Выйшла з друку белетрызаваная аўтабіяграфія Макса Шчура

Двухтомная кніга ўспамінаў лаўрэата прэміі Гедройця (2016) Макса Шчура «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» днямі выйшла з друку. Гэта першая публікацыя новай выдавецкай ініцыятывы SayBeat.
Maks-Szczur.jpg

Пра што кніга

Кніга — белетрызаваная аўтабіяграфія. Сам аўтар Макс Шчур азначае жанр кнігі як «мэм-угáры». Ягоная спроба зразумець, чым ёсць і як узнікае асобна ўзятае чалавечае «я», падаецца з уласцівым аўтару гумарам.

Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, ён ад чытачоў не хавае. Жыццё продкаў у Буэнас-Айрэсе, дзяцінства часоў «перабудовы» ў Берасці і Карэлічах, sex drugs rock’n’roll і пачуццёвая анархія ў Менску, пошукі сэнсу, грошай і кахання ў Празе і Стакгольме — усё гэта аўтар апісвае, «не цураючыся ніякіх тэмаў, выразаў і вобразаў». Верагодна, што такой шчырай кнігі ў белліце яшчэ не было.

Аб’ём кнігі — 430 старонак (першы том) і 500 старонак (другі). 

Кнігу можна набыць у варшаўскай кнігарні «Кнігаўка».

Хто такі Макс Шчур?

Макс Шчур — палітэмігрант, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця (2016 г.) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004 г.). З 1998 года жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрага кніг паэзіі і прозы («Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладчык з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайта «Невідочнае места» (2003–2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013–2020). Пераклаў на беларускую фільм «Крымінальнае чытво», у 2008–2020 гг. як перакладчык супрацоўнічаў з тэлевізіяй «Белсат». Аўтар ютуб-канала, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.

Максім Жбанкоў: 

«Макс Шчур — сакрэтны еўрапеец сучаснага белліту. Ён жыве на мяжы моў, стыляў ды трэндаў — і праходзіць іх наскрозь. Пражскі жыхар і шчыры знаўца rock’n’rolla, майстар ментальнага фрыстайла і алдовы фанат Канчэўскага з Кэралам, Шчур заняты прыватным дызайнам іншай беларускасці. Яна не мае шанцаў адбыцца мэйнстрымам. Затое, безумоўна, належыць будучыні. Новы раман — адначасова прыватныя мемуары, інтымны дзённік, шумы ў эфіры і партрэт эпохі».