Роўна 100 гадоў таму на старонках газеты «Савецкая Беларусь» з’явілася дэбютнае апавяданне Мікалая Раманоўскага, якое называлася «На граніцы». Ён толькі нядаўна перабраўся ў Мінск, але ўжо напоўніцу ўключыўся ў культурніцкае жыццё. У хуткім часе гэты пачатковец стане прызнаным празаікам, якога ўсе мы ведаем па ягоным псеўданіме — Кузьма Чорны. Давайце разам зірнем на пачатак творчага шляху класіка.
Кузьма Чорны. 1925 г.
Калі гаварыць пра тое дэбютнае апавяданне Кузьмы Чорнага, то яно даволі схематычнае і адпавядае тагачаснаму мэйнстрыму — савецка-беларускае памежжа, на польскім баку бачныя агні беларускай вёскі, маладая змучаная цяжкім жыццём жанчына вяртаецца з панскай Польшчы ў першую дзяржаву рабочых і сялянаў, дзе спадзяецца на лепшае жыццё. Палякі яе ўзялі ў закладнікі — брат быў камісарам — ды звезлі, а потым прадалі пану, каб той на старасці мог пазабаўляцца з маладзіцай. Праз год ён адпусціў дзяўчыну дамоў...
Як ведаем з гісторыі, пасля ганебнага Рыжскага міру, які быў заключаны ў сакавіку 1921 года, Беларусь аказалася літаральна разарванай на дзве паловы — адна частка адышла да Савецкай Расіі, іншая засталася за Польшчай. Такі расклад стаў мажлівы дзякучы вайне, якая папярэднічала замірэнню. Ніводзін з бакоў не мог канчаткова перамагчы і ўзяць пад кантроль беларускую тэрыторыю, таму яе давялося дзяліць.
Падпісанне Рыжскай мірнай дамовы, 18 сакавіка 1921 год
Да ўсяго ў Польшчы ў ідэалагічнай барацьбе перамагла канцэпцыя Рамана Дмоўскага, які не збіраўся ствараць нейкай там міфічнай «федэрацыі» па ўзоры колішняй Рэчы Паспалітай. Польскія нацыяналісты, якіх ён ачольваў, імкнуліся ўзяць роўна столькі няпольскіх земляў, колькі маглі ўтрымаць і асіміляваць. Такі падыход аказаўся больш прагматычным, чым мроі «федэралістаў» на чале з Юзафам Пілсудскім аб дзяржаве «ад мора да мора», якая мае стаць домам для ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага — не толькі палякаў, але і беларусаў, украінцаў, літоўцаў...
Кузьма Чорны добра ведаў тэму, бо сам паходзіў з Капыльшчыны — ад яго родных Цімкавічаў да Нясвіжа, які застаўся за палякамі, было не так і далёка. Таму апавяданне «На граніцы» было напісана хаця і на патрэбу часу, але з добрым разуменнем праблемы і пазбаўленае зацяганых ідэалагічных клішэ. Усё, што хацеў сказаць аўтар, і так зразумела без лішніх словаў і тлумачэнняў. Чорны, дарэчы, нібыта і сам нелегальна пераходзіў польска-савецкую мяжу ў тых краях...
У хуткім часе малады пісьменнік пачаў публікавацца і ў іншых выданнях. Яго невялікія навелы можна сустрэць на старонках газет «Беларуская вёска» і «Звязда», часопісаў «Беларуская работніца і сялянка», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Полымя», «Узвышша» і «Маладняк» і іншых. У гэты час ён піша з неверагоднай энергіяй — адна за другой выходзяць яго кнігі прозы, хай сабе і невялікія па аб’ёме, але цікавыя па змесце.
Кузьма Чорны. Апавяданні.1925 год. З фондаў НББ
З аўтабіяграфіі пісьменніка, якая была напісаная ў 1926 годзе, можам даведацца шмат цікава. У тым ліку і тое, каго Кузьма Чорны лічыў сваім настаўнікам:
«У гэты ж час я друкаваў свае творы ў мінскіх газетах. Першым, а значыцца, і самым важным маім літаратурным настаўнікам быў Змітрок Бядуля. Ён многа зрабіў для мяне сваімі парадамі і памог мне, тады маладому і пачынаючаму пісьменніку, стаць на творчую дарогу».
Змітрок Бядуля
Праз 5 гадоў ад моманту першай публікацыі Кузьма Чорны будзе ўжо не проста прызнаным аўтарам, але аўтарытэтам. Ён возьмецца дапамагаць іншым, маладзейшым літаратам, якія таксама абралі пакручастую сцяжыну прыгожага пісьменства. Напрыклад, Чорны спрыяў Лукашу Калюгу (Канстанціну Вашыну), які прыйшоў у літаратуру ў другой палове 20-х гадоў. Франц Гінтаўт у сваіх «Успамінах пра сябра» так прыгадваў гэты эпізод:
«Хаця першае апавяданне не было надрукавана, але пахвала падахвоціла Кастуся далей выпрабоўваць свой талент. На пачатку 1927 года ён напісаў другое апавяданне — «Вясна», па тэматыцы блізкае да першага. Вось тут яго талент заіграў шматкаляровымі адценнямі. Яно было надрукавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт», №№ 13–14, 1927 г. (май — чэрвень). У лістападзе таго года надрукавалі другое яго апавяданне «У Клянках» (№№ 20–21). На гэтыя апавяданні звярнуў увагу Кузьма Чорны. У тым жа годзе ў рэдакцыі «Беларускай вёскі» Кастусь сустрэўся з Кузьмой Чорным, і адзін аднаму спадабаліся. Тады К. Чорны даў многа парад у літаратурнай працы і параіў паступаць у Мінскі белпедтэхнікум, тагачасную літаратурную школу.
Пасля сустрэчы з Кузьмой Чорным у Кастуся нібы выраслі крылы, і ён за адзін 1928 год напісаў чатыры апавяданні («Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капяраціўскі сабака», «Трахім з Пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане вясёлыя людзі») і аповесць «Ні госць ні гаспадар». У 1929 годзе выйшлі ў свет чатыры апавяданні, а ў верасні 1931 г.— першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх»».
Рэдкалегія часопіса «Ўзвышша». Кузьма Чорны першы зьлева ў ніжнім радзе. Менск, 1927 г.
На той момант Кузьме Чорнаму было ўсяго 28 гадоў, але ён ужо быў далёка не пачаткоўцам. Ён публікаваў не толькі ўласныя творы, але таксама тэксты на літаратурныя тэмы. Назвы некаторых кажуць самі за сябе — «Заўвага да перакладаў мастацкае літаратуры», «Заўвагі пра драматургію, «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» і «Пра вучобу і творчасць пачынаючых» і гэтак далей. Адным з такіх быў артыкул «Замест паштовае скрынкі» 1928 года, дзе аўтар разважае пра такія важныя для прыгожага пісьменства рэчы, як мова і стыль:
«Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх падаецца чытачу думка твора. Дык формы гэтыя павінны быць прыгожымі, удасканаленымі. Нямецкая літаратура мае свае адмысловыя формы, яна напісана на нямецкай мове. Расійская літаратура мае свае формы, яна на расійскай мове. Гэтаксама і ўкраінская літаратура, і японская, і ўсякая іншая. Тое ж самае — беларуская літаратура. Нашы аўтары павінны клапаціцца, каб іх літаратурныя творы былі літаратурным мастацтвам. Яны павінны пісаць чыстаю беларускаю моваю. І трэба заўсёды вывучаць сваю мову, прыслухоўвацца да народных гутарак».
Чытайце яшчэ: Закатаваны талент: Кузьма Чорны
Згадзіцеся, што чытаецца актуальна і сёння, бо многія нашы сучаснікі, што ідуць у літаратуру, часам забываюцца на тое, што і мова, і стыль маюць вельмі важнае значэнне. А часам нават свядома пагарджаюць і адным, і другім. Здаецца, такая заўвага Чорнага з таго артыкула не згубіла актуальнасці і праз 95 гадоў ад моманту публікацыі:
«Мова твора павінна быць па-мастацку простаю, жывою — гэтакаю, якою яна жыве, а не прыдумліваецца. Адзін аўтар пісаў: «Вецер распаўсюджваў пах кветак». Расійскае «распространять» у нас пішуць «распаўсюджваць» («распаўсюджваць газеты», «распаўсюджваць абліцыі»). У інструкцыі, у пратаколе, нарэшце ў артыкуле, дык гэткая мова яшчэ — паўбяды; але ў мастацкім творы, дык гэта вельмі суха і непрыгожа. Куды прыгажэй было б напісаць проста — «пахлі кветкі» або «дзьмуў вецер, і пахлі кветкі»».
Кузьма Чорны пісаў спачатку кароткую прозу, а потым узяўся за раманы. Яго мрояй было напісаць раман стагоддзя. Ці ўдалося яму гэта зрабіць? Цяжка сказаць, але ў любым разе за няпоўныя 20 гадоў творчай дзейнасці (пісьменнік пайшоў з жыцця ўвосень 1944 года) ён паспеў зрабіць шмат чаго і пакінуць адметны след у беларускай літаратуры.
За 4 гады да смерці, у 1940 годзе, Кузьма Чорны напіша яшчэ адну аўтабіяграфію. Скончыць яе вельмі простымі і зразумелымі кожнаму словамі:
«Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей. Я стаў пісьменнікам. Больш таго, я пішу на мове тых простых людзей, сярод якіх і вырас. Гэтыя людзі сталі шчаслівымі на зямлі, іх мова стала дзяржаўнай мовай. Я пішу аб гэтых людзях у сваіх кнігах».
Помнік Кузьму Чорнаму. Вайсковыя могілкі, Менск
Як і ў сваіх творах, ён без лішняга пафасу ўмеў прамаўляць самае неабходнае.
Л. Г., budzma.org