Выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна ў Дрэздэне даследуе ўнутраныя механізмы ўзаемадачынення паміж міфам і палітыкай, уплыў гэтай з'явы для аўтарытарных і рэпрэсіўных сістэм. Аўтары праекту шукаюць адказы на пытанні: якую ролю адыгрывае міфалогія і якім чынам так званыя знакі лёсу інтэрпрэтуюцца на карысць улад.
Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава. Фота: japanisches-palais.skd.museum
«Кафэ Беларусь» паўстала яшчэ ў 2021 годзе ў кантэксце выставы «Бязмоўе — гучнае аняменне». Па словах аўтараў, гэта таксама і пляцоўка, дзе сустракаюцца і абменьваюцца думкамі эмігранткі і эмігранты, дзяячкі і дзеячы культуры з Беларусі і ўсяго свету.
«Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры» ўключае найноўшыя творы мастацкай групы 1+1=1. Яны апавядаюць пра адстойванне свабоды мастацтва, тым самым скіроўваючы ўвагу на грамадска-палітычную сітуацыю ў сённяшняй Беларусі.
Антаніна Слабодчыкава, малюнак з серыі "Героі - проста героі", 2023 г.
У гэтым годзе ў экспазіцыю ўвайшло каля 25 прац, сярод якіх відэа, перформансы, унутраныя механізмы ўзаемадачынення паміж міфам і палітыкай, інсталяцыі, створаныя пасля 2020 года, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя творы, распрацаваныя адмыслова для выставы.
Адкрыццё адбудзецца 7 верасня, а сама выстава прадоўжыцца да 23 лістапада. Пабачыць экспазіцыю можна ў Дрэздэне, у Японскім палацы (Palaisplatz 11).