“Хобіт” Джэксана: новыя тэхналогіі ў Мінску не пабачылі

08.01.2013 Кіно

 

Да хобіта Більба Бэгінcа — невялікага чалавечка, але з моцна валасатымі нагамі — у госці без дазволу завітвае ўплывовы чараўнік Гэндальф з трынаццаццю гномамі. Высвятляецца, што гномы — гэта ўрад у выгнанні. Іх каралеўства захопленае цмокам, і Гэндальф арганізуе паход супраць яго, а Більба патрэбны ім у якасці ўзломшчыка. Ужо ў дарозе робіцца зразумелым, што ўсё нашмат складаней: оркі, тролі і гобліны не збіраюцца падпускаць герояў да мэты, усё больш заблытваецца клубок міжнародных канфліктаў, а мэты чараўніка выходзяць далёка за межы дзяльбы скарбаў цмока.

«Хобіт», рэжысёр Пітэр Джэксан

Людзям, якія глядзелі «Уладара пярсцёнкаў», нічога пра «Хобіта» тлумачыць не трэба. Гэта такая ж прыгожая і дэталёва выпісаная казка пра дабро і зло, з выразнымі персанажамі і гэтак жа захапляльна зробленымі баявымі сцэнамі. Нават тое, што першакрыніца гэтым разам — не закручаны фэнтэзі-эпас, а амаль дзіцячая казка, для рэжысёра Пітэра Джэксана не ёсць праблемай. Праз візуальнае падабенства ў дробных падзеях «Хобіта» ўвесь час прасвечваюць будучыя буры «Уладара пярсцёнкаў», таму пастановачны пафас абсалютна не засмучае.

Праз поўную прадказальнасць адчуванняў размовы пра фільм збольшага круцяцца вакол тэхналогій яго вытворчасці. Папярэдняя трылогія паводле Толкіна была ўзорам найноўшых прыёмаў здымкі і спецэфектаў. Цяпер Джэксан услед за сваім адзіным супернікам па вытворчасці гіганцкіх блакбастараў Джэймсам Кэмеранам абірае мэтай змену самога фармату кінапаказу. Калі Кэмеран з «Аватарам» біўся за ўсеагульны пераход на 3D (і збольшага дасягнуў поспеху), то Джэксан хоча павялічыць частату кадраў фільмаў: «Хобіт» за секунду паказвае іх у два разы больш, чым прынята цяпер. Карцінка праз гэта робіцца істотна рэалістычнейшай, і заходняя прэса параўноўвае сцэны дыялогаў з кепскімі пастаноўкамі ў правінцыйных тэатрах — бо гледачу вельмі добра відаць, з якой ваты барада ў персанажаў.

Тут, уласна, і хаваецца адзінае сапраўды слабае месца фільма. У Мінску паказваюць версію са звычайнай частатой кадраў, і нейкім тэхналагічным прарывам фільм наўрад ці каму-небудзь падасца. І нават калі да наступнай часткі фільма, якую чакаюць роўна праз год, “Кінавідэапракат” усё ж прыдбае некалькі такіх копій фільма, момант навізны будзе прапушчаны. Больш за тое, здаецца, прапушчаны ён быў яшчэ некалькі гадоў таму — відэагульні высокую частату кадраў выкарыстоўваюць ужо даўно, па якасці пастаноўкі і карцінкі блакбастарам яны не саступаюць, а касу збіраюць нават большую. Пытанне пра рэалізм і ступень уцягнутасці ў падзеі Міжзем’я для людзей, якія яшчэ дзесяць гадоў таму гулялі ў выдатныя гульні «Уладар пярсцёнкаў», не паўстае: што можа ўцягнуць у падзеі больш, чым магчымасць самому вырашаць, куды ісці і што рабіць?

Гэта, здаецца, і ёсць галоўны вынік «Хобіта»: як нагода прыемна і спакойна прабавіць у кіно дзве з паловай гадзіны фільмы Пітэра Джэксана па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй, але па свежыя адчуванні і тэхналагічны футурызм на іх, на жаль, хадзіць сэнс наўрад ці ёсць.

Антон Серэнкоў