Падчас некаторых пратэстаў апошніх дзён сярод плакатаў, якія трымалі жанчыны, быў і такі: “Нам не страшна, бо мы нараджалі”. Але сутнасць плаката не толькі і не столькі ў тым, наколькі складана нараджаць фізічна, наколькі гэта вялікі боль, што і мужчыны не ўяўляюць. Адзін з падтэкстаў — гэта ўмовы і псіхалагічны гвалт над большасцю жанчын, якія нараджаюць у сучаснай Беларусі. Не сакрэт, што ўмовы ў радзільнях жахлівыя не толькі матэрыяльна, але і псіхалагічна, жанчынам не толькі не аблягчаюць іх стан, але і ставяцца да іх як да жывёл, да вязняў канцэнтрацыйнага лагера. А катамі выступаюць не АМАП з міліцыяй, а жанчыны, якія гэтаксама калісьці нараджалі, сталі матулямі і бабулямі. Не дзіва, што ў такіх умовах у Беларусі надзвычай высокая смяротнасць сярод нованароджаных, але дзіўна, што дзяржаўная статыстыка працягвае маляваць зручныя лічбы, а адпаведныя органы не караюць вінаватых.
А можа, і не дзіўна, бо за апошнія дзесяцігоддзі, асабліва на спрыяльнай глебе постсаўка, сістэма атруціла бадай усе дзяржаўныя і многія недзяржаўныя ўстановы, ператварыўшы іх у рэпрэсіўныя структуры, структуры катавання і знявагі і зрабіла ім прышчэпку ад любога закона, нават Канстытуцыі. Нібы яшчэ ў радзільні немаўля мусіць зразумець, куды трапляе, бо гэта будзе пераследаваць яго ўсё далейшае жыццё.
Так, толькі нядаўна многія даведаліся, што ў дзіцячым садку можна беспакарана зачыняць дзетак у прыбіральні, калі яны пярэчаць афіцыйнаму дыскурсу. Школа, якая мусіць даваць веды, не толькі прамывае мазгі размовамі пра “Майдан” і ворагаў дзяржавы, прымушае ўступаць у БРСМ, спаганяе з бацькоў грошы і фальсіфікуе выбары. Гэтаксама і ўніверсітэт ператварыўся з адукацыйнай у рэпрэсіўную ўстанову, праз якую аказваюць ціск на навучэнцаў і іх бацькоў. СНС (па-руску СОП) не асабліва дапамагае дзецям алкаголікаў, але эфектыўна распаўсюджваецца на бацькоў, якія мелі “нахабства” быць публічна незадаволенымі нечым. ДАІ, міліцыя, СК, войска і падобныя структуры з абаронцаў ад пагрозы ператварыліся ў іх крыніцу, у тым ліку для здароўя і жыцця. Дзяржаўныя СМІ, праца якіх мусіць базавацца на аб’ектыўнай інфармацыі — не больш чым звычайны прапагандысцкі апарат. Падатковая ператварылася ў рэкеціра, які выціскае апошнія грошы падаткаплатнікаў на ўтрыманне сістэмы. ЖКГ з сэрвісу, які мусіць проста абслугоўваць грамадзян, а не зафарбоўваць за нашы грошы крэйдавыя 3% на асфальце, ператварыўся ў выкрадальніка сцягоў з балконаў і адну з рэпрэсіўных структур (варта згадаць выпадак крамы Symbal.by). Псеўдасуды, псеўдапарламент, псеўдагісторыкі і гэтак далей, і гэтак далей. Калі мы ўспомнім усё нашае папярэдняе жыццё ў гэтай дзяржаве, можа, і не так складана будзе адказаць на пытанне: “Чаму ўсё гэта сёння адбываецца?”
На кім базуецца такая сістэма? Так, яна ўзнікла і дзякуючы кожнаму з нас, але на кім базуецца? На тых, хто хоча дамінаваць! Не, не быць паспяховым у сваёй сферы, быць лідарам, а менавіта дамінаваць. Дамінаваць хоць як, хоць на якім узроўні. Чалавеку самадастатковаму, адукаванаму, упэўненаму такое дамінаванне не патрэбнае, яму хопіць свабоды, закона і ўласных сіл. У адрозненне ад самадастатковай асобы, сістэма базуецца на тых, хто адчуванне ўласнай нікчэмнасці намагаецца схаваць за спробамі дамінаваць. Гэта тычыцца не толькі суддзяў, АМАПаўцаў, ДАІшнікаў, якія таксама здолелі ўрваць сваю хвіліну славы, фельчаркі на Акрэсціна, якая штурхала нагой затрыманых, тычыцца не толькі дырэктара, дэкана, якія са сваімі супрацоўнікамі і вучнямі стасуюцца як з людзьмі ніжэйшага гатунку. Гэта можа тычыцца любой пазіцыі, дзе дзяржава праз свайго “дэлегата” стасуецца з фізічнай асобай. Многія з нас былі сведкамі хамскага стылю паводзін цётачак на вахце інтэрната ці рэгістратуры паліклінікі і нават боек кантралёра грамадскага транспарту з пасажырам. Але сістэма заплюшчвае вочы на такія парушэнні не толькі этычных нормаў, але і закона, бо гэта шрубкі самой сістэмы, якія спрабуюць самасцвердзіцца па сродках дамінаванння, як бы яно ні выяўлялася, і адзіным законам для іх з’яўляецца непарушнасць іерархіі дамінавання.
Мяркуючы з сённяшніх падзей, найбольш небяспечнай групай з’яўляюцца тыя, хто сам пацярпеў ад сістэмы хоць на якім узроўні, але горача прагне задушэння пратэстаў, бо параза апошніх і рэпрэсіі дадуць ім адчуванне эфемернага дамінавання над “прайграўшымі”, якое яны не здолелі здабыць іншым чынам.
Кірыл Стаселька, budzma.by