You are in my September!» пабачыла сьвет 16 студзеня і ўжо зьявілася ў сеціве. На выпуск першага паўнафарматнага альбому “To The Open Hearts” гурту спатрэбілася два гады. У склад плыткі ўвайшлі 12 песень. “Гэта вельмі пануры запіс,- кажа вакаліст гурта Жэня Evil. – Альбом адлюстроўвае гады вар’яцтва нашага гурта. Увесь той час, калі мы змагаліся з рэчаіснасьцю. І толькі зараз мы здолелі задакумэнтаваць нашы пачуцьці”.

Над гукам працаваў саўндпрадусар Курт Бэлл, мастэрынг зроблены Карлам Саффам. Гэтыя асобы працавалі з такімі гуртамі, як Converge, Disfear і Genghis Tron. Афармленьне плыткі зроблена расейскім мастаком Паўлам Лапцевым, вядомым па сумеснай працы з Dolphin.

«You are in my September!» характарызуюць свой стыль як эмацыйны хаатычны хардкор-мэтал, ці жартам – nerd-core. Пачаў існаваньне гурт у 2005 годзе. У 2008 і 2009 гадах разагравалі вядомых Horse The Band з ЗША. Выступалі разам з легендай французскага эма-кору Аmanda Woodward, а ў траўні 2009 года ў Маскве з гуртом Celeste.

Спампаваць дэбютнік “To The Open Hearts” можна на файлаабменьніках (https://ifolder.ru/15947442, https://rapidshare.com/files/336246084/You_Are_In_My_September__-_2010_-_To_The_Open_Hearts.rar.html ). На дысках даступны ў двух варыянтах – маляўнічы digi-pack з буклетам і абмежаваная вэрсія на двух дысках (змест другога дыска музыкі трымаюць у сакрэце). Першы наклад плыткі выдадзены сумеснымі намаганнямі чатырох DIY-лэйблаў www.roadtofreedom.ru, www.crimechords.com, sparrowssons@gmail.com, oldhatrecords.blogspot.com.

Жывая прэзэнтацыя “To The Open Hearts” адбудзецца 24 студзеня ў менскім клюбе 6А.