Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра перспектывы ўступлення нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і магчымыя выгоды ад яго.
Беларусь працягвае цяжкі і доўгі шлях да WTO — Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Першыя кансультацыі з гэтай эканамічнай структурай у беларускіх уладаў адбыліся больш за 20 гадоў таму. З таго часу рыторыка «на ўступленне» амаль не змяняецца.
Вось і ў сярэдзіне траўня намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка нагадаў пра перамоўны працэс:
«У лютым МЗС лічыла магчымым уступленне Беларусі ў СГА ў канцы 2020-га — пачатку 2021 года».
Праз пандэмію ўзгадненне пазіцый з WTO і краінамі-ўдзельнікамі ўскладніліся. Такія перамовы — цяжкі і працаёмкі працэс. Ён у тым ліку прадугледжвае індывідуальны падыход да інтарэсаў кожнай краіны як эканамічнага партнёра. Трэба мець асобныя праграмы для краін, каб улічыць розныя патрабаванні і дамагчыся кампрамісаў.
У мінулым годзе, паводле інфармацыі БелаПАН, беларускі бок паспяхова закончыў перамовы з 20 краінамі з 25. Засталіся самыя цяжкія партнёры, у тым ліку ЗША і ЕС.
На якім этапе перамовы з WTO
Мінулым прагнозам у нашых чыноўнікаў быў чэрвень 2020 года, але ўжо ў пачатку года стала зразумела, што ён не спраўдзіцца, і Беларусь не далучыцца да WTO сёлета. Бо ў арганізацыі і краін-удзельніц застаецца яшчэ шмат няўзгодненых пытанняў.
Яшчэ некалькі гадоў таму на адной з эканамічных канферэнцый прадстаўніца Еўракамісіі адзначала:
«Да гэтага часу ў структуры экспарту з Беларусі ў ЕС дамінуюць мінеральныя прадукты і простыя кампаненты, Еўропа хоча спрыяць мадэрнізацыі сферы гандлю краіны з ЕС».
Вельмі станоўчы і аптымістычны пасыл, але якія патрабаванні перад уступленнем у WTO і на якім этапе цяпер перамовы — на гэта пытанне ёсць адказ на сайце структуры:
Інфаграфіка пазначае няўзгодненыя элементы і этапы шэрым колерам. Такім чынам зразумела, што цяпер абмяркоўваюцца пытанні ў галіне гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй, вольных паставак на рынак Беларусі тавараў і паслуг, а таксама па сістэмных пытаннях (маецца на ўвазе дзяржпадтрымка, рэгуляванне эканомікі, субсідыі і іншыя «нярыначныя» элементы). То бок найбольш балючыя для беларускай эканамічнай сістэмы.
Плюсы і мінусы ад WTO
Меркаванні наконт мэтазгоднасці ўступлення ў СГА разыходзяцца. Але большасць спецыялістаў лічыць, што для пабудовы эканомікі, накіраванай на сучаснае бачанне развіцця краіны, гэта неабходны станоўчы крок.
Эксперты і эканамісты выказваюцца станоўча наконт паступовага для эканомік пераходзе на новыя ўмовы пасля далучэння да WTO. Паэтапная трансфармацыя не адаб’ецца рэзка адмоўна на нацыянальных вытворцах:
«Краіна павольна рухаецца па шляху выканання сваіх абавязкаў. На пэўным этапе адбываецца падпісанне пагаднення з СГА. Вытворцы атрымліваюць некаторыя прывілеі на знешніх рынках», — адзначае расійскі эканаміст падчас семінара ў Мінску.
Такім чынам, можна адзначыць доўгатэрміновую стратэгію WTO. Калі ў абмен на прэферэнцыі на сусветных рынках для вытворцаў на першым этапе краіна праз дзясятак гадоў цалкам адкрывае свой для замежных кампаній — буйных гульцоў з вялікімі фінансавымі магчымасцямі. Як мы бачым на прыкладзе суседняй Украіны, дзе эканоміка захоўвае сыравінны характар, а імпарт спажывае тэхналагічна складаны, з высокай дададзенай вартасцю.
Украінцы адзначаюць як станоўчы момант уступлення краіны ў СГА большыя магчымасці для металургічных і сельскагаспадарчых кампаній у супрацьстаянні антыдэмпінгавым і мытным мерам на знешніх рынках. Адзін з плюсаў — гэта адмена для ўкраінскіх карпарацый квотаў на экспарт прадукцыі ў ЕС. Што дало магчымасць змяніць кірункі экспарту. Але дасюль назіраецца сыравінны характар паставак за мяжу. Украінцы не так шмат пастаўляюць гатовай прадукцыі, як спажываюць імпарту.
Таму выказванне прадстаўніцы Еўракамісіі наконт магчымага змянення структуры беларускага экспарту ў ЕС, бадай, выглядае як прыгожая дэкларацыя, рэалізаваць якую на практыцы ў нашых суседзяў, напрыклад, пакуль не атрымліваецца.
Як Беларусь можа скарыстацца WTO
Нягледзячы на дэкларацыі, магчыма, што расійскія эканамічныя ўлады разглядаюць зацягванне працэсу ўваходу Беларусі ў СГА як магчымасць «вольна» абыходзіцца з нашымі вытворцамі і іх таварамі. Шматлікія абмежаванні і спыненні паставак беларускіх тавараў на расійскі рынак, часцяком беспадстаўна і незаконна, амаль ніколі не атрымліваюць прававых ацэнак ад кантралявальных устаноў ЕАЭС.
Можна сказаць, што Беларусь у эканамічных узаемадзеяннях з Расіяй выглядае бяспраўнай краінай.
Вернемся да прыкладу з Украінай.
Пакуль што ўкраінскі бок паводзіць сябе ў дачыненні да беларускай прадукцыі і экспарту не азіраючыся на патрабаванні СГА.
Прыкладам з’яўляецца нядаўняя сітуацыя з кантрактамі на пастаўку электрычнасці з тэрыторыі Беларусі, якія былі скасаваныя пад ціскам апазіцыйных украінскіх палітыкаў. Таксама пасля кансультацый з Літвой Украіна ўвогуле мае спыніць імпарт электраэнергіі з тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе. Украінцы робяць гэта ў аднабаковым парадку, без узгаднення, бо Беларусь не ўдзельніца СГА і не мае пляцоўкі і рычагоў уздзеяння на суседзяў.
Удзел Беларусі ў СГА дапаможа супрацьстаяць такім захадам гандлёвых партнёраў. І саюзнікаў, дарэчы, таксама.
Пляцоўка СГА можа стаць для беларускіх прадпрыемстваў інструментам для прасоўвання і адстойвання сваіх інтарэсаў на расійскім рынку. Дзе супраць прадуктаў харчавання і іншых тавараў з Беларусі пастаянна ўводзяцца абмежаванні і блакуецца экспарт. Бо на сённяшні момант «еўразійскія» і іншыя структуры на рашэнні расійскіх уладаў фактычна не ў стане ўздзейнічаць.
Імаверна, супрацоўніцтва і ўступленне нашай краіны ў WTO кіраўніцтва Беларусі ў першую чаргу і разглядае як станоўчае з такога стратэгічнага стаўлення.
Як адзначаюць украінскія эканамісты, іх урадоўцы могуць больш эфектыўна ўздзейнічаць на Беларусь для прасоўвання сваіх інтарэсаў у працэсе ўзгаднення пазіцый для ўступлення нашай краіны ў СГА. Украінцы адзначаюць, што маюць лепшую дыспазіцыю для жорсткіх перамоваў з беларусамі.
Такую стратэгію, напрыклад, маглі б выкарыстоўваць і беларускія працоўныя групы. Улічваючы пагаршэнне стасункаў кіраўніцтва Беларусі з расійскім, неадназначнае стаўленне некаторых краін WTO да ЕАЭС, афіцыйны Мінск мог бы выкарыстаць «антырасійскую» рыторыку для атрымання прэферэнцый для нашай эканомікі з боку перамоўшчыкаў ад ЕС, ЗША і Украіны.
Удзел у ЕАЭС у пэўнай ступені абмяжоўвае беларускае поле магчымасцяў, але палітычны бок і ступень інтэграванасці Беларусі ў эканоміку саюза можа стаць элементам гандлю і з WTO.
Цалкам імаверна, што, нягледзячы на ўдзел у ЕАЭС, далучэнне да WTO дазволіць беларускаму кіраўніцтву больш эфектыўна адстойваць інтарэсы на расійскім рынку, сітуацыйна выкарыстоўваючы палітычныя супярэчнасці іншых краін-удзельніц з Расіяй.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!