Марыя Грыц распавядае гісторыю з уласнага жыцця, якая прымушае задумацца пра тое, як мы (не)паказваем свае эмоцыі, у чым сапраўды наша сіла, і якія розныя могуць быць шляхі да даросласці.
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Нядаўна ў маім жыцці здарылася гісторыя, якая доўга не выходзіла з галавы.
У мой дзіцячы летнік прыехаў хлопчык. Усё было добра: новае месца, новыя знаёмствы, заняткі, гульні. Але ноччу ён расплакаўся. Яму стала страшна спаць аднаму, ён хацеў дадому, да мамы.
Здавалася б, вельмі звычайная сітуацыя для дзіцячага лагера. Амаль кожны, хто працаваў з дзецьмі, ведае гэтыя першыя ночы: камусьці не хапае дому, камусьці цяжка заснуць у новым месцы, камусьці раптам становіцца страшна ў цемры.
Але ў гэтай гісторыі была адна дэталь, якая мяне зачапіла. Хлопчык расказаў, што раней ён ужо быў у летніку, дзе адбылося нешта падобнае. Там, калі яму стала страшна ноччу, з ім «пагаварылі па-мужчынску».
Што менавіта ён меў на ўвазе, я магу ведаць толькі з яго слоў. Маўляў, яго вывелі ноччу ў лес, а потым прымусілі доўга стаяць з падушкай на выцягнутай руцэ.
Дарослыя, верагодна, хацелі такім чынам навучыць яго мужнасці, навучыць яго не баяцца, вырасціць моцным і «закаліць характар».
Але я пасля гэтай гісторыі ўсё думала: а што мы насамрэч робім, калі спрабуем навучыць дзіця быць моцным?
Найбольш мяне здзівіў нават не ягоны плач. Бо так, дзіцячыя слёзы здараюцца, а праз імгненне дзеці ўжо бегаюць шчаслівыя.
Мяне шакавала, што ён распавядаў пра тое пакаранне амаль без эмоцый. Нібыта гэта быў не гвалт над дзіцячым страхам, а звычайны спосаб выхавання.

Марыя Грыц у летніку. Фота Антона Шаранкевіча
Выраз «пагаварыць па-мужчынску» заўсёды выклікае ў мяне шмат пытанняў.
Што менавіта мы маем на ўвазе? Размову? Тлумачэнне? Падтрымку? Ці часам пад гэтым хаваецца нешта іншае — калі дарослы проста хоча, каб дзіця перастала паказваць нязручныя — альбо любыя — эмоцыі?
Чамусьці вельмі часта гэтая фраза з’яўляецца менавіта тады, калі дзіця баіцца, плача або просіць дапамогі.
Але страх — гэта не паломка, якую трэба тэрмінова выправіць. Гэта адна з базавых чалавечых рэакцый. Яго адчуваюць усе: і дзеці, і дарослыя, і тыя самыя «сапраўдныя мужчыны», да якіх так любяць апеляваць у падобных сітуацыях. Пытанне не ў тым, ці будзе чалавек баяцца. Пытанне ў тым, што ён робіць са сваім страхам.
Можна навучыць дзіця: «Не паказвай, што табе страшна. Схавай гэта. Ператрывай». А можна навучыць іншаму: «Так, табе страшна. Гэта нармальна. Давай разбяромся, як з гэтым справіцца».
Мне здаецца, гэта дзве вельмі розныя дарогі да даросласці.
У тую ноч у лагеры я зрабіла вельмі простую рэч — легла спаць на канапе каля хлопчыка.
Не таму, што хацела зрабіць яму «асаблівыя ўмовы». Не таму, што лічу, што дзіця заўсёды павінна мець дарослага побач. А таму, што часам чалавеку патрэбная апора, каб зрабіць наступны крок.
Ён заснуў, а раніцай быў вельмі ўдзячны, што ў момант страху ён не застаўся адзін. А яшчэ яму было вельмі сорамна, што з яго будуць смяяцца іншыя дзеці. Хаця, пагадзіцеся, сітуацыя зусім не камічная.

У летніку "Зубровыя сцежкі", які ладзіць Марыя. Фота Антона Шаранкевіча
Таму мы з камандай даводзілі хлопцу, што ён не стаў слабейшым ад таго, што прызнаўся ў сваіх страхах, у сваёй нястрымнай начной самоце. Наадварот.
Ён атрымаў досвед, што яго эмоцыі нармальныя, што яго прымаюць і падтрымліваюць, што тут няма чаго саромецца. Спадзяюся, так і будуецца сапраўдная ўпэўненасць. Не з думкі «я ніколі нічога не баюся», а з думкі «нават калі мне страшна, я магу праз гэта прайсці».
На жаль, з намі застаецца гэтая агідная спакуса выхоўваць дзяцей праз сорам і забарону пачуццяў.
Не плач. Не ный. Не бойся. Будзь мацнейшы.
Асабліва гэта тычыцца хлопчыкаў.
Мы часта баімся, што калі будзем занадта мяккімі, вырасце чалавек, які не зможа справіцца з жыццём. А па факце вырастаюць мужчыны, якія не могуць не тое, што распавесці пра свае пачуцці і разабрацца з імі, а нават вызначыць іх. Гэта не выключна бінарная сістэма: або вырасціць «мужыка», або «мамчынага сынка». Паміж гэтымі крайнасцямі ёсць яшчэ мільярд і адзін шлях.
Праблема не ў тым, што дзецям даюць занадта шмат падтрымкі, а ў тым, што лёгка не заўважыць розніцу паміж выпрабаваннем і траўмаваннем.
Выпрабаванне — гэта калі дзіцяці даюць задачу крыху вышэй за яго цяперашнія магчымасці, але з падтрымкай: навучыцца спаць без бацькоў, самому пайсці ў паход, выступіць перад групай, прайсці маршрут.
Траўмаванне — гэта калі дзіця кідаюць у сітуацыю моцнага страху і кажуць: «Цяпер дакажы, што ты мужчына». Там няма навучання. Там ёсць толькі паведамленне: «Твае пачуцці не важныя, твая бяспека залежыць ад таго, ці зможаш ты не паказаць слабасць».
Чалавек пачынае расці не з думкі «я нікому не патрэбны і павінен усё вытрымаць сам», а з думкі «я магу справіцца, бо ў мяне ёсць людзі побач». Можа быць, сапраўдная мужнасць якраз і заключаецца не ў тым, каб ніколі не баяцца. А ў тым, каб мець смеласць прызнацца: «Мне страшна», — і ўсё адно зрабіць наступны крок.
Часам мы, дарослыя, вельмі спяшаемся навучыць дзяцей быць моцнымі. Нам хочацца, каб яны былі гатовыя да вялікага свету, каб не ламаліся ад цяжкасцяў, каб умелі пастаяць за сябе.
І гэта сапраўды важна.
Але так істотна не забыцца на адну простую рэч: чалавек становіцца моцным не тады, калі яму ніколі не страшна. А тады, калі ён ведае: нават у страху ён не адзін.
Мяркую, з такіх дробных момантаў і будуецца ўнутраная апора чалавека. Бо, магчыма, самае мужнае, што мы можам зрабіць для дзяцей, — не забраць у іх страх, а паказаць, што страх не перашкаджае ісці далей. Бо забароненыя слёзы не робяць дзіця мужным. Яны толькі вучаць яго плакаць так, каб ніхто, нават ён сам, не бачыў.
Калі той хлопчык праз гады ўжо не будзе памятаць ні мяне, ні летніка, ні нават таго, чаму яму было страшна, я вельмі спадзяюся, што ў ім застанецца адна простая думка: калі страшна — не абавязкова заставацца аднаму.
І, можа быць, калі аднойчы нехта побач з ім скажа: «Мне страшна», — ён не адкажа: «Будзь мужчынам».
Ён проста сядзе побач.
Марыя Грыц, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org