Спецыялісты ўзяліся за рэстаўрацыю неагатычнай славутасці ў 2020 годзе. З таго часу яна неверагодна змянілася: адноўлены дах і вежкі, вітражныя вокны ў верхнім франтоне, абноўлены фасад будынка. Сёлета рэстаўратары займаюцца вертыкальнай гідраізаляцыяй падмуркаў. «Дарэчы, археалагічныя знаходкі гэтага лета ўнеслі адчувальныя змены ў праект», — паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прараб філіяла «Брэстрэстаўрацыя» Дзмітрый Шабацько.
Па-першае, падчас раскопак знайшлі брукаваныя дарожкі, якія абгіналі капліцу. Брук рэстаўратары акуратна разабралі, каб зрабіць добры фундамент. Цяпер камяні ўкладваюць нанова. Дарэчы, калі прыгледзецца, то можна заўважыць, што дарожкі падзеленыя на квадраты. Па кантах выкладзеныя камяні, а ўсярэдзіне — больш дробныя каменьчыкі. Гэта не фантазія рабочых. Такую асаблівасць яны ўбачылі, раскопваючы брук.
Па-другое, знойдзены падмурак ганка, які аказалася ўдвая шырэйшым, чым меркавалі спецыялісты першапачаткова. «Самая вялікая складанасць сёлета звязана з ганкам. Па праекце ён планаваўся больш вузкім. Падчас раскопак знайшлі стары фундамент ганка. Па ўзноўленым падмурку праекціроўшчыкі зрабілі сваю працу. Было ў тым ліку археалагічнае суправаджэнне. Аднавілі ўсе габарыты ганка. Па іх выклалі цэглай прыступкі і падпорныя сцены», — распавёў Дзмітрый Шабацько.
Дзмітрый Шабацько
Паралельна ідзе падрыхтоўка да ўнутраных аддзелачных работ. Сёлета намечана толькі атынкаваць сцены ўнутры. «Ляпніну зрабіць не паспеем. Нейкі фрагмент пачнём, каб паспрабаваць і быць больш падрыхтаванымі да работы ў наступным годзе», — адзначыў прараб.
З вонкавага боку хутка будзе бачны амаль канчатковы выгляд капліцы. Унутр турыстаў пакуль па-ранейшаму пускаць не будуць. Тым не менш паназіраць за ходам рэстаўрацыі людзі прыязджаюць увесь час. Штодзень рабочыя бачаць па 2-3 машыны. Геаграфію адсочваюць па аўтамабільных нумарах. Гавораць, ёсць госці з Віцебскай і Гомельскай абласцей, часам — з-за мяжы.
«Пытаюцца, калі скончацца работы. Усім цікава зайсці ўнутр, прайсціся па тэрыторыі. Людзі здзіўленыя ўбачаным. Параўноўваюць, як выглядала капліца раней і зараз. Уражаныя таму, колькі зроблена за два гады», — падзяліўся Дзмітрый Шабацько.
Аб’ект яшчэ аднаўляюць, а ўжо ідзе падрыхтоўка да стварэння экспазіцыі, якую размесцяць унутры капліцы.
Фота Вадзіма Якубёнка