«Мы ўпэўненыя ў тым, што з беларускай культурай можам працягваць паўнавартаснае жыццё беларускай супольнасці ў выгнанні. Наш супольны абавязак — падтрымліваць беларускую культуру і мастацтва па-за Беларуссю. І таксама адукоўваць, распавядаць, тлумачыць замежнікам пра сітуацыю ў Беларусі».
Аб’яднанне беларусаў Балонні арганізуе выставу «Мастацтва ў выгнанні». Яна пройдзе ў Балонні з 25 кастрычніка па 17 лістапада 2024 года. На выставе будуць прадстаўлены работы беларусаў і беларусак, мастакоў, якія апынуліся ў выгнанні за пратэст супраць рэжыму Лукашэнкі.
Выстава пройдзе ў зале Эрколе ў Ратушы на плошчы Maggiore Муніцыпалітэта Балонні.
Афіша выставы "Мастацтва ў выгнанні"
«Для транспарціроўкі работ у Балонню, стварэння рэкламных матэрыялаў, ўсталёўкі і адкрыцця выставы патрэбна фінансавая дапамога. Асацыяцыя ўдзельнічала ў розных конкурсах і звярталася па дапамогу ў фонды, але, на жаль, на сёння няма аніводнага пазітыўнага фідбэку ад іх, — зазначаюць арганізатары. — Таму адкрыты збор сродкаў сярод беларусаў і замежнікаў, якія не абыякавыя да нашай справы. Мы запрашаем вас падтрымаць івэнт, бо мы верым, што культура дапамагае перамагчы дыктатуру!».
Як дапамагчы:
Зрабіць ахвяраванне на сайце BuonaCausa.org
PayPal: paypal.me/belarusbo
Current Account: IT10 C030 6909 6061 0000 0187 903
Addressed to: BelarusBo Aps
Bank: Intesa Sanpaolo
Transaction description: Art in Exile
Арганізатары выставы: Асацыяцыя беларусаў Балонні і Народная амбасада Беларусі ў Італіі пры падтрымцы Муніцыпалітэту Балонні.
Выстава «пакажа творцам, што яны не адны»
Прадстаўніца суполкі «Беларусы Балонні» Марыя распавядае ў інтэрв’ю Budzma.org, што сярод задач супольнасці — прасоўванне беларускай культуры ў Італіі і дапамога беларусам, якія туды пераязджаюць.
«Суполку мы заснавалі ў 2021 годзе. Беларусы Балонні перазнаёміліся між сабой у 2020-м. Зразумела, мы не маглі не бачыць таго, што адбываецца на радзіме, выходзілі тут таксама на плошчу, на маніфестацыі. У нас даўно з’явілася ідэя зрабіць вялікую беларускую выставу, і мы прасілі ў муніцыпалітэта падтрымкі. На шчасце, мэрыя Балонні падтрымала нас і прадаставіла для выставы залю Муніцыпальнага палаца Балонні, які стаіць на галоўнай плошчы горада. Гэтая заля самая вялікая і прэстыжная — каб зняць яе, нам бы не хапіла ніякіх рэсурсаў. І правесці прэс-канферэнцыю перад адкрыццём мэрыя дапаможа, думаю, будзе рэзананс», — кажа Марыя.
Паводле яе слоў, беларусы Балонні ўпэўненыя ў тым, што «дзякуючы беларускай культуры мы можам працягваць паўнавартаснае жыццё беларускай супольнасці ў выгнанні».
«Мы будзем вызначацца як беларусы толькі пры ўмове жыцця беларускай культуры. І таму хацелі даць пляцоўку і падтрымаць беларускіх мастакоў. Я ўпэўнена, што сапраўднае свабоднае беларускае мастацтва зараз амаль цалкам знаходзіцца ў выгнанні. Тое, што засталося ў Беларусі, не бачнае праз рэпрэсіі, цэнзуру і страх, ці яго амаль няма, а тое, што бачым — гэта не свабоднае мастацтва.
Таму лічу, што наш супольны абавязак — падтрымліваць беларускую культуру і мастацтва ў выгнанні. І таксама мы працуем тут на месцы, каб адукоўваць, распавядаць, тлумачыць італьянцам, увогуле замежнікам, наконт сітуацыі ў Беларусі.
Да таго ж яшчэ і вайна ва Украіне, дзе беларуская дзяржава падтрымала агрэсара. І не ва ўсіх у Італіі зараз ёсць яснае разуменне пра тое, дзе — дзяржава беларуская, а дзе — народ і пра тое, што народ і рэжым — гэта не сінонімы», — сказала прадстаўніца «Беларусы Балонні».
Яна заўважае, што ўлетку і ўвосень 2020-га «дастаткова шмат італьянцаў ведалі пра падзеі ў Беларусі, сачылі, але час ідзе, хтосьці ўжо і падзабыў пра гэта, бо столькі ж усяго кепскага ў нашым рэгіёне яшчэ адбылося».
«А галоўнае, мала хто ведае, што нават зараз — праз чатыры гады пасля 2020-га — у Беларусі працягваюцца арышты, катаванні, пераслед, што безліч людзей за свае перакананні і думкі застаюцца за кратамі.
Таму гэта выстава — гэта таксама добры інструмент, каб расказаць пра Беларусь і паказаць яе.
Мастацтва — гэта ж універсальная мова, якую разумеюць паўсюль. То-бок у нас тры асноўныя мэты:
• даць жыццё беларускаму мастацтву ў выгнанні,
• расказаць тут пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пра выгнанне беларусаў,
• І трэцяе: падтрымаць менавіта гэтых беларускіх мастакоў, якім насамрэч зараз вельмі цяжка.
З тых, хто будзе выстаўляцца ў Балонні, я шмат каго ведаю асабіста. Гэта людзі, якія хочуць працягваць займацца мастацтвам, яны працуюць над тым, каб беларускае мастацтва не знікла ў выгнанні. Але гэта вельмі цяжка — мастацтва не прыносіць нейкі стабільны прыбытак, вельмі шмат людзей вымушаныя займацца нейкімі падпрацоўкамі ці ўвогуле працаваць за невялікія грошы на працах, вельмі далёкіх ад мастацтва», — зазначае Марыя.
Арганізатары спадзяюцца, што выстава ў тым ліку «пакажа творцам, што яны не адны, што іх творы цікавяць людзей у іншых краінах, яны змогуць расказаць свае гісторыі». «І, можа быць, пасля гэтай выставы яны ўбачаць яшчэ якія-небудзь магчымасці, можа быць, сустрэнуць кагосьці, хто зацікавіцца беларускім мастацтвам, можа быць, пасля гэтай выставы народзяцца нейкія іншыя праекты. Можа быць, нехта з наведнікаў захоча купіць нейкія з твораў, што будуць на выставе, але гэта ўжо справа саміх мастакоў — мы нічога не зарабляем на імпрэзе», — сказала Марыя.
Хто ўдзельнічае ў выставе
Не ўсе з мастакоў гатовыя называць свае імёны. «Магу сказаць, што будуць творы Антона Радзівонава, які зараз жыве ў Варшаве.
Карціна Антона Радзівонава „Птушкі з народам“. Фота з інстаграма мастака
Будзе таксама Яна Чарнова, яе „Беларуская Венера“, якая стала вельмі вядомай у 2020 годзе, узятая якраз на нашу афішу, — расказвае Марыя. — Карціна намаляваная падчас тых дзён, калі людзі сталі выходзіць з-за кратаў пасля выбуху паслявыбарчага гвалту з боку дзяржавы — усе пабітыя, збітыя, згвалтаваныя рэжымам. Шчыра кажучы, я яшчэ тады, у 2020-м, падумала, што хацела б прывезці гэту карціну на выставу сюды, каб людзі тут пабачылі яе.
Карціна Яны Чарновай „Беларуская Венера“. Фота з інстаграма мастачкі
Яна Чарнова з вялікімі цяжкасцямі вывозіла карціну ў Еўропу, бо да 2022 года мастачка навучалася і жыла ў Расіі. „Беларуская Венера“, можна сказаць, будзе адным з цэнтральных экспанатаў нашай выставы.
Таксама будзе Святлана Петушкова, якая зараз жыве ў Вільні. У яе сям’і таксама вельмі складаная гісторыя, у 2020-м прыйшлося бегчы праз пераслед з Беларусі.
Карціна Святланы Петушковай пра блакіроўку tut.by. Фота з інстаграма мастачкі
Некалькі мастакоў і мастачак не хочуць адкрываць свае імёны па зразумелых прычынах — тыя ж перасцярогі за бяспеку сваякоў у Беларусі і г. д. Але ва ўсіх ёсць свая драматычная гісторыя развітання, спадзяюся, часовага з роднай краінай. І мы хочам, каб яны расказалі гэтыя гісторыі тут на выставе, хто праз працы, а хто і расповедамі.
Каля твораў будуць размешчаныя матэрыялы пра асобу творцы, пра жыццё да і пасля, пра тое, чаму і як яны пакідалі Беларусь і як складваецца іх жыццё ў выгнанні — якія пачуцці, якія складанасці, якія дасягненні, можа быць».
Карціна Святланы Петушковай. Фота з інстаграма мастачкі
«Будзем удзячныя, калі нехта з беларусаў падтрымае збор на выставу. Асноўныя сродкі знайшлі тут, у Італіі, дзякуючы спонсарам і асабістым нашым кантактам. Грошы знайшлі на афармленне выставы, друкаваныя матэрыялы да яе. Збіраем на транспаціроўку карцін сюды і назад. Канечне, хацелася б, каб было больш падтрымкі з боку беларускіх незалежных асацыяцый і арганізацый, але гэтым разам не склалася», — дадае Марыя.
«Беларусам трэба нагадваць пра сябе»
Мастак Антон Радзівонаў у інтэрв’ю Budzma.org кажа, што выстава важная, бо «мала выстаў агульных праводзілася, дзе шмат бы мастакоў удзельнічала».
Антон Радзівонаў за працай. Фота з інстаграма мастака
«У Балонні ж будуць працы 12 творцаў, якія нагадаюць свету, што працягвае адбывацца ў нашай краіне. Бо, калі паглядзіш на масмедыя, бачыш, што беларуская тэма паціху знікае з парадку дня еўрапейскага. Лічу, што нам трэба нагадваць пра сябе, казаць пра тое, якую пазіцыю займае большасць беларусаў і ў дачыненні да вайны, і да беларускага злачыннага рэжыму», — кажа Антон.
«Рады, што будзе ўдзельнічаць Яна Чарнова. Яна вучылася да вайны ў Расіі, пасля пачатку вайны забрала з апошняга курса дакументы і з’ехала — чалавек з пазіцыяй. Пра астатніх без іх згоды казаць не магу. Сітуацыя зараз такая, што людзі баяцца за бацькоў, за сваякоў, за сваю маёмасць у Беларусі. Бачыце, рэжым выкінуў людзей з краіны, але дацягваецца і па-за краінай — праз завочныя справы, арышты маёмасці, візіты да сваякоў і г. д. Я магу гаварыць, бо ў мяне іншая сітуацыя, са сваякамі я не кантактую зараз, мяне прызналі экстрэмістам і ўсё такое — я буду казаць, яны мне рот не заткнуць», — распавёў мастак.
Антон Радзівонаў прадставіць новыя працы з вядомай серыі «Птушкі з народам».
Карціны Антона Радзівонава з серыі «Птушкі з народам». Фота з інстаграма мастака
«Гэта чатыры карціны, старыя працы з гэтай серыі засталіся ў Беларусі, на жаль, вывезці іх я не магу, хаця і вельмі хачу», — тлумачыць Антон. Будуць яшчэ «Неба над Дабрамежам», партрэт жонкі «Вясна на сэрцы», «Трохкутнік» і «Цягнік, які чакае», усе — алейны жывапіс.
«У выгнанні беларуская культура можа развівацца толькі насуперак абставінам, такая мая думка. У мяне, напрыклад, у Беларусі была майстэрня. Тут майстэрні няма, я працую дома, гэта абмяжоўвае мяне, натуральна, не магу рабіць вялікі фармат, эксперыментаваць, гэта сціснутая прастора. Вялікі кошт за жытло, і пры выбары ці абмяжоўваць сям’ю, ці здымаць майстэрню, я выбраў сям’ю. І шмат у каго такія ўмовы.
Усім прыходзіцца працаваць яшчэ дзе-небудзь. Мне яшчэ пашанцавала — праца звязаная з мастацтвам, працую як 2D-мастак. А хтосьці і на складзе робіць, і ў таксі, — расказвае Антон Радзівонаў. — Гучныя словы пра салідарнасць абясцэненыя, як мне здаецца. Словы словамі, а справы справамі. На пачатку эміграцыі тая ж Беларуская Рада культуры нам дапамагла на першым часе. Але зараз усё вельмі цяжка, марудна, няпэўна... І на гэту выставу БРК ужо не дапамагла.
Мне "падабаецца" ўся сітуацыя, ёсць нібыта арганізацыі і людзі, якія адказваюць за культуру, а творцам чамусьці трэба бегаць з працягнутай рукой і прасіць нейкай дапамогі, грантаў і г. д. А фонды і асацыяцыі нібыта і не зацікаўленыя ў нас. Ужо прасцей пайсці да палякаў і нешта рабіць з імі, чым прасіць нашых. Самі на транспарціроўку шукаем грошы. Перавозчык зарадзіў 1400 еўра ў адзін бок. Зараз знайшлі больш таннага, палову аплочваюць арганізатары».
«Увогуле жыццё мастакоў, дзеячаў культуры ў эміграцыі вельмі цяжкое, шмат у каго расчараванне, — кажа Антон. — Я працую, дзякуй богу, медстрахоўка ёсць. А ў некаторых — няма, а праблемы са здароўем з’явіліся ў многіх. І вось бачу, што некаторыя людзі ўжо са шкадаваннем кажуць пра свой удзел у падзеях 2020-га, маўляў, навошта ўсё гэта было, бо тут ні працы, ні творчасці, ні падтрымкі, а там у Беларусі і майстэрні, і кватэры былі, удзел у выставах і г. д. Ну што тут — прыйдуць на выставу, зробяць сэлфі і ў сваіх інстаграмах паставяць, ну дзякуй, канечне. Рэжым, атрымоўваецца, перамагае ў гэтым — так, у Беларусі з мастацтвам усё зацэнзуравана, усе баяцца, але, з другога боку, застаецца магчымасць удзельнічаць у нейкіх дазволеных вялікіх выставах кшталту „Восеньскага салона“ ці „Арт-Мінска“, яны выдатна арганізаваныя, там можна прадаць карціну, ну а з цэнзурай неяк змірыцца. А тут зборнай выставы не можам нармальна правесці. Прыкра гэта ўсё. Адзіны раз Дом творцаў у 2023 годзе ў Варшаве рабіў агульную вялікую выставу палітэмігрантаў-творцаў. Агулам у большасці мастакоў тут горш сітуацыя, чым была ў Беларусі».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org