Вышываначнасць. Камбэк кіраванага нацыяналізму

10.07.2017 Cult Fiction

Пару гадоў таму вярталіся з сябруком-мастаком з запісу чарговай тэлеразмовы. Зімні ранак. Вецер. Размовы пра рознае. Калега шчыльней падцягнуў кволы шалік і раптам кажа: “Ведаеш, яны б пазбавілі нас галоўнай зброі, калі б прысабечылі сімволіку. Хто б пайшоў супраць бел-чырвона-белай улады?”. Ага, падумаў я. Нічога ж болей не маем. Адно фішкі ды гаджэты. Сцягі ды расцяжкі. Прывіды герояў ды свабоду на радыёхвалях. Абмежаванасць поля рэальнага дзеяння прымушае сыходзіць у перадзел сімвалічнага. Змагацца за спевы, словы, малюнак на цішотцы. І лічыць іх рэсурсам нацыянальнага супраціву ды гарантам лепшага заўтра. Але нядаўні “вышываначны бум” маланкава праляцеў трасу ад несістэмнай ініцыятывы да сёлетняга БРСМаўскага трэш-параду.

На першы погляд, усё зразумела: прыйшоў крывавы рэжым і спаганіў цудоўную задуму. Мы, як заўсёды, малайцы і д’Артаньяны. Яны, як звычайна, суцэльныя бонсцікі.

Другая версія: нічога не спаганена, проста рэжым з улікам магчымай расійскай пагрозы вырашыў па-хуткаму выхаваць з электарату лайтовых нацыяналістаў. Выкарыстаў, так бы мовіць, напрацоўкі апанентаў у інтарэсах дзяржавы.

Аднак, на маю думку, справа тут зусім не ў БРСМе і ягоных вульгарных густах (дарэчы, яны сапраўды вульгарныя). Тым больш – не ў расійскіх траблах (калі што – нашыя кашулькі расійскія танкі не спыняць). Варта запытацца пра іншае: наколькі эфектыўным у нашых умовах можа быць патрыятычнае выхаванне праз побытавы дызайн? Ці здольныя змены строю спрыяць зменам свядомасці? І калі так – на чыю карысць?

Вышыванкі перамаглі – “пайшлі ў народ” – таму, што ні з кім не змагаліся. За тыражаваннем спрошчаных прынтоў нацыянальнай сімволікі не было ні палітычных заклікаў, ні рэвалюцыйных праграм. Яны атрымаліся зручнымі і безадмоўнымі, як аднаразовыя запальнічкі. Клік! І ты ўжо патрыёт. А што далей? А нічога. Далей усё як было.

На фоне манатоннай ідэйнай барацьбы за розныя версіі беларускасці – “дзяржаўная” супраць “свядомай” – новы лёгкі стыль выглядаў шыкоўнай магчымасцю першаснага аб’яднання нацыі: хакей, футбол і вышымайкі. Але тое аб’яднанне аказалася не пошукам агульнай ідэі, а канструяваннем чарговай глабальнай уніформы. Вышымайкі збольшага стварылі не новы фармат свабоды, а новую версію залежнасці, культурнай мімікрыі. Здольнасці мяняць ахоўную афарбоўку суразмерна абставінам.

Нам сказалі: гэта модна. Нам сказалі: усе на парад. Нам сказалі: трэба паказаць патрыятызм. Нам сказалі: усе так робяць. Вышыванкі для немаўлят. Вышыванкі для вяселляў. Вышыванкі для чынавенства. Вышыванкі для прэзідэнта.

Дарэчы, нічога новага. Дакладна так было за саветамі: чырвоная імперыя таксама спажывала вышыванкі – калі трэба было публічна пазначыць лакальную адметнасць чарговай правінцыі. Не менш вышываначнымі былі ўсялякія дзяржаўныя ансамблі народнага танцу і харавыя капэлы, акуратны псеўда-фолк вакальна-інструментальных хаўрусаў і “Паўлінка” з “Несцеркай”. Савецкая вышываначнасць сталася трыумфам павярхоўнага нацыянал-дэкору – паказушным пазначэннем тутэйшай прыналежнасці.

Таму для наяўнага беларускага рэжыму вышыванка – не вораг, а натуральная частка камуністычнай спадчыны. Cітуацыйны прапагандысцкі рэсурс. Ад прысутнасці/адсутнасці якога нічога, па вялікім рахунку, не мяняецца. Апраніце АМАП у вышыванкі – і што, яны кінуць свае дручкі ды заспяваюць Вольскага?

Новы час адметны тым, што стварыў і спалучыў розныя групоўкі “вышыванцаў”: шчырых нацыянал-рамантыкаў, серыйных камерцыйных вытворцаў, лайтовую моладзь у першым набліжэнні да беларускасці, апантаных спажыўцоў і цвярозых маніпулятараў. Яны гуляюць на адным полі. І таму так лёгка памыліцца, палічыўшы камерсанта прапагандыстам, а прапагандыста – рамантыкам. Узрадавацца перамозе там, дзе насамрэч паўстае новы фармат несвабоды. Чарговае ўвасабленне кіраванага патрыятызму.

Зрэшты, альтэрнатыўны нацыянал-культурменеджмент таксама мроіў пра кіраваны патрыятызм. Таму і сышоў з млявай палітыкі ў энергічны поп-крэатыў. Фармаваць нацыю па сваіх лякалах. Але відавочны стартавы поспех аказаўся стратэгічнай праблемай. Бо вышымайкі (як вельмі хутка высветлілася) лёгка спалучаліся адразу з усім: грамадзянскай нязгодай, турысцкай атракцыйнасцю, багемным адвязам, хіпстарскай маднявасцю і прымусовым патрыятызмам. З рознымі вымярэннямі нашага агульнага шоў.

П’еса тая самая. Проста раптам дазволілі пераапрануцца ў сваё.

Хопіць падманваць сябе: стыль – бонус, а не мэсідж. Вокладка, а не змест. Абгортка, а не зброя. Выбух вышываначнага поп-дызайну – гэта імітацыя пераменаў. Адначасова калапс палітычнага і далучэнне да татальнага спектаклю. Млявыя рухі на фоне ўсенароднага дэжавю.

 

Максім Жбанкоў