Чаму і суседзям РФ, і захаду варта ўспрымаць любыя заявы і дзеянні ў інфапрасторы з боку Масквы не толькі як пагрозы, але і як магчымыя сцэнары будучых падзеяў, піша Аляксей Гайдукевіч.
Яшчэ пад канец 2021-га ва ўльтыматыўным лісце да NATO і ў шматлікіх заявах дыпламатаў РФ дэманстравалася непрыхаваная непавага і пагрозы ў бок заходніх краінаў.
А 9 студзеня 2022 года прадстаўнік міністэрства замежных справаў РФ на бяспекавых перамовах з амерыканцамі ў Жэневе падчас прэс-канферэнцыі параіў NATO: «Збіраць рэчы і вяртацца на межы 1997». Што, на думку дыпламата, мела прымусіць заходніх саюзнікаў вывесці войскі з Польшчы, Славакіі, Румыніі, краінаў Балтыі.
З пачаткам новай фазы вайны ва Украіне ў міжнародную інфармацыйную прастору масава трапляюць наратывы, прадукаваныя ў РФ адразу па некалькіх напрамках уздзеяння. Акрамя таго, што яны відавочна прызначаюцца для розных спажыўцоў, часам праглядаецца і розны сутнасны характар такіх пасылаў.
Час прадэманстраваў, што палітычнае і вайсковае кіраўніцтва РФ мае падобнае да шматлікіх прапагандыстаў светаўяўленне. Таму да любой нават самай неверагоднай пагрозы, якая не мае відавочных прызнакаў быць падобнай да рэальнасці — варта ставіцца сур’ёзна.
Таму нават факт унясення законапраекта дэпутатам Фёдаравым у парламент РФ аб скасаванні прызнання СССР незалежнасці Літвы ў 1991 годзе, у перспектыве і іншых былых савецкіх рэспублік, у святле апошніх падзеяў выглядае не такім ужо і неверагодным.
Каментуючы ўчынак Фёдарава, інфармацыя аб якім была відавочна мэтанакіравана шырока распаўсюджана ў інфармацыйным полі, кіраўніца камітэта па еўрапейскіх справах літоўскага сейма Радвіле Моркунайтэ-Мікулянене адзначыла : «Я думаю, што сітуацыя ў РФ адчайная, відаць, напружаная і нервовая для некаторых палітыкаў, што такія абсурдныя заявы робяцца не першы раз. Можа, яны думаюць, што кагосьці напалохаюць такімі заявамі».
Такім чынам у Літве падкрэслілі, што ім зразумелы сэнс падобных акцый і яны добра інфармаваныя аб унутранай сітуацыі ў элітах РФ і сярод вялікай колькасці насельніцтва.
Таксама ўважліва сочаць за інфармацыйна-псіхалагічнымі аперацыямі РФ у Польшчы. Дакладна падсумавалі спробы падрыўной дзейнасці расійцаў у польскім міністэрстве ўнутраных справаў:
«Апошнім часам расійскія цэнтры інфармацыйнай вайны засяродзіліся на распаўсюджанні наратыву аб нібыта тэрытарыяльных прэтэнзіях Польшчы.
Асноўныя тэзісы ўкідаў у СМІ:
— Польшча хоча анексаваць Украіну;
— Захад хоча зрабіць Украіну польскім пратэктаратам;
— Ва Украіне адбываецца паланізацыя;
— пад кантролем Варшавы Зяленскі штурхае Украіну ў рукі Польшчы;
— Варшава пагражае Украіне і Беларусі;
— Польшча хоча распаду Расіі і ізаляцыі Кітая.
Прапаганда таксама спрабуе паказаць Польшчу як дзяржаву, якая праз заходні кантроль, з аднаго боку, цалкам пазбаўленая дзеяздольнасці, а з іншага — з-за русафобіі элітаў здатная ўцягнуць Захад у вайну з РФ».
Зусім па-іншаму выглядаюць апошнія заявы крамлёўскага гаспадара на ўрачыстасці, прысвечанай 350-годдзю маскоўскага цара Пятра І аб неабходнасці «вяртання земляў былой імперыі». Хутчэй за ўсё падобныя прамовы накіраваныя ў бок неабароненых розумаў падпарадкаванага насельніцтва на тэрыторыях РФ. І калі для большасці жыхароў Расіі такія заявы не выглядаюць нечым надзвычайным, на захадзе рэакцыя была вельмі катэгарычная.
На сайце адной з вядучых амерыканскіх фабрык думак Atlantic Council апублікавана даволі рэзкае меркаванне з нагоды прамовы гаспадара крамля: «Гэты адкрыта імперыялістычны наратыў уяўляе сабой беспрэцэдэнтны выклік міжнароднаму праву і выглядае сур’ёзнай пагрозай для ўсёй глабальнай сістэмы бяспекі пасля Другой сусветнай вайны. Гэта таксама выкрывае абсурднасць заклікаў супакоіць Маскву або прыняць нейкае ўрэгуляванне на перамовах, якое дазволіла б пазбегнуць «прыніжэння» РФ. Кампрамісу з Крамлём быць не можа, пакуль РФ працягвае адмаўляць Украіне ў праве на існаванне і заяўляе аб намерах анексаваць цэлыя рэгіёны суседніх краінаў».
Нават калі заявы чыноўнікаў РФ і пярэчаць міжнароднаму праву, яны, здаецца, не супярэчаць кантэксту, будаванаму не толькі прапагандай РФ, кінематографам, літаратурай, але і на ўзроўні мысляроў-ідэолагаў.
Адзін з «аўтараў сённяшняй ідэалогіі Крамля», пра якога ўзгадваюць у заходніх СМІ — філосаф, прафесар маскоўскага ўніверсітэта Дугін, адзін з самых супярэчлівых персанажаў расійскай прапаганды.
Крыніца: washingtonpost.com
Ён як добры інтэрпрэтатар заходняй думкі пэўных філосафаў здолеў перарабіць працы асобных мысляроў пад патрэбы «новага еўразійскага кантэксту». На думку некаторых заходніх экспертаў і журналістаў, рыторыка кіраўніка РФ часам бывае блізкай да некаторых ідэяў Дугіна.
І не толькі тых, якія тычацца неабходнасці разбудовы новай моцнай дзяржавы на еўразійскіх абшарах. Але знакамітую апакаліптычную фразу крамлёўскага гаспадара пра «яны здохнуць, а мы трапім у вырай» у выніку ядравай вайны можна ахарактарызаваць як частку наратываў Дугіна.
Амаль уся расійская культура і філасофская думка ад апраўданняў самаспаленняў стараабрадцаў у Маскоўскім царстве XVII стагоддзя, што натхняліся пакутамі першахрысціянаў, да сённяшніх дзён адлюстроўваюць паўсядзённую абыякавасць да чалавечых жыццяў.
І таму фразы, падобныя да «трапім у вырай», у філасофскіх працах прафесара Дугіна, іншых мысляроў і прапагандыстаў, і тым больш у прамовах крамлёўскага насельніка не выклікаюць непрыняцця ў грамадстве РФ.
А выказаныя былым кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта РФ Сурковым думкі ў артыкуле аб неабходнасці «экспартаваць хаос» на суседнія тэрыторыі, у параўнанні з апраўданнямі тысячаў смерцяў іншымі дзяржслужбоўцамі падаюцца ўвогуле даволі рацыянальнымі: «На працягу стагоддзяў Руская дзяржава з яе суровым і маларухомым палітычным інтэр’ерам захоўвалася выключна дзякуючы нястомнаму імкненню за ўласныя межы. Яна даўно развучылася, а хутчэй за ўсё ніколі і не ўмела выжываць іншымі спосабамі».
Аўтар брытанскай The Economist, аналізуючы падзеі першага месяца другой фазы вайны ва Украіне, адзначаў, што заходнія краіны не заўважылі, як у РФ паўстаў новы культ, фактычна блізкі да рэлігійнага — культ вайны.
У публікацыі адзначаюцца накіраванасць культуры на каштоўнасную «папулярызацыю вайны». Што для шараговага жыхара РФ даўно стала звычайнай з’явай, але адразу рэжа вока чалавеку заходняй культуры. На думку аўтара публікацыі, у РФ літаратура, маскультура, кінематограф, рэлігіі, нават рэклама — усё прасякнута культам вайны.
Але цытата з Бібліі падчас прамовы Пуціна на канцэрце ў сакавіку 2022 года, калі войскі РФ знаходзіліся ў некалькіх кіламетрах ад Кіева, падкрэслівае яшчэ адзін аспект: «Алтаром служыла адкрытая васьмікутная канструкцыя, усталяваная пасярэдзіне стадыёна. Стоячы на ім, кіраўнік РФ уславіў расійскую армію словамі з Евангелля ад Іаана: «Няма большай за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх»».
Калі б гэтая і падобныя дзеі не адбываліся сапраўды, іх было б цяжка сабе ўявіць.
Нібыта рэлігійная казань вызнаўцаў смерці падчас імшы, прысвечанай культу вайны. А як інакш патлумачыць апеляцыю да смерці дзеля любові альбо «вызвалення»? Ці аздобу храма ўзброеных сілаў РФ, які некаторыя журналісты назвалі менавіта «храмам вайны»?
Таму, відавочна, што і суседзям РФ, і Захаду варта ўспрымаць любыя заявы і дзеянні ў інфапрасторы з боку Масквы не толькі як пагрозы, але і як магчымыя сцэнары будучых падзеяў.
А ад апрацаванага прапагандай насельніцтва РФ і іншых тэрыторый з панаваннем расійскай мовы і, як вынік, культуры — не толькі суседнім краінам і народам, але і ўласным элітам можна чакаць чаго заўгодна.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org