У адным з твораў Рэмарка была такая сцэна. Адкамандзіраваны дадому з фронту жаўнер заходзіць у піўную і бачыць бюргераў, якія абклаліся газетамі ды ілюстраванымі часопісамі. Пад піва, з веданнем справы, яны разважалі пра франты, дывізіі і геапалітыку.
Першая сусветная стала адным з рубіконаў чалавецтва. Стварыла перадумовы шматлікіх адкрыццяў у вайсковай справе, сацыялогіі, псіхіятрыі ды — спарадзіла інфармацыйную вайну як жанр. Гэта была першая ў гісторыі вайна, пра якую пастаянна пісалі, фатаграфавалі і здымалі на стужку.
Так з’явіўся першы «спажывец вайны» — бюргер з півам, які далёка ў тылу чытаў часопісы Weltkrieg, рабіў выразкі, вешаў на сцены карты баёў, калекцыянаваў паштоўкі з выявамі лінкораў ці краявідамі разбуранага Вердэна. І чым далей ён быў ад сапраўднай вайны, тым яму было цікавей.
Ёсць спажывец — будзе і прадавец. За справу ўзяліся выдаўцы, рэдактары, мастакі, фатографы. Нават у тылавых атэлье з’явіліся вайсковыя мундыры, шаломы і шаблі — апранайся і рабі фота. Тэлеграф і тэлефоны дазвалялі газетчыкам аператыўна перадаваць інфармацыю і штодня друкаваць навіны з франтоў.
Вайна ў рэжыме анлайн
А зараз уявіце, наколькі прасунуліся інфармацыйныя тэхналогіі за сотню гадоў! Зараз інфармацыю пра вайну не трэба шукаць — яна сама цябе знойдзе. Умоўны часопіс Weltkrieg сам пагрукаецца ў фэйсбуку ці інстаграме. Сённяшнія бюргеры, як і 100 год таму, таксама сядзяць у корчмах, трымаючы замест аркуша паперы тэлефон. Спажываюць. Піва і вайну.
Прасунутыя калекцыянеры, якія збіраюць памяткі Першай сусветнай, нават не мараць аб тым, каб сабраць усе паштоўкі з лінкорамі ці падшыўкі газет з франтавымі навінамі. Гэтага так шмат, што працэс стае бясконцым. Зараз тым больш. Нельга нават уявіць, што ты праглядзіш усе відэа з пакаяннямі палонных, разбомбленымі гарадамі, экспертнымі меркаваннямі.
Але гэта не замінае спажываць далей — вайна пераўтвараецца ў скролінг. Грандыёзны жахлівы бясплатны серыял.
Дарэчы, пра серыялы. Мы глядзелі «Вікінгаў», «Гульню тронаў», «Гульню ў кальмара»... Заўважым, кожны наступны ставаў яшчэ больш крывавым.
Зараз у серыялах няма патрэбы — глядзі сабе вайну анлайн. І я нават не ўяўляю, што такое трэба зняць, каб у эмацыйным плане яно было больш прыцягальным.
Інфармацыйны запой з перапынкамі на сон
І тут няма нават розніцы, які бок канфлікту табе больш блізкі. Справа не ў ідэалогіі, а ў перажыванні эмацыйных станаў пад уздзеяннем пастоў, фота і відэа. Скруха, шкадаванне, злосць, нянавісць, эмпатыя, прага помсты — набор аднолькавы.
Вокладкі сусветных выданняў
Калі я запытваю ў калегі, чаму ён увесь час — нават сярод ночы — сядзіць у тэлефоне і праглядае бясконцыя ролікі з абодвух бакоў, той тлумачыць, што хоча ведаць і разумець. І падзеі, і тэхналогіі сучаснай прапаганды, усё.
Але ў мяне ёсць вялікі сумнеў у тым, што такая колькасць эмацыйна зараджанай інфармацыі патрэбная для ведання. Тым больш — для разумення. Сеціва і без таго спарадзіла сітуацыю, дзе ўсе ўсё ведаюць, але нічога не разумеюць. Зараз — памножце на 10.
Нечым гэта нагадвае інфармацыйны запой з перапынкамі на сон. Пастаяннае падліванне ўсё новай і новай фактуры спрыяе псіхічнаму здароўю таксама, як алкагольны трып здароўю фізічнаму. І на раніцу ўсё паўтараецца зноў. Алкаголік п’е, каб суцішыць боль ці знайсці адказы на пытанні. Тут — тое самае. І вынік — той самы.
Як захаваць псіхіку і сумленне?
Дасведчаныя людзі кажуць, што самае спакойнае месца на вайне — гэта фронт. Бо там ты ведаеш, што робіш і навошта. Вырашаеш задачы. Мозг спакойны, не накручаны. Таксама як у бары, дзе самы цвярозы чалавек — бармэн. Бо ён тут адзіны пры справе.
Магічная ўласцівасць тэхналогіяў — убачыць свет вачыма таго, хто на вайне, не падымаючыся з канапы
Калі Вы ўсё ж не на фронце, а спрабуеце жыць звычайным жыццём між домам і працай, але не можаце — што нармальна — быць абыякавым, я б прапанаваў фільтраваць сваё інфармацыйнае поле.
Каб не звар’яцець.
Каб захаваць здольнасць да прыняцця адэкватных рашэнняў.
Каб застацца сабой, а не пераўтварыцца ў біялагічную версію свайго акаўнта ў фэйсбуку.
Раней у падпольных арганізацыях казалі, што казаць трэба не таму, каму можна, а таму — каму трэба. З інфармацыяй тое самае. Чытаць не тое, што можна, а што трэба. Лепш нават выбраць канкрэтныя гадзіны. Выбраць некалькі крыніцаў інфармацыі, каб не змешваць усё з усім, бо на раніцу дакладна будзе балець галава...
Калі ёсць такая магчымасць — наўпрост прыдумайце, каму і як Вы можаце дапамагчы ў гэты няпросты час. Як тое зрабіць — кожны вырашае сам. Паверце, з гэтага моманту псіхіка пачне стабілізавацца.
Гэта «эфект датычнасці» да нечага вялікага і важнага. Яго можна дасягаць скролінгам і сузіраннем «вайны анлайн» з нулявым профітам, а можна — зрабіць нешта сваё, нават невялікае, але важнае, захаваўшы псіхіку і сумленне.
Прадавец газет у Вялікабрытаніі на пачатку Другой Сусветнай
Гэта яшчэ Вы ці...?
Вайна заўсёды адчыняла самыя страшныя падваліны чалавечай псіхікі, нічога новага. Адно, што сёння вайна геаграфічна разыходзіцца куды шырэй за тэатр вайсковых дзеянняў. Гэта не толькі пра тых, хто ваюе ці пацярпеў ад яе, але і пра тых, хто бачыць і спажывае.
Чытанне навінаў у нямецкай сям'і часоў вайны. Зараз замест газеты быў бы смартфон — у кожнага свой
Не ведаю, ці можна адназначна казаць пра war-scrolling як пра «саўдзел у злачынстве», але псіхіятрыя, напэўна, дасць з часам больш разгорнуты аналіз гэтага феномену. Адназначна можна сказаць, што такі аб’ём інфармацыі чалавеку не патрэбны.
А калі Вам наўпрост прыемна штогадзіны глядзець на ашмёткі целаў ці кайфаваць ад пакаянняў палонных — уважліва паглядзіце на сябе ў люстэрка. Гэта яшчэ Вы ці...?
Чытайце яшчэ: Як не звар’яцець ад навінаў?
Алесь Кіркевіч, Budzma.org