Адкрыццё выставы мастака, сябра суполкі “Пагоня” Рыгора Данчанкі адбудзецца 30 красавіка а 15-й гадзіне ў Доме рамёстваў раённага цэнтра Шаркаўшчына, што на Віцебшчыне.
На выставе будуць прадстаўленыя творы жывапісу, створаныя мастаком у 70-80-х гг. мінулага стагоддзя. Гэта, найперш, эцюды, напісаныя з натуры на Тураўшчыне, адкуль мастак родам. Усяго экспазіцыя складаецца з 24 твораў алейнага жывапісу.
Выстава будзе доўжыцца да канца траўня.
“Мастак Рыгор Данчанка, сябра творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў, нарадзіўся ў 1942 годзе ў Тураве Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне дызайну. Вядомы Данчанка як мастак-плакатыст. Ягоныя плакаты “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Хлеб — усяму галава”, “Тураву 1000 гадоў” – шырока вядомыя беларускаму гледачу. Шмат творчых намаганняў мастак аддаў афармленню Тураўскага краязнаўчага музея.
Выхаванец дзіцячага дома, ён спазнаў вялікія цяжкасці ў сваім жыцці. Вось ужо каторы год мастак не бярэ ў рукі пэндзаль. Ён страціў зрок. І як не дамагаліся дактары дапамагчы творцу – вынікі былі безнадзейныя.
Першая і найбольш поўная персанальная выстава мастака адбылася ў Палацы мастацтваў і была прымеркаваная да ягонага 60-годдзя. Рыгор Данчанка прысутнічаў на адкрыцці, але, на жаль, ужо быў не ў стане пабачыць вынікі сваёй творчасці.
Сёння мы паказваем больш за 20 ягоных твораў, напісаных у розныя гады. Прытым, усе яны выкананыя за адзін сеанс, на адным дыханні. У гэтых каларыстычных эцюдах кожны можа адчуць жывы, непасрэдны кантакт з прыродай. Яркія незабыўныя фарбы паляшуцкай зямлі не пакінуць гледача абыякавым.”
Аляксей Марачкін, старшыня творчай суполкі “Пагоня”
На фота: Карціна Рыгора Данчанкі “Летнім днём у лесе” (палатно, алей. 33х35 см. 80-я гады) з сайта Мастакі Беларусі.
Тэгі: Віцебшчына, Шаркаўшчына