«У Эўропе толькі адна такая краіна з разьмеркаваньнем. РБ. І вось як увялі, дакладней, вярнулі гэтую савецкую завядзёнку ў 2011-м, так і працягваецца да сёньня. Дый яшчэ хочуць павялічыць тэрмін прыгоннае адпрацоўкі. Вырашаюць — колькі? 5 гадоў? 10? І «платнікам» таксама трэба адпрацоўваць...»
Пра апошнія новаўвядзенні ў беларускай сістэме адукацыі піша Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org.
Ёсьць розныя краіны. Адны маюць рэспэктабэльны джэнтльмэнскі набор: дзяржаўную патрыятычную моладзевую арганізацыю, дзяржаўны прафсаюз, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія вырабляюць розную прадукцыю — ад лёгкай да цяжкай, дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы, пасьля якіх ты, натуральна, мусіш адпрацаваць на дзяржаву пэўны тэрмін. Гэта называецца «разьмеркаваньне». Ці то адпрацоўка.
Вось ты прагнеш быць журналістам, паступаеш, вучысься, уяўляеш сябе якімсьці Хантэрам Томпсанам ці то Мікітам Мелказёравым, майстрам вострага рэпартажу ці актуальнага інтэрвію, а пасьля навучаньня трапляеш у ёцэвіцкую раёнку, дзе трэба два гады пісаць захопленыя «навіны з палёў» пра гераічную працу камбайнэраў і ўсякія надоі-бітвы за ўраджай — высокія паказальнікі... І камандуе табой рэдактар у шэрым гарнітуры з шэрым тварам і пагаслым позіркам. Ён адразу сваім шэрым голасам інфармуе цябе пра мэты й задачы твайго двухгадовага (ясна, што болей ты тут «працаваць» ня будзеш) ёцэвіцкага існаваньня, пра недапушчальнасьць усялякае ініцыятыўнасьці і «творчых праяваў». Трэба проста выконваць пастаўленую задачу. Табе паказваюць тваё новае «жытло маладога спэцыяліста» — пакой у інтэрнаце (добра, калі без суседзяў). Там нядаўна зрабілі рамонт. Паклеілі новыя шпалеры з кветкавым арнамэнтам, пафарбавалі падлогу «палавой фарбай». У прыбіральні (яна на калідоры) зафарбавалі іржу і цьвіль. «Вось, — гаворыць рэдактар, — жыві і радуйся».
І ты залягаеш на дно ў Ёцэвічах. На доўгія два гады. І невядома, якім ты выплывеш з гэтага «дна» і ці выплывеш наогул.
Ці то ты ігнаруеш Ёцэвічы, раёнку, сельскія будні ды ўсе гэтыя бітвы за ўраджай і ўсплываеш у Варшаве ці Вільні ў нейкім незалежным мэдыя, а тваіх бацькоў улады дзяўбуць: «Заплаціце за навучаньне вашага дзіцяці ў нашым выдатным унівэрсытэце кругленькую суму!».
Ёсьць такія краіны — дзе дзяржаўны прафсаюз, які ў спрэчках паміж працоўным чалавекам і дзяржавай заўжды стане на дзяржаўны бок. Дзе моладзевая арганізацыя будзе праводзіць нудныя бляклыя мерапрыемствы для галачкі, а ейныя кіраўнікі зробяць імклівую кар’еру. Дзе прадпрыемствы будуць працаваць «на склад» і атрымліваць ад дзяржавы пастаянныя спонсарскія датацыі. Дзе пасьля вучобы ты мусіш прайсьці цяжкае выпрабаваньне пад назваю «разьмеркаваньне». Ёсьць такія краіны.
Нават «краіны» — гэта занадта гучна. У Эўропе толькі адна такая краіна з разьмеркаваньнем. РБ. І вось як увялі, дакладней, вярнулі гэтую савецкую завядзёнку ў 2011-м, так і працягваецца да сёньня. Дый яшчэ хочуць павялічыць тэрмін прыгоннае адпрацоўкі. Вырашаюць — колькі? 5 гадоў? 10? І «платнікам» таксама трэба адпрацоўваць, а то — хітранькія, добра ўладкаваліся!
А ёсьць краіны, дзе няма ніякага разьмеркаваньня. І нічога, людзі вучацца і працуюць. І ня трэба біцца за ўраджай, яго проста зьбіраюць. І ня трэба рэкордных надояў — і так усё ў парадку. І прадпрыемствы жывуць паводле законаў здаровае канкурэнцыі. І нідзе няма калгасаў-саўгасаў з абавязковымі гумовымі ботамі, толькі ў нас. І чамусьці нідзе без калгасаў не загнулася сельская гаспадарка — усё расьце на фэрмах, на палях, плянтацыях і ў цяпліцах.
І што выбера малады амбітны журналіст — панурую фармальную адпрацоўку ў ёцэвіцкай раёнцы ці хоць якую блізкую да профільнай працу за мяжой? А лекар? А мэнэджэр? А лягістык?
Насамрэч няма чаго тут абмяркоўваць. Усё абсалютна зразумела.
Хачу толькі пажадаць вам як найхутчэй дажыць да тых часоў, калі ўсе гэтыя разьмеркаваньні-адпрацоўкі, раёнкі, датацыйныя прадпрыемствы, калгасы-саўгасы забудуцца як страшны сон.
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі