Хоць канцэртных пляцовак у Магілёве нямала, канцэрты ўсё часцей праходзяць у розных кафэ. Вось і 22 лютага магілёўцы сабраліся ў кафэ «Эдэм», каб паслухаць выступ Алены Каўковай і Леоны.
І калі Алену Каўкову з яе гуртом «Обаяние невовлеченности» ў горадзе ўжо даўно ведаюць і любяць, то «маленькую рудую дварнягу сібірскага року», як яна сябе называе, Леону многія ўбачылі ўпершыню.
Пачаўся выступ з вялікім спазненнем — больш за гадзіну людзі сядзелі ў кавярні і чакалі пачатку. Добра, што можна было паесці і выпіць, так што публіка не вельмі абуралася. Нарэшце канцэрт пачаўся — на імправізаваную сцэну выйшла Алена Каўкова.
У кафэ дзве залы, у адной з іх пілі і елі, у іншай — атрымлівалі асалоду ад музыкі. Часам тыя, што пілі і елі, крыху перашкаджалі атрымліваць асалоду астатнім, але ў цэлым фармат канцэрту аказаўся ўдалым.
Пасля Алёнкі, якая на гэты раз спявала і грала толькі ў кампаніі скрыпачкі гурта Ірыны Віктароўскай, перад магілёўцамі выступіла Леона. Пасля далікатных і меладычных песень Алены шумныя і шалёныя песні Леоны добра згулялі на кантрасце. Сiбiрачку з задавальненнем выслухалі і праводзілі гучнымі апладысментамі. На гэтым канцэрт і завяршыўся.
Марыя Гілёва