“За нашу і вашу свабоду” – выстава твораў суполкі “Пагоня”, прысвечаная 172-м угодкам нацыянальнага героя Беларусі – Літвы Кастуся Каліноўскага і вызвольнаму паўстанню 1863 – 1864 гг., адкрыецца ў Мінску 1 лютага.
У беларускім выяўленчым мастацтве тэма К. Каліноўскага, а таксама паўстання, кіраўніком якога ён быў, шырока адлюстраваная. Пачынальнікамі гэтай тэмы сталі М. Андрыёлі, К. Альхімовіч, Г. Дмахоўскі – удзельнікі самога паўстання.
У выяўленчым мастацтве XX ст. на гэтую тэму стварыў шэраг глыбокіх палотнаў Пётра Сергіевіч, у разьбе вобраз К. Каліноўскага выдатна ўвасобіў А. Грубэ.
У сучасным мастацтве да тэмы Каліноўскага і паўстання звярталіся мастакі З. Азгур, С. Герус, Л. Шчамялёў, Л. Гумілеўскі, А. Кашкурэвіч, В. Шматаў, Я. Кулік, А. Марачкін, М. Купава, Ул. Крукоўскі і іншыя.
Ад 2000 году ўдзельнікі суполкі “Пагоня” кожны год да дня нараджэння героя і гадавіны паўстання ладзяць выставы, вечарыны, канферэнцыі.
У сёлетняй выставе бяруць удзел мастакі М. Назарчук, А. Цыркуноў, М. Купава, В. Маркавец, Ул. Сулкоўскі, Алесь Мара ды іншыя творцы.
Выстава адкрываецца ў пярэдадзень дня нараджэння К. Каліноўскага, 1 лютага, а 18-й гадзіне у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (вул. Румянцава, 13, г. Мінск).
Выстава праводзіцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”