With love from Belarus: нашы ва Украіне

Украіна – адзіная cуседка, дзе беларуская культура не патрабуе перакладу. Карыстаюцца беларусы з гэтай моўнай і ментальнай блізкасці досыць слаба.

Праз адчыненыя вокны кнігарні “Книжковы лев” чуваць фанкавы кавер на вядомую песню “Червона рута”. Бойз-бэнд з вуліцы Шэўскай амаль заглушае выступленне старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча. Ён расказвае ўкраінцам пра два саюзы, былыя магчымасці, адсотак беларускага школьніцтва, Школу маладога літаратара і пра тое, што агулам “трэба разумець беларускую сітуацыю”.

У 90-я ў кнігарні прадавалі мыла

Татальная літаратурная і кніжная руіна. Так, паводле папулярнай украінскай пісьменніцы Аксаны Забужка, выглядала Украіна ў пачатку 90-х.

Нацыянальнае адраджэнне, паветра свабоды і надзеяў … і паўсюдная беднасць. Сітуацыя, цалкам супастаўляльная з беларускай.

“Кнігі былі на барахолках і развалах, бо ў кнігарнях прадавалася мыла і гаспадарчыя тавары, больш прадпрымальныя гандлявалі электрапрыборамі. У шапіках ляжалі гараскопы і “Бешеные девственницы” – расійскі трэшак кінуўся акучваць украінскі рынак яшчэ тады”, – ва ўласцівай экспрэсіўнай манеры гаворыць Аксана Забужка на цырымоніі адкрыцця 23-га Форуму выдаўцоў.

Найбуйнейшая кніжная падзея ва Украіне і, як сцвярджаюць яе арганізатары, ва Усходняй Еўропе пачыналася ў 1994 годзе. Уся літаратура на ўкраінскай мове, выдадзеная на той момант у нашых паўднёвых суседзяў, змяшчалася ў некалькіх кардонных скрынях.

На першым Форуме было 47 удзельнікаў. У 2016 годзе іх стала 324: выдавецкіх ды кнігагандлёвых структур, паліграфічных прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, фондаў.

Паводле гэтага параметру львоўскі Форум цалкам супастаўляльны з Міжнародным кніжным кірмашом, што адбываецца ў Мінску.

Непараўнальны ўплыў штогадовага мерапрыемства на выдавецкі і кніжны рынак (ва Украіне такі ёсць), на павелічэнне канкурэнтаздольнасці ўкраінскамоўнай літаратуры, узровень паліграфіі, на колькасць дзіцячых кніг па-ўкраінску, на культуру чытання ўвогуле.

Можна было б доўга і захоплена расказваць пра атмасферу на падзеях апошняга Форума, якіх за 4 дні адбылося амаль 1,5 тысячы. Аднак пакінем інтрыгоўную невядомасць: няхай гэта хоць кагосьці матывуе паехаць і пабачыць усё на свае вочы ў наступным годзе.

Беларускі павільён на гэтым свяце жыцця, чытання і кнігі працаваў усяго трэці раз. Да гэтага ў багатай праграме Форума нашы літаратары арганізоўвалі чытанні, прэзентацыі і творчыя сустрэчы.

 

“Сучасная беларуская літаратура: тэмы і выклікі”

Гэта не пытанне з экзаменацыйнага білета на філалагічным факультэце. Так назвалі дыскусію, якую прывёз на Форум у Львоў праект “Books from Belarus”.

Спікеры – Марыя Роўда, Валянціна Аксак, Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч, мадэратар – менеджарка праекта “Books from Belarus” Аляксандра Дварэцкая.

Дыскусія пакінула ўражанне, быццам беларускія пісьменнікі прыехалі ў Львоў першы раз: кожны гаварыў пра набалелае. Марыя Роўда казала пра адсутнасць масавай беларускай літаратуры. Валянціна Аксак – пра “мяккую” беларусізацыю і пра тое, што футбольных заўзятараў толькі цяпер перасталі чапаць праз “Пагоню” на цішотцы і беларускую мову. Алесь Пашкевіч на пытанне мадэратара пра канфлікт паміж маладзейшым і старэйшым пакаленнямі пісьменнікаў распавёў пра закон аб дармаедстве:

“Цяпер маладыя ўступаюць у Саюз пісьменнікаў, каб пазбегчы падатку на дармаедства”, – патлумачыў Алесь Пашкевіч.

Асобны блок пытанняў дыскусіі тычыўся месца жанчын у беларускай літаратуры – своеасаблівая флагманская тэма ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў сёння.

“Ці былі ў вас нейкія праблемы ад таго, што вы жанчына-аўтарка?” – спыталася Аляксандра Дварэцкая.

Марыя Роўда і Валянціна Аксак шчыра расказалі асабістыя гісторыі, як часам складана спалучаць творчасць і сямейныя справы, аднак нейкіх вострых фармулёвак цяжкасцяў “толькі паз тое, што ты жанчына” ні ад адной з іх не прагучала.

“У інтэлектуальных колах шмат дыскусій пра пакаленні, месца жанчыны ў літаратуры. Яны абавязкова ўсплылі б”, – патлумачыла выбар тэмы для дыскусіі для ўкраінскага слухача Аляксандра Дварэцкая.

У класічным акадэмічным фармаце ў рамках праекта “Books from Belarus” адбыліся і аўтарскія сустрэчы з гэтымі чатырма пісьменнікамі.

 

“Хадан” чытае “Жадановіча”

“Мы сабраліся, каб адсвяткаваць доўгатэрміновы праект”, – распачынае дыскусію дырэктар выдавецтва “Крок” Юрко Завадскі.

Ён у таварыстве Андрэя Хадановіча і Сяргея Прылуцкага прадстаўляе беларускамоўныя (!) кніжкі ад свайго выдавецтва, а таксама пераклады беларускай літаратуры на ўкраінскую і на беларускую – украінскай.

Андрэй Хадановіч – ва Украіне часты госць: і на культурніцкіх мерапрыемствах, і прыватна. Некаторыя ягоныя кнігі з’явіліся спачатку ў перакладзе на ўкраінскую і толькі праз некалькі гадоў – на роднай мове ў Беларусі.

У нязмушанай сяброўскай атмасферы прайшлі і прэзентацыі з ягоным удзелам.

“Дівчата купують “Дзверы, замкнёныя на ключы” Рижкова навіть коли у білоруському дупля не ріжуть”, – расказвае пра паспяховасць кнігі Віталя Рыжкова Юрко Завадскі.

Паводле дырэктара “Кроку”, беларускамоўныя выданні ва Украіне, канечне, не лідары продажаў, але і не незапатрабаваныя. У гэтым выдавецтве надрукавалі кнігі Макса Шчура, Сяргея Прылуцкага (“Сірошкі Пістончыка”), Міхаіла Баярына, пераклады вершаў Сяргея Жадана і шведскіх пісьменнікаў на беларускую, Андрэя Хадановіча і Уладзіслава Ахроменкі па-ўкраінску.

“Я не інстытуцыя, а прыватны чалавек, – дыпламатычна падбірае словы для інтэрв’ю Андрэй Хадановіч. – Пры той блізкасці, якая ёсць паміж нашымі краінамі, пры ўзаемапавучальных працэсах, інтарэс да беларускай культуры ва Украіне ёсць. Але ён мог бы быць яшчэ большы: гэта як шклянка для аптыміста і песіміста”.

Паэт з радасць падкрэсліў, што склаўся ўдалы творчы тандэм паміж Аляксандрам Ірванцом і Уладзімірам Арловым, якія перакладаюць адзін аднаго на ўкраінскую і беларускую мовы адпаведна. Гэта не адзіны прыклад паспяховага літаратурнага беларуска-ўкраінскага дуэта. Абсалютна аншлагавым быў вечар паэзіі на “майданчыку” часопіса “ШО” ў пабе “Купіца”. Сяргей Жадан і Андрэй Хадановіч (у пісьменніцкай тусоўцы жартуюць пра “Хадан” і “Жадановіч”) чыталі свае вершы, пераклады адзін аднаго і пераклады Чэслава Мілаша.

 

“Разом і назавжди”

Што варта расказваць украінцам пра беларусаў і беларускую культуру сёння?

Андрэй Хадановіч кажа адназначна: пра тое, пра што не паведамляюць навіны.

“Беларусь – апошняя дыктатура Еўропы” і далей па тэксце. Ці, як цяпер кажуць, перадапошняя, – лічыць паэт. – Размаўляць хочацца па-за стэрэатыпамі: буслоў, зуброў. Хочацца давесці, што ў нас магчымая актуальная гарадская культура ці нават субкультура. Напрыклад, дыялог Прылуцкага на трасянцы з украінскімі калегамі на суржыку – не ў вясковым плане – вельмі цікавы”.

Падзеі 2013–2014 гадоў вынеслі на паверхню вялікі вакуум узаемнага няведання паміж нашымі грамадствамі.

З чым асацыюецца Беларусь у сярэднестатыстычнага ўкраінца, нават у прасунутага і адукаванага чалавека гадоў 25-ці? Лукашэнка, чыстыя вуліцы, стабільнасць, “Песняры” сярод старэйшага пакалення, у маладзейшых – “Ляпис Трубецкой” альбо “Brutto”. Што ведаем мы пра Украіну? Майдан, беспарадак, дрэнныя дарогі, ужо замарожаны праект “Верка Сярдзючка”, “Океан Ельзи”, “Воплі Відоплясова”, у найлепшым выпадку “Даха Браха”.

Усё б нічога, калі б у ХХІ стагоддзі (хто б мог раней падумаць!) занядбаныя культурныя прабелы не прыводзілі б да рэальных войнаў.

Украінцы і беларусы – суседзі, і ў інтарэсах адных і другіх, прынамсі, добра разумець адно аднаго (а ў ідэале – любіць!)

Пасля Рэвалюцыі годнасці ва ўкраінцаў абвастрыўся запыт на беларускае самавызначэнне. Хто гэтыя людзі па той бок мяжы? Кім яны сябе лічаць? На якой мове яны размаўляюць? Што ў іх у галовах і ў сэрцах? Гэта не самае першае, што цяпер хвалюе нашых усходніх суседзяў, але разам з тым, калі ў 2015 годзе вельмі вопытныя журналісты задаюць дакладна такія ж пытанні беларускаму госцю ў эфіры – нам ёсць пра што задумацца.

Культура як нішто іншае можа найлепей запоўніць небяспечную пустку. Перадусім гэта выклік да культурных менеджараў па абодвух баках мяжы.

Канечне, цяжка рабіць прамоцыю краіне, унутры якой не ўсё ў парадку з тытульнай культурай і мовай (гэта я пра Беларусь), аднак заўтра сітуацыя не паправіцца, а адкладаць больш няма куды. Тым больш што ў выпадку з Украінай у нас ёсць вялізная перавага: там нас разумеюць без перакладу!За 25 гадоў незалежнасці ў Беларусі створана шмат вартых культурных прадуктаў, якія, як мінімум, не сорамна людзям паказаць. Галоўнае – правільна сфармуляваць ключавое паведамленне.

Мэсідж для паўднёвых суседзяў

Цэнтральная тэма сёлетняга Форума выдаўцоў у Львове гучала як “Межі кордонів”. Хто, як не беларусы, – сапраўдныя знаўцы жыцця на раздарожжах і перакрыжаваннях? Нам ёсць што пра гэта сказаць у глабальным свеце!

Узяць хаця б “Народны альбом”. Дзеянне адбываецца ў памежным гарадку Ракаў паміж дзвюма сусветнымі войнамі і дзвюма цывілізацыямі: Польшчай і Савецкім Саюзам. Філосафы назвалі змест гэтай музычнай плыткі “архетыпічным сумам па нармальным чалавечым жыцці”. “Народны альбом” нібыта падкрэслівае метафізічную еднасць тутэйшых, якія не вызначыліся. Незалежна ад таго, хто “сьпева по-польску”, “поёт па-расейску” ці на ідыш. “Народны альбом” нібыта заклікае нас кінуць дурноту самотнасці і нарэшце зразумець, што ад сапраўднай бяды і нуды мы ўратуемся толькі разам”. Гэта цытата з Уладзіміра Мацкевіча. Цікавая інтэрпрэтацыя, праўда? Асабліва каштоўная ў кантэксце дыскусіі “Україна єдина”, што не сыходзіць з публічнай прасторы нашай паўднёвай суседкі апошнія два гады.

У 2008-м выйшла кніжка з п’есай “Народны альбом”. Літаральна ў пачатку верасня ў Беластоку гучна прайшла прэм’ера аднайменнай оперы, а ў 2017-м “Народнаму альбому” споўніцца 20 гадоў.

Прывезці ў Львоў оперную пастаноўку – дорага. Арганізаваць выступ аднаго музыкі альбо чытанні ў нестандартным займальным фармаце – задача для творчага грамадскага аб’яднання цалкам па сілах.

Гэта толькі адзін з варыянтаў, які адразу прыходзіць у галаву. Ва Украіне хапае буйных культурных падзей, якія нам варта штурмаваць больш актыўна. Напрыклад, “ГОГОЛЬ FEST” у Кіеве, паэтычны фестываль “MERIDIAN CZERNOWITZ” у Чарнаўцах, “Lviv Media Forum” у Львове.

У жыцці сачыць за кан’юнктурай – справа няўдзячная і нават заганная, аднак у культурным менеджменце – прыкмета прафесіяналізму. Калі ва Украіне ў медыях і на шматтысячных падзеях (не толькі ў інтэлектуальных колах) ставяць пытанні, на якія беларусы ўжо маюць адказ, як можна не падзяліцца з суседзямі?

Хоць Андрэй Хадановіч сціпла гаворыць: “Цяпер такая сітуацыя, што беларусам варта больш памаўчаць і паслухаць”, – а Барыс Пятровіч акуратна тлумачыць “беларускую сітуацыю трэба разумець”, іншага няма.

Украіна (зрэшты, як і астатні свет) чакае ад нас яркіх выразных мэсіджаў: “Хто ты гэткі?” і “Чым быць хочаш?”

Галоўнае – у імкненні апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час не страціць каштоўнасці. Але і тут у беларусаў і ўкраінцаў шмат агульнага, хоць гэта ўжо нагода для іншай гісторыі.

 

Хрысціна Марчук

спецыяльна для budzma.org

Львоў – Мінск