Як грамадзянка Літвы выбрала Мінск і беларускую мову

«Я заўсёды адчувала сябе паміж. Свая сярод чужых і чужая сярод сваіх. Нават калі жыла ў Літве, была нейкая не такая. У мяне заўсёды быў асобны шлях», — апісвае сябе грамадзянка Літвы, якая пераехала жыць у Мінск.

Аднойчы Наста (імя зменена ў мэтах бяспекі), купляючы ў ЦУМе ніткі, першая звярнулася да прадавачкі па-беларуску. І яна адказала. Таксама па-беларуску.

«Уху, гэта мая перамога», — падумала яна тады.

Наста нарадзілася ў Вільні ў змяшанай сям’і: тата — расеец, мама — беларуска. Спачатку вучылася ў расейскамоўнай школе. У старэйшых класах перайшла ў Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны, дзе асноўнай мовай выкладання была беларуская. Таму «Каласы пад сярпом тваім» Наста чытала ў арыгінале.

Kalasy-01.jpg«Каласы пад сярпом тваім» Наста чытала ў арыгінале. Выява, згенераваная з дапамогай ШІ

Лета дзяўчына часта праводзіла з бабуляй, у вёсцы ля беларускай мяжы. Там радыё і тэлебачанне лавілі беларускія перадачы. Дагэтуль Наста ўзгадвае рэкламу пра кропельку, якая не хоча ўцякаць з краніка. Так беларуская мова натуральна ўвайшла ў яе жыццё.

Чаму Беларусь выглядала прывабнай

Наста жартуе, што прыехала ў Беларусь, каб сустрэць мужа. Але гэта здарылася пазней. Спачатку яна паступіла ў беларускі ўніверсітэт. Бо прагнула знаходзіцца менавіта тут.

«У мяне склалася нейкае рамантычнае ўспрыманне Беларусі», — узгадвае дзяўчына.

Калі Наста падлеткам прыязджала сюды да сваякоў, гэта было заўсёды лета, а разам з ім: вольны час, сябры, гульні. З ёй усе хацелі сябраваць, бо яна была замежніцай.

«Мы шмат з кім перапісваліся. У мяне была вялікая скрыня лістоў», — кажа Наста.

Калі яна вярталася ў Літву, зноў пачыналася вучоба ў школе.

«І я не адразу зразумела, чаму ў Беларусі так лёгка, чаму я там іншая, а ў Літве — звычайная».

F.Skaryna_school_Vilnius-02.jpgАўтобус ля будынка Віленскай гімназіі. Надпіс на аўтобусе: «Падарунак ад горада Мінска беларускай школе імя Ф. Скарыны горада Вільнюса». Крыніца: wikipedia.org

Памятаючы беларускі летні вайб, Наста вырашыла паступаць у беларускі ўніверсітэт. Пасля ўнівера з’явіўся хлопец, таму жаданне застацца павялічылася. Сусвет спрыяў гэтаму. Наста знайшла працу па спецыяльнасці. Пяць хвілін пешкі ад дому.

«Зоркі сышліся, і я засталася».

«Беларусы, што з вамі не так?»

Найбольш Насту здзіўляла, што беларусы не захавалі сваю мову. Асабліва востра гэта пытанне накрыла яе падчас паездкі ва Украіну, калі яна вучылася ва ўніверсітэце. Там на гарадскіх вуліцах гучала ўкраінская. Людзі натуральна размаўлялі на сваёй мове.

«Ваў! Ва Украіне мова — славянская, падобная да расейскай, але яна захавалася. Людзі па вуліцах ідуць і па-ўкраінску размаўляюць! Беларусы, што з вамі не так?»

Гэта пытанне яна задавала хутчэй самой сабе. Спрабавала зразумець, чаму краіны, якія таксама былі ў складзе Савецкага Саюза, — Літва і Украіна — захавалі мову ў штодзённым ужытку, а Беларусь не. Адказу Наста не знайшла ні тады, ні цяпер.

Яшчэ больш яе бянтэжылі рэакцыі людзей у Беларусі, калі яна спрабавала размаўляць па-беларуску. «Фу, не трэба, не гучыць», — чулася ў адказ.

«Чаму? Гэта ж ваша мова. Я разумела, што на гэта паўплывалі гістарычныя падзеі і пэўныя асобы. Але чаму просты чалавек так дрэнна ставіцца да сваёй роднай мовы, я не разумела», — узгадвае яна.

Размаўляю з чалавекам на яго мове»

Калі Наста прыехала вучыцца ў Беларусь, ёй было 18 гадоў. Яна размаўляла так, як і яе атачэнне — па-расейску. Ілюзій наконт таго, што з ёй будуць размаўляць па-беларуску, не мела. Размаўляць з людзьмі на іх мове для яе натуральна.

«Напрыклад, у Літве, калі іду ў цырульню і чую літоўскую, я пераходжу на літоўскую, нават калі мне зручней па-расейску. Я размаўляю з чалавекам на яго мове».

Але некалькі разоў Наста першая пачынала размову па-беларуску. Як тады, калі набывала ніткі ў ЦУМе.

minsk-03.jpgЦУМ, Мінск. Крыніца: belnovosti.by

Не шукаць, але знаходзіць

Паступова вакол Насты з’явілася кола беларускамоўных людзей. Яна іх адмыслова не шукала, але сустракала паўсюль. Аднойчы далучылася да гуртка па вышыўцы па рэкамендацыях знаёмых. Наста прыйшла туды, бо мела вельмі добрыя водгукі пра жанчыну, якая яго ладзіла. І тая размаўляла з вучаніцамі па-беларуску. І іншыя ўдзельніцы, маладыя жанчыны 30-40 гадоў, таксама ёй адказвалі па-беларуску. Неяк натуральна гэта адбывалася.

«Адна справа, калі мы абіраем, напрыклад, беларускамоўны садочак для дзіцяці — гэта мы робім асэнсавана. А тут я прыйшла да выкладчыцы, а яна размаўляе па-беларуску, і астатнія падтрымліваюць. Нейкі такі андэграўнд», — дзівіцца свайму досведу Наста.

Мова — гэта павага

Беларусь Наста называе сваёй радзімай, бо там нарадзіліся яе дзеці:

«Яны — мае далейшыя маленькія карэньчыкі»

Яе муж — беларус. Для іх было важна, каб дзеці з маленства чулі беларускую мову. Таму яны выбралі беларускую групку ў дзіцячым садку.

Для Насты мова — гэта не толькі сродак камунікацыі. Гэта яшчэ і павага да таго месца, дзе ты жывеш. Яна засмучана, што яе бацькі дрэнна ведаюць літоўскую мову краіны, у якой жывуць.

«60 год жыць у Літве і не вывучыць мову? Дзе тут павага да краіны? Дзе тут патрыятызм?» — пытае яна.

Магчыма, менавіта з гэтага пачуцця павагі і вырастае яе ўласны выбар — быць паміж культурамі, але не выпадкова, а свядома.

Ганна Ажына, Budzma.org