Гран-пры форуму альтэрнатыўнага малабюджэтнага кіно «КінаVarka» журы сёлета не прысудзіла нікому. Але абяцаны прыз – рондаль грошай ды відэакамеру для экстрымальных здымкаў – вырашылі аддаць маладому гісторыку Алесю Лапо, чыя дакументальная стужка «Вандроўнік не вернецца» ўвайшла ў шорт-ліст у найбольшай колькасці намінацый.
За загадкавай назвай з прысмакам трагічнай наканаванасці хаваецца стужка якраз пра шчаслівае вяртанне да беларускіх вытокаў і ўлоння прыроды. Герой фільма Кірыл Краўцоў, аб’ездзіўшы паўсвету, па вяртанні на радзіму набыў хату ў глухой закінутай вёсцы Чырвоны Кастрычнік і застаўся там жыць. Вёска практычна адрэзаная ад наваколля – узімку туды цяжка трапіць з-за снегу, а вясной разліваецца Дняпро, так што Чырвоны Кастрычнік становіцца выспай. За кадрам пакінутае тое, што астатнія хаты набылі сябры Кірыла, і цяпер вёска атрымала новае жыццё, стаўшы своеасаблівай фестывальнай прасторай і прыстанкам вольнай моладзі.
Рэжысёр не паглыбляецца ў вясковуюпаўсядзённасць далей за прыгожыя кадры, дзе герой дастае ваду са студні, а ягоныя сябры раздзьмуваюць вогнішча ды размалёўваюць нешта каляровымі крэйдамі, не паказвае цяжкасці, якія напэўна ж пераадольвае гарадскі жыхар. Фільм толькі пазначае саму тэму вяртання да традыцый, якая становіцца папулярнай. І сапраўды, падобныя гісторыі маладых людзей, якія набываюць хутары, абіраючы жыццё без гарадской мітусні, сёння можна пачуць усё часцей.
«Да пачатку здымкаў я не быў знаёмы з Кірылам і ягонымісябрамі, – распавядае карэспандэнту budzma Алесь Лапо. – Я проста шукаў свабоднага чалавека, па духу блізкага мне». Стужка была знятая для праекту «Маладзёжная кінашкола» Цэнтра тэатральных ініцыятыў і сталася абсалютным дэбютам аўтара. Праўда, да КінаVarki фільм паспеў ужо атрымаць трэцяе месца на Варшаўскім фестывалі беларускага кіно Bulbamovie (дзе, дарэчы, журы таксама не вызначыла працу, вартую галоўнай узнагароды). Дакументальнае кіно прываблівае Алеся тым, што ў Беларусі ёсць, на каго азірацца ў гэтай справе. «У нас добрая школа дакументалістыкі, старэйшыя рэжысёры вельмі адкрытыя, і можна проста звярнуцца да Віктара Аслюка ці Міхаіла Жданоўскага, яны заўсёды рады падтрымаць», – распавядае хлопец.
Якой будзе яго наступная праца і ці стане ён здымаць яе на атрыманую цуда-камеру, якая, паводле прадусара тэлекампаніі «Карамболь», Уладзіміра Максімкава «мае шырокі вугал, здольная здымаць пад вадой, і яе можна прымацоўваць да самых нечаканых частак цела», Алесь Лапо пакуль не ведае. Цяпер ён працуе над праектам кампаніі «Будзьма беларусамі» «Край. By», што прысвечаны беларускім мястэчкам, у якіх варта пабываць.
У рондалі, праз краі якога чырвонай локшынай перавешваліся дзесяцітысячныя купюры, па падліках учэпістых журналістаў, выявілася паўмільёна рублёў. Уладзімір Максімкаў зазначыў, што задаволены вынікам конкурсу: «Сёлета мы ўвялі новую намінацыю «Найлепшая кінастужка на беларускаймове», бо з вялікім трапятаннем да яе ставімся, таму я рады, што прыз атрымаў менавіта беларускамоўны фільм».
На пачатку цырымоніі элегантны Максімкаў у фраку і матылі звярнуў увагу на лянотнага чорнага ката, які перасоўваўся па калідорах, зазначыўшы, што гэта на ўдачу. Але пра будучыню фестывалю загаварыў песімістычна, магчыма, каб абудзіць новы віток увагі да яго: «Мяне наведваюць думкі не працягваць фестываль увогуле. Хацелася б пачуць меркаванні, ці патрэбен ён, і, калі ўсё-такі патрэбен, то ў якой форме мог бы існаваць?»
«Мне здаецца, фестываль знаходзіцца на мяжы прарыву», – пачаў выказвацца ў абарону форуму сцэнарыстАндрэй Курэйчык. «Звычайна кажуць, «на мяжы правалу», – змрочна паправіў яго Максімкаў. Курэйчык працягнуў: «Мы павінны стварыць новую хвалю беларускага альтэрнатыўнага кіно, і КінаVarka робіць для гэтага шмат, гэта горан, з якога выплаўляюцца сапраўдныя кінематаграфісты».
У 12 намінацыях форуму былі вылучаныя наступныя пераможцы:
1. «Нестандартнае рашэнне» – Антаніна Караленя і Улада Сянькова «Самая лепшая»
2. «Глыбокае пранікненне» – Мікіта Лаўрэцкі «TO RUTH»
3. «Музычнае (гукавое) афармленне» – Аксана Арцёменка, Марына Арцёменка «Цімка»
4. «Лаканічнае рашэнне» – Аляксандр Максімаў «Я яшчэ на дне…»
5. «Лепшая ідэя» – Ігар Сянькоў «Рыса»
6. «Аб’ектыўны погляд» – «Дасканалы чалавек» Сяргей Заруба
7. «Лепшая акторская праца» – «Не ўпусці» Ягор Ганарацкі
8. «Лепшы музычны кліп» – Дзяніс Жыгуноў «Salutaris»
9. «Лепшая кінастужка на беларускай мове» – Андрэй Ісачэнка «BY YOU»
10. «Лепшы дакументальны фільм» – Алесь Лапо «Вандроўнік не вернецца»
11. «Лепшы пастановачны фільм» – Андрэй Ісачэнка «Прадзюсар»
12. «Прыз глядацкіх сімпатый Юрый Галайда «Already 7 days»
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева