У полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання адкрылася выстава да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна. Ніжэй можна паглядзець фотаздымкі з выставы, а літаратар Алесь Аркуш напісаў колькі словаў пра паэта для сайта gorod214.by.
Што мяне прыемна здзіўляла ў Генадзю Мікалаевічу, дык гэта яго чалавечая шчырасць і прыязнасць. З ім было надзвычай проста размаўляць, бо ты заўсёды адчуваеш ягоную павагу да суразмоўцы. Прычым неістотна, ці размаўляе ён з нейкім паважаным, сталым чалавекам, ці з зусім юным, наіўным, а часам яршыстым.
З Генадзем Мікалаевічам я пазнаёміўся ў 1990 годзе, калі ён прыехаў у Наваполацк на сустрэчу з землякамі. Ведаю дакладна год, бо Генадзь Мікалаевіч тады падпісаў мне свой зборнік вершаў «Гняздо для птушкі радасці»: «Алесю Аркушу — з верай і надзеяй, па-сяброўску. 7.2.1990.»
Вера і надзея хіба што былі любімыя словы Бураўкіна. Ён непахісна верыў у Беларусь, у беларускую літаратуру, у беларускі народ і беларускі лёс. І не проста верыў, а рупіўся і старанна працаваў на беларускай ніве. Усе мы добра ведаем пра ягоную працу кіраўніком беларускага тэлебачання і пра ягоны клопат як грамадскага дзеяча. Ну але перадусім ён быў паэтам. Для мяне таксама было дзіўным, як чалавек, які, можна сказаць, вялікі чыноўнік, і пры гэтым захоўвае сваю лірычную душу. Дастаткова прачытаць хаця б ягоны зборнік вершаў пра каханне «Пяшчота». Ніякая чыноўніцкая пыха да яго не прыставала.
Генадзь Мікалаевіч лічыў сябе палачаніным, хоць дзяцінства яго прайшло на Расоншчыне, дзе ён нават закончыў 8 класаў. А ўжо дыплом аб сярэдняй адукацыі ён атрымаў у Полацку, куды пераехалі яго бацькі на пачатку 50-х. Дарэчы паэтычны дэбют Бураўкіна адбыўся як раз у Полацку — у полацкай раённай газеце.
Тут у Полацку, дакладней у Калектыўным, жыла яго маці, якую ён часта наведваў. Цікавіўся ён і грамадска-культурніцкім жыццём старажытнага горада. Прыемна было бачыць Генадзя Мікалаевіча на ўрачыстасці адкрыцця навучальных карпусоў ПДУ у будынках былога езуіцкага калегіюма. Ён быў сярод ганаровых гасцей свята, казаў сваё слова з універсітэцкіх прыступак, прачытаў свой верш. Было гэта сімвалічна і прыгожа.
Мы перыядычна недзе сустракаліся — на розных імпрэзах, прэзентацыях. Час ад часу сазвоньваліся. Я некалькі разоў браў у Генадзя Мікалаевіча інтэр'ю, адно з якіх друкавалася ў часопісе Arche.
Генадзь Бураўкін і Алесь Аркуш, фота з прыватнага архіва
Час ад часу я слухаю дыктафонныя запісы з голасам Генадзя Мікалаевіча, якія рабіў у розныя гады, і тады паўстае адчуванне, нібыта старэйшы калега недзе побач і па-ранейшаму з ім можна паразмаўляць і параіцца. Ды і кнігі яго нікуды не зніклі. Летась нарэшце я сабраў поўны збор яго арыгінальных зборнікаў.
Неяк аднойчы, калі я яму тэлефанаваў, і традыцыйна звяртаўся на «вы», ён мяне паправіў: давай без «вы». І дадаў, што праз нейкі час, ужо не такі далёкі, мы будзем лічыцца паэтамі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, амаль як равеснікі. Я пасміхнуўся. Але казаць «ты» мне ўсё адно было складана. Бо гэта ж Генадзь Бураўкін. Вялікі паэт і вялікі чалавек.