Выстава станкавай і кніжнай графікі, «Terragraphica» і «Big city life». Гайд па выставах у Палацы мастацтва

10.04.2023 Мастацтва

У мінчукоў ёсць нагода ў чарговы раз завітаць у Палац мастацтва на Казлова, бо там адчынілі свае дзверы тры новыя і працягвае працу адна ранейшая выставы. Новыя выставы прыйдуцца даспадобы ўсім прыхільнікам мастацтва, будуць карысныя для дызайнераў і выдаўцоў кніг, зацікавяць будучых мастакоў любога ўзросту, бо на прадстаўленых працах можна вучыцца графіцы, ставіць у прыклад і выкшталцоўваць свой густ. Дык чаму ж звычайнаму жыхару сталіцы, які, магчыма, толькі робіць крокі, каб адкрыць для сябе свет неверагоднага беларускага мастацтва, варта завітаць у Палац мастацтва на Казлова?


01.jpg

Выстава «Беларускай станкавай і кніжнай графікі ХХ—ХХІ стагоддзяў». Выстава «Terragraphica»

Гэтыя дзве выставы немагчыма разглядаць паасобку, і можна толькі падзівіцца, як арганізатары здолелі напісаць два розныя прэс-рэлізы, дзе пераплятаюцца тонкай гульнёй узнёслых словаў усе натхняльныя эпітэты ў дачыненні да мастакоў, якія прадстаўляюць гэты кірунак мастацтва. Наведваючы залі, вы не здолееце вызначыць і правесці мяжу паміж дзвюма выставамі, бо яны плаўна перацякаюць адна ў адну.

Большасць людзей адкрываюць для сябе свет мастацтва праз колеры акварэльных і алейных карцін і забываюць, як неймаверна прыгожа і тонка можна перадаць пачуцці манахромнай выявай. Менавіта манахромнасць прымушае наведвальнікаў узірацца ў вобразы, звяртаць увагу на ўсе дробязі, лініі і шматузроўневую інтэрпрэтацыю пададзенай гісторыі.

02.jpg

Наведваючы выставы, зладзьце самастойны маленькі мастацкі квэст — паспрабуйце ўявіць, што вобразы, якія вы бачыце, — гэта вокладкі ці аздабленні кніг.

Пераходзячы ад адной карціны да другой, падумайце, які малюнак вы размесціце на старонках рамана «Людзі на балоце»? А можа, атрымаецца знайсці выявы для кніг Уладзіміра Караткевіча і Кузьмы Чорнага? Ці, можа, паспрабуеце ўявіць аздабленне баек Кандрата Крапівы і ваенных вершаў Янкі Купалы? Калі школьная праграма даўно забыта, то, магчыма, вы сочыце за сучаснай беларускай літаратурай і здолееце знайсці вобразы для кніг Людмілы Рублеўскай, Віктара Марціновіча, Адама Глобуса, Андрэя Хадановіча ці Марыі Мартысевіч? Калі вы не настолькі добра ведаеце беларускую літаратуру, то тады чароўныя вобразы карцін перанясіце на творы Гётэ, Маякоўскага, Муракамі, на паданні Антычнага свету і Сярэднявечнай Еўропы, ці любых іншых любімых вашых аўтараў. А можа, праз чорна-белыя графічныя вобразы ва ўспамінах з’явяцца малюнкі з кніг вашага дзяцінства?

Графіка для кніг не мае мовы, яна можа гучаць на ўсіх мовах свету, і яна не спыняецца часам, бо працы жывуць стагоддзямі і здолеюць упрыгожваць не толькі літаратурныя творы ХХІ стагоддзя.

03.jpg

Дзве графічныя выставы настолькі насычаны цікавымі імёнамі, што вы абавязкова для сябе занатуеце пару прозвішчаў сучасных беларускіх мастакоў, каб сачыць і натхняцца іх дзейнасцю праз Instagram ці Facebook. А пасля здолееце пазнаваць гэтыя вобразы на выставах у розных музеях Беларусі. І не трэба баяцца сказаць сабе і сябрам, з якімі вы прыйдзеце на выставу, што вам не спадабаўся той ці іншы аўтар. Не дайце гучным імёнам прымусіць вас думаць, што вы можаце не разумець мастацтва. Анарэ дэ Бальзак, Джоан Роўлінг і Джордж Марцін таксама не ўсім падабаюцца ў мастацкай літаратуры. Дык чаму вам павінны падабацца ўсе мастакі?

04.jpg

У гэтым артыкуле наўмысна не названа ніводнае прозвішча мастака, бо выставы «Беларускай станкавай і кніжнай графікі ХХ—ХХІ стагоддзяў» і «Terragraphica» варта наведаць не дзякуючы гучным імёнам мастакоў, якія вы абавязкова знойдзеце ў Палацы мастацтва; выставы варта наведаць у першую чаргу дзеля адчування неверагодна чароўнага і эмацыйна каляровага свету графікі. Каб захапіцца прадстаўленымі там мастакамі, знайсці сваіх любімчыкаў, спрабаваць уявіць іх творы на сценах сваёй кватэры і адкрыць сваё сэрца чорна-беламу малюнку.

На выстаўцы можна пабачыць больш за 300 твораў графікі з прыватных калекцый, а таксама зборы Беларускага саюза мастакоў, якія ахопліваюць час ад другой паловы XVIII стагоддзя да нашых дзён.

Дзе месціцца?

вул. Казлова, 3 (м. Плошча Перамогі).

Калі працуе?

з 11 да 20 гадзін (аўторак—нядзеля) да 23 красавіка.

Колькі каштуе?

10 руб. — дарослыя; 5 руб. — ільготны.

Што трэба ўзяць з сабой?

Тэлефон ці нататнік, каб запісаць прозвішчы ўпадабаных аўтараў.

Колькі часу зойме наведванне?

Гледзячы наколькі доўга будзеце натхняцца манахромнасцю выставы.

Каму цікава?

Усім неабыякавым да мастацтва і тым, хто толькі становіцца такім.

Выстава «Big city life»

На выставе прадстаўлена графіка і скетчы, якія выхопліваюць хвіліны мітуслівага гарадскога жыцця і спыняюць непаўторныя імгненні ў каляровых і чорна-белых занатоўках.

05.jpg

Углядаючыся ў скетчы, вельмі лёгка ўявіць апантанага аўтара, які занатоўвае гэты вобраз для будучага гледача, седзячы пад дрэвам у парку, на лаўцы ўздоўж гулкага праспекта ці каля ўвахода ў гатычны касцёл. Сучасны аўтар спрабуе вырываць і спыняць імгненні, як спыняў іх для нас Напалеон Орда, вандруючы па сядзібах і палацах сваёй зніклай Айчыны. Пасля яго працы, якія, магчыма, першапачаткова былі скетчамі ХІХ стагоддзя, сталі скарбонкай беларускага мастацтва. Дык чаму, калі мы можам лёгка ўявіць сябе Напалеона Орду са скетчамі, нам нельга ўявіць сучасных мастакоў будучымі Напалеонамі Ордамі?

Мастакі выставы «Big city life» спыняюць гарадское імгненне для нас і прымушаюць задумацца пра хараство урбаністычнага жыцця. Ці стануць яны ў будучым такімі ж вядомымі, як і наш славуты суайчыннік, пакажа час.

Абавязкова звярніце ўвагу на назвы, запісаныя на тарцах выставачных павільёнаў. Здагадаліся, чаму яны так называюцца?

06.jpg

Дзе месціцца?

вул. Казлова, 3 (м. Плошча Перамогі). Залі #2, уваход праз кафэ.

Калі працуе?

з 11 да 20 гадзін (аўторак—нядзеля) да 23 красавіка.

Колькі каштуе?

6 руб. — дарослыя; 3 руб. — ільготны.

Што трэба ўзяць з сабой?

Светлую галаву, каб адчуць настрой аўтараў.

Колькі часу зойме наведванне?

ад 10 да 20 хвілін.

Каму цікава?

Усім, хто хоча адкрываць для сябе нешта новае і сучаснае.

Выстава «Погляд у далягляд»

У галерэі «Арт-Беларусь» працягвае дзейнічаць выстава пейзажаў «Погляд у далягляд». Калі вы ўпершыню прыйшлі ў Палац мастацтва, абвязкова наведайце гэтую выставу. І нават калі вы ўжо былі на ёй, ёсць сэнс знайсці час і зайсці яшчэ раз паглядзець на захапляльныя краявіды, бо ваш настрой, надвор’е і падзеі навокал уплываюць на ўспрыняцце карціны. А раптам вы нешта прапусцілі мінулым разам?

12Погляд3.jpg

На выставе знойдзе што паглядзець і той, хто даўно цікавіцца мастацтвам і з першага позірку адрознівае карціны Рушчыца, Бакста, Шагала, і той, хто толькі пачынае звяртаць увагу на мастацтва і хаатычна спрабуе запомніць імёны цікавых для сябе аўтараў.

«Погляд у далягляд» — гэта чароўны карагод пейзажаў, мясцінаў і хараства сезонаў, расцягнуты ў гістарычным часе. Гэта магчымасць адначасова параўнаць розныя мастацкія стылі, школы, ідэі і абраць, што вам больш падабаецца ў пейзажным мастацтве.

Як разнастаіць наведванне выставы? Паспрабуйце адгадаць, у якія гады была намалявана карціна. Звяртайце ўвагу на ўсё — багет, памер палатна, стыль, краявід. І толькі пасля падыходзьце і знаёмцеся з аўтарам і яго творам.

10Погляд1.jpg

Асобна хачу засяродзіць увагу наведвальнікаў на тым, што кавярня, якая месціцца ў будынку Палаца, — гэта не толькі месца, дзе робіцца смачная гарбата ці кава, гэта своеасаблівы працяг выставы. Дык чые ж працы на яе сценах больш прыцягваюць увагу — Цвірко ці Кубарава?

11Погляд2.jpg

Дзе месціцца?

вул. Казлова, 3 (м. Плошча Перамогі). Уваход праз білетную касу.

Калі працуе?

з 11 да 20 гадзін (аўторак—нядзеля) да 30 красавіка.

Колькі каштуе?

8 руб. — дарослыя; 4 руб. — ільготны.

Што трэба ўзяць з сабой?

Жаданне адкрываць новыя вобразы і запамінаць імёны аўтараў.

Колькі часу зойме наведванне?

ад 20 да 30 хвілін.

Каму цікава?

Усім.

Магдалена Адынец, budzma.org