Фільм беларускай рэжысёркі Валерыі Лемяшэўскай «Я запаліла полымя!» пакажуць на фестывалі Doclisboa ў Партугаліі

Дакументальная стужка Валерыі Лемяшэўскай «Я запаліла полымя!» адабрана ў праграму Міжнароднага фестывалю Doclisboa. Дэбютная поўнаметражная карціна беларускай рэжысёркі, створаная ў капрадукцыі з кыргызскімі і азербайджанскімі прадзюсарамі, будзе дэманстравацца ў секцыі «Зялёныя гады», піша reform.news.

Kadr z fiĺma «Ja zapalila polymia!» Valieryi Liemiašeŭskaj Кадр з фільма «Я запаліла полымя!» Валерыі Лемяшэўскай

Фільм нарадзіўся з сустрэчы беларускай кінематаграфісткі ў выгнанні і дзесяцігадовай дзяўчынкі з Баткенскай вобласці Кыргызстана.

«Камера стала мовай нашых зносін, — распавядае Валерыя. — Для дзяўчынкі — магчымасцю па-новаму зірнуць на звыклы свет, асэнсаваць сябе, для мяне — спосабам пераадолець пачуццё страты і пошуку прыналежнасці далёка ад радзімы.

Гэтая сустрэча паступова ператварылася ў культурны абмен, дзе адрозненні пакаленняў і традыцый перасталі быць мяжой, а сталі крыніцай узаемнага ўзбагачэння. Фільм стаў прасторай, у якой асабістая гісторыя дзяўчынкі і мой досвед пераплятаюцца, адкрываючы магчымасць знайсці агульную мову праз мастацтва і супольнае пражыванне вобразаў».

Kadr z fiĺma «Ja zapalila polymia!» Valieryi Liemiašeŭskaj
Кадр з фільма «Я запаліла полымя!» Валерыі Лемяшэўскай

Валерыя Лемяшэўская нарадзілася ў 1993 годзе ў Беларусі. Яе шлях у мастацтве пачаўся з вывучэння дызайну ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а потым працягнуўся ў Санкт-Пецярбургскай школе новага кіно, дзе яна займалася эксперыментальнай рэжысурай. Мастацкае бачанне Валерыі фармавалася пад уплывам яе досведу ў жывапісе, анімацыі і графіцы, а таксама шматлікіх падарожжаў і пагружэння ў розныя культурныя кантэксты. У даробку аўтаркі эксперыментальныя і дакументальныя кароткаметражныя працы: «Раздарожжа», «Нітка», «Безыменны», «Ціхі ход» ды іншыя.

Зараз Валерыя выкладае гісторыі кіно і тэорыі мантажу ў Compass College у Бішкеку. Яна працуе ў галіне дакументальнага і эксперыментальнага кіно, даследуючы спосабы перакладу абстрактных ідэй на мову выявы і рытму.

Паказ дэбюта аўтаркі адбудзецца 23 кастрычніка ў 15:30 у кінатэары São Jorge.

Doclisboa — фестываль дакументальнага кіно ў Лісабоне, які ладзіцца з 2002 года. У фокусе ўвагі кінафоруму — новыя фарматы развіцця дакументальнага кінематографа, а гэтаксама — пошук рэжысёраў, якія спалучаюць палітычныя і мастацкія аспекты ў кіно.

У сваім 23-м выпуску фестываль прадставіць у агульнай складанасці 211 фільмаў з 54 краін, у тым ліку 93 поўнаметражных і 118 кароткаметражных. У праграму таксама ўвойдуць 39 сусветных прэм’ер і 31 партугальская праца, якія прапануюць усебаковы партрэт сучаснага жыцця з яго шматлікімі рэаліямі і праблемамі. Больш за 300 замежных гасцей будуць прысутнічаць у Лісабоне на працягу ўсяго фестывалю, які пройдзе з 16 па 26 кастрычніка.

У 2022 годзе дакументальная стужка беларускага аўтара Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Мінску» ўзяла Гран-пры партугальскага фэсту.