Выпаленая зямля ўздоўж межаў Беларусі

Пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і стаўленне да яе польскіх палітыкаў і польскага грамадства піша Аляксей Гайдукевіч.


Разам з павелічэннем колькасці спробаў нелегальных пераходаў мяжы Польшчы з боку Беларусі польскі палітыкум падзяліўся. З аднаго боку прыхільнікі неабходнасці ўвядзення надзвычайных мераў на памежных тэрыторыях — дэпутаты кіруючай кааліцыі. Супрацьлеглы бок за празрыстыя межы, прыняцце нелегальных мігрантаў і наданне ім статусаў уцекачоў — апазіцыйныя дэпутаты. Асобна вызначаюць сваю пазіцыю прадстаўнікі групы Канфедэрацыі. Яны крытыкуюць улады за несвоечасовае прыняцце мераў, выступаюць за больш жорсткі рэжым аховы мяжы. 

Падставай для абмеркавання ўвядзення больш дзейсных захадаў для аховы памежных тэрыторый сталі хутчэй акцыі актывістаў апазіцыі і грамадскіх арганізацый, а не ўласна некалькі тысяч нелегалаў, якія намагаліся трапіць у Польшчу цягам апошніх месяцаў. Прыхільнікі прыняцця ўцекачоў зладзілі намётавае мястэчка каля Уснажа Горнага, дзе на беларускім баку ўжо 2 тыдні знаходзяцца 30 грамадзянаў Афганістана. Іх не прапускаюць польскія памежнікі, у той жа час невядомыя са шчытамі і са спецсродкамі не даюць афганцам магчымасці трапіць у глыб тэрыторыі Беларусі.

01.jpg

Фота ocdn.eu

2 верасня на польскіх памежных тэрыторыях было ўведзена надзвычайнае становішча. Ім прадугледжана забарона на знаходжанне ў зоне да 3 км ад мяжы асобаў без пільнай патрэбы. У глыб тэрыторыі ўздоўж мяжы з Беларуссю ўтвараецца «выпаленая зямля», дзе дзейнічаюць надзвычайныя законы і абмежаваныя правы. Такім чынам намётавае мястэчка актывістаў і журналістаў мусіць быць ліквідаванае. Апошнім аргументам для ўрадоўцаў стала спроба 13 польскіх актывістаў пашкодзіць дротавую агароджу, якая была ўсталявана ў раёне Уснажа Горнага.

z27507662AMP,Akcja-obywatelskiego-sprzeciwu-w-Szymakach-na-pols.jpg
Фота bi.im-g.pl

Такія дзеянні «абаронцаў мігрантаў», а таксама ранейшыя спробы парушэння мяжы з боку актывістаў, абразы ў бок польскіх памежнікаў выклікалі вялікае абурэнне з боку кіруючай партыі і яе прыхільнікаў. Прэм’ер Маравецкі адрэагаваў на ўчынак на мяжы: «Вядома, некаторыя безадказныя паводзіны з боку актывістаў паскорылі прыняцце рашэння аб ўвядзенні адпаведных мер, якія пашыраць паўнамоцтвы афіцэраў памежнай службы.»

Палякі жадаюць адмежавацца ад Беларусі

Апошнія сацыялагічныя апытанні падцвердзілі, што больш за 50% палякаў дзеянні ўрада на мяжы падтрымліваюць. У той жа час негатыўна да апошніх дзеянняў апазіцыі, звязаных з міграцыйным крызісам, ставіцца больш за 63% апытаных.

Нягледзячы на такія вынікі, частка дэпутатаў у парламенце вырашыла аспрэчыць рашэнне ўрада і прэзідэнта аб ўвядзенні надзвычайнага становішча. Сістэмныя левыя палітыкі і актывісты сцвярджаюць, што Польшчы неабходна прыняць уцекачоў, якіх выкарыстоўвае мінская камандна-адміністратыўная сістэма. А захады да ўвядзення надзвычайнага становішча з боку ўрада ёсць намаганнем схаваць праўду ад грамадскасці, абмежаваць правы, не дапусціўшы прэсу на памежныя тэрыторыі.

Былы віцэ-міністар фінансаў Польшчы, дэпутат ад левых сілаў Анджэй Шэйна пракаментаваў рашэнне ўрада: «Калі хтосьці не бачыць пагрозы, ён сапраўды вельмі наіўны. Няма неабходнасці ў надзвычайным становішчы. Можна выкарыстоўваць звычайныя канстытуцыйныя меры.»

Адзінае ў чым згодная большасць польскіх палітыкаў — гэта ў прыродзе міграцыйнага крызіса на ўсходзе Еўропы. Яны падкрэсліваюць ягоны «гібрыдны» і штучны характар.

Чытайце па тэме: Міграцыйны крызіс: частка гібрыднай стратэгіі

Беларусь рухаецца да эскалацыі

Але акрамя пабудовы плота і павялічэння колькасці памежнікаў і іншых спецслужбаў на мяжы, іншых прапановаў па пераадоленні крызіса ў кіруючай партыі пакуль няма. Польскі палітыкум пакуль адно намагаецца змагацца з наступствамі крызісу і палітычнымі канкурэнтамі на ўласнай сцэне. Хаця і гучаць самотныя галасы аб магчымым далейшым абвастрэнні сітуацыі.

uchodzcy-bialorus-fot-lukasz-bielak-inforpl-37219752.jpeg
Фота g.infor.pl

Самы старэйшы дэпутат дзеючага парламента, былы міністар абароны Антоні Мацяровіч лічыць: «Няма сумневу, што Расія і Беларусь будуць спрабаваць узмацніць атмасферу небяспекі для Польшчы. Яны рыхтуюць далейшыя крокі ў працэсе гібрыднай вайны, магчыма, ужо падчас вучэнняў «Захад-2021».

А палітолаг Лодзьскага Універстітэта Пшэмыслаў Жураўскі дадае: «Падчас маючых адбыцца вучэнняў можа быць спроба парушыць польскую, літоўскую або латвійскую мяжу. Мяркую, што мэтай такога інцыдэнта можа быць абвастрэнне да ўзроўню агнявога абмену, але не ўварвання на тэрыторыю вялікіх мас войска.»

Непісьменная пазіцыя ўрада ў дачыненні да Беларусі

Асобны погляд на «беларускую праблему» мае іншая парламентская сіла, хаця і не вельмі прадстаўнічая. Дэпутаты з групы Канфедэрацыі (11 мандатаў) у парламенце, а таксама часткі грамадскай супольнасці прадстаўляюць пазіцыю самай кансерватыўнай часткі палякаў.

Чытайце па тэме: У польскім сейме заклікаюць падтрымаць Лукашэнку

Зараз большасць «канфедэратаў» пазбягаюць радыкальных ацэнак палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да рэжыма ў Мінску. Хутчэй за ўсё намагаюцца не страціць падтрымку часткі сваіх выбарцаў, якія ўсё ж ўхваляюць дзеянні афіцыйнай Варшавы на мяжы.

Але варта зірнуць на медыя, якія падтрымліваюць Канфедэрацыю, знаходзяцца з правага боку на палітычнай палітры ад кіруючых уладаў. Адзін з лідараў актывістаў, якія адзначыліся знаходжаннем на мяжы з мэтай падтрымкі памежнікаў і супрацьстаяннем з «праміграцыйнымі» сіламі, кіраўнік арганізацыі «Марш Незалежнасці» Роберт Банкевіч пасля вяртання з Уснажа Горнага адзначыў:

«Беларусь — адзіны наш сусед, з якім у Польшчы найменш гістарычных супярэчнасцяў. Таму трэба выбудоўваць дыялог з Мінскам, з улікам таго, што сённяшні рэжым захаваецца на працяглы час. Палякі ў Беларусі знаходзяцца пад ціскам з-за непісьменнай палітыкі кіруючай партыі ў Польшчы, якая падтрымала адзін з бакоў унутрыбеларускага канфлікту. Афіцыйная Варшава памылкова намагаецца ўплываць на працэсы ў Беларусі, што можа пагражаць інтарэсам краіны і ўзмацняць пазіцыі Расіі, якая праз Мінск вядзе „гібрыдную“ агрэсію.»

Не варта думаць, што падобная пазіцыя абсалютна маргінальная ў польскім грамадстве. Тым больш, што яна ўжо неаднаразова гучала ў тым ліку і з боку некаторых дэпутатаў парламента. А youtube каналы, якія пашыраюць падобны пункт гледжання маюць агулам да мільёны гледачоў, што і для Польшчы з’яўляецца сур’ёзнай аўдыторыяй.

Крыніца крызісу

У адрозненне ад Літвы і Латвіі, польскія палітыкі на фоне міграцыйнага крызіса на мяжы з Беларуссю не выступілі з кансалідаванай пазіцыяй. Хаця ў краінах Балтыі існуе шмат супярэчнасцяў у палітыкуме, большасць сістэмных сілаў здолелі прыйсці да кансэнсусу ў пытанні вырашэння праблемаў на мяжы з Беларуссю.

У Польшчы розныя сілы па ранейшаму намагаюцца весці сваю гульню, абапіраючыся на супрацьлеглыя групы выбарцаў.

Цалкам верагодна, што адной з мэтаў сённяшняга штучнага крызіса на мяжы і была спроба глабальнага расколу элітаў на ўсходзе Еўразвяза. Калі не з мэтай прымусіць зняць санкцыі супраць камандна-адміністратыўнай сістэмы ў Беларусі, дык хаця б адсунуць увагу ад крыніцы сённяшняга крызісу бліжэй да мяжы, неабходнасці супрацьстаяць хвалі нелегалаў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org