Выставу, прысвечаную Казіміру Малевічу, закрылі праз «тэхнічныя прычыны»

05.02.2024 Мастацтва

У галерэі «Палац мастацтва» 1 лютага  адкрыўся выставачны праект «1,10 КВАДРАТА», прысвечаны 110-годзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. Аднак праз тры дні выставу закрылі «па тэхнічных прычынах». 


425696025_7798257130188331_8427410239697894783_n.jpg
Адкрыццё выставы. Фота: Сяргей Ждановіч. Крыніца: Facebook

На выставе быў прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце, па славах арганізатараў, прынялі удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры і творчая моладзь. На выставе «1,10» былі прадстаўлены працы сучасных беларускіх аўтараў, якім неабыякава творчасць авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя. 

«Чорны квадрат» – самы знакаміты твор Казіміра Малевіча. Яго назва стала метафарай радыкальнасці мастацкага мыслення, калі беспрадметнае ўзводзіцца ў найвышэйшую ступень. Квадрат увасобіў з максімальным лаканізмам ідэю «абсалютнага нуля», пачатку і канца ўсіх формаў, з’яў, светаў. Квадрат у сваім філасофскім значэнні заставаўся не да канца разгаданай загадкай і для свайго стваральніка. Малевіч бачыў у ім таямніцу, падобную космасу, неспасціжны “вобраз Бога”, які немагчыма перапісаць, змяніць ці перасягнуць, але можна, падобна іконе, паўтарыць, ён называў яго сваім галоўным творам, змясціў на вокладку ўласнай кнігі аб супрэматызме ў 1916 годзе, падпісваў ім, як манаграмай, свае лісты і познія фігуратыўныя карціны», — напісана ў анонсе выставы.

Арганізатары таксама адзначылі, што галоўнае ў выставе — нават не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча. 

Пасля адкрыцця выставы праўладная блогерка Таццяна Сідаровіч назвала творчасць Малевіча і яго паслядоўнікаў «маргінальным мастацтвам».

«Дарэчы ўспомніць, што пільная цікавасць да такіх твораў з'явілася ў праславутую перабудову і ў пачатку 90-х, калі зʼявіўся БНФ, бчб-сімволіка, розныя НКА, і творы, падобныя «квадрату», якія ўвасабляюць сабой «свабоду творчасці», «свабоду ад усяго» – ад сапраўднага нацыянальнага духоўнага мастацтва сталі актыўна прапагандавацца і ўкараняцца ў культурнае асяроддзе», – напісала яна.

Ці будзе працаваць выстава далей – пакуль не вядома.

Нагадаем, што 2 лютага таксама згарнулі выставу да юбілею Васіля Быкава.