“Будзьма беларусамі!” сумесна з citydog.by аднаўляе рубрыку “Як гэта любіць”: разам з Сяргеем Краўчанкам мы выпраўляемся ў падарожжа па новых маршрутах любові да Беларусі. Адмяняйце ўсе планы, садзіцеся ў машыну і паўтарайце за намі!
Як гэта любіць: у Друю і назад — праз мізар, Мосар і заход над балотам
Аднойчы аддзел культуры аднаго беларускага раёна вырашыў зрабіць падарунак на юбілей вёскі: паставіць помнік вядомаму суайчынніку і земляку, паэту і дыпламату. Людзі паціскалі плячыма: маўляў, а чаму б не партызанам — гэта хоць зразумела. За апошнія 80 гадоў славуты суайчыннік быў збольшага выцеснены з памяці мясцовых, бо чысткі непажаданых і будоўлі новых светаў не мінаюць бясследна. Але карысная справа — гэта карысная справа: на скульптуру нават павыцягвалі па рублі са сціплых вясковых заробкаў.
І тут нешта паламалася. Запланаваную першапачатковую статую прапанавалі замяніць бюстам, потым з’явілася ідэя барэльефа, а скончылася ўсё тым, што пасярод вёскі паставілі няўцямны гранітны валун з шыльдай. І толькі мясцовыя справядліва цікавяцца сваім рублём ва ўсіх датычных: «Дык дзе той памятнiк?»
Гэтая гісторыя пра тое, што мы быццам і хочам пра нешта памятаць, але не зусім зразумела, як і пра што менавіта. Памяць — дзіўная рэч, а то і наогул цыркавая жывёліна, што трывае бязглуздыя прадстаўленні, усё разумее, але не можа нічога сказаць. Жывёліна, вымушаная моўчкі глядзець са свайго загона, пакуль несумленны гаспадар зноў не выпусціць яе на арэну ў належным выглядзе — хоць статуяй, хоць валуном. А раз гісторыя паказвае, што з памяццю можна рабіць усё што заўгодна, чаму б не зрабіць гэта самім: паехаў, памацаў, пачытаў, параўнаў, падумаў, змяшаў, падзяліў — і вось ты ўжо не ніхто і не з ніадкуль, і вось ты крыху бліжэйшы да праўды.
Слімак Новага Поля
Калі нарэшце дабудуюць трасу М6, гэта трэба будзе добра адзначыць: з’явіцца хуткі, зручны і бяспечны доступ не толькі да Гродна з усімі ягонымі пякнотамі, але і да прыхаваных цудаў вакол гэтай трасы на паўночны захад. У іх, безумоўна, часам няма нічога асаблівага, але так бывае з усім, што мы пакуль яшчэ не палюбілі.
Новаму Полю ў гэтым плане пашчасціла. У вёсцы ў прыгарадзе Мінска квітнее актывізм і зараджаецца лакальная супольнасць. Месцу, пра якое незаслужана мала хто чуў, ужо прыдумалі лагатып і культурную падзею — аграфэст: свята, якому жыхары мегаполіса мусяць толькі зайздросціць. Называецца ён «Гарбузы будуць стаяць, а слiмакi — поўзаць», і ў гэтай кранальнай і крутой назве ёсць нешта і пра традыцыі, і пра перамены, і пра ўстойлівае развіццё. Усё гэта, вядома, не на пустым месцы.
Маёнтак Новае Поле пераходзіў ад аднаго шляхетнага роду да іншага, ад Сангушак да Агінскіх і Сяляваў, пакуль у XIX стагоддзі тут не атабарыліся нашчадкі Рурыкавічаў — Друцкія-Любецкія. А з канца пазамінулага стагоддзя і да 1919 года гэтай зямлёй пад Мінскам валодаў дзейны і шматгранны Геранім Друцкі-Любецкі.
Сказаць, што князь быў актывістам, — нічога не сказаць. «Адзін з найсімпатычнейшых і найпапулярнейшых грамадзян Міншчыны», — характарызавала яго газета Kurier Litewski. Тытулаваны латыфундыст і камерсант, мецэнат і грамадскі дзеяч, нават драматург, Геранім Друцкі-Любецкі паспяваў усё: і перабудоўваць памешчыцкія гаспадаркі краю на капіталістычны лад у складзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і прапагандаваць развіццё агракультуры сярод сялян, да якіх ён не хаваў сімпатыі, і дэпутацтваваць у імперскай Дзярждуме, дзе палітык лабіраваў аўтаномію літоўска-беларускага краю і прынцып прыватнай уласнасці як адзін з ідэалаў беларускага сялянства. Кажуць, нават бальшавіка Леніна збянтэжыла такая прагрэсіўная пазіцыя нашага грамадскага дзеяча наконт зямлі сялянам. У дадатак да пералічанага Геранім доўгія гады быў старшынёй першага беларускага прыватнага банка — Мінскага камерцыйнага. Як тут не вырошчваць слімакоў у вольны час, каб адпачыць.
З Першай сусветнай, акупацыяй, ваеннымі дзеяннямі, рэвалюцыямі 1917 года ўсё пачало псавацца. Няспынны хаос, пачатак савецка-польскай вайны і чырвоныя сцягі на гарызонце вымусілі Гераніма пераехаць у Варшаву, дзе ён памёр ад іспанкі ў канцы 1919 года. Яго родных, як высветлілася пазней, таксама нічога добрага не чакала. Галоўны спадкаемец князя Канстанцін Друцкі-Любецкі ў 1920 годзе ўсталёўвае недалёка ад Новага Поля дэмаркацыйную лінію, і ягоны родны дом застаецца на савецкім баку, а з Рыжскім мірам у маёнтак заязджаюць чырвоныя памежнікі. У 1939 годзе, пасля капітуляцыі Польшчы перад гітлераўскай Нямеччынай, яго як польскага афіцэра бяруць у палон бальшавікі і ў 1940 расстрэльваюць пад Кіевам. Ягоная малодшая сястра Хрысціна, якая пераехала з маці ў Ракаў, загінула ў 1921 годзе проста на мяжы. Паводле адной з агучаных гісторыкамі версій, княгіня любіла шпацыраваць, каб паглядзець на пакінуты маёнтак, і стала не проста ахвярай строгага памежнага рэжыму — яе згвалцілі і забілі савецкія памежнікі. Кажуць, да таго ж падкінулі цела дзяўчыны на тэрыторыю суседняга памежатрада, а маладая савецкая дзяржава, баючыся міжнароднага канфлікту, расстраляла ўвесь яго склад. Але зусім нядаўна была агучаная крыху іншая гісторыя трагедыі.
Магчыма, нешта добрае ў тыя дзесяцігоддзі адбывалася толькі ў мясцовых малюскаў: слімакі, якіх на экспарт вырошчваў прадпрымальны князь Геранім з 1919 года, апынуліся самі па сабе, на вольным выпасе.
І толькі з 1946 года пачалася гісторыя Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа, які размясціўся ў будынку былой сядзібы, што належала тытулаванаму роду ВКЛ і РП. Апетытны помнік рэспубліканскага значэння з пухленькімі порцікамі і ўтульна-прысадзістымі формамі правінцыйнага класіцызму дагэтуль знаходзіцца ў ведамстве навучальнай установы, дзякуючы чаму больш-менш захаваны. Але яго напаўненне (каледж выкарыстоўвае некаторыя памяшканні пад аўдыторыі, захоўвае актавую залу для дыскатэк і здае памяшканні ў арэнду малому бізнесу) і эстэтыка (інтэр’еры даўно страчаныя, а фасады атрымалі дзіўныя каляровыя рашэнні ў духу дачных домікаў 80-х) сёння не тое каб прыемна ўражваюць. Што і выклікала клопат актыўнай часткі мясцовай супольнасці, якая пастанавіла вярнуць будынку дакладны гістарычны выгляд і зрабіць з сядзібы шматфункцыянальны культурны комплекс з музеем, сельскім клубам і цэнтрам дзіцячага развіцця.
На жаль, ініцыятыва пакуль не знаходзіць падтрымкі ні ў кіраўніцтва каледжа, ні ў выканкамаў, але, будзем спадзявацца, размовы чыноўнікаў аб развіцці турызму і малых радзімах зойдуць далей за прыгожыя словы. Мясцовыя актывісты не адчайваюцца, і ўслед за праведзеным фэстам са слімакамі і гарбузамі ў вёсцы для пачатку з’явіцца інфастэнд з гісторыяй вёскі, сядзібы і ейных апошніх гаспадароў — Друцкіх-Любецкіх.
На месцы старога саду цяпер размяшчаецца галоўны корпус каледжа. Самабытны парк і старыя прысады складана распазнаць, а ў цэнтры галоўнага двара сядзібы расплыўся бетонны блін дзіўнай клумбы. Падлеткі тусуюцца на адным з ганкаў сядзібнага дома і дэманструюць адно аднаму хрыплаватыя хіты з тэлефонаў. З рамантычнага левага крыла сядзібы — з вежай, прыбудаванай да асноўнага аб’ёму няўрымслівым Геранімам, — выходзіць ці то загадчыца гаспадаркі, ці то вартаўнік і, здаецца, ідзе ганяць моладзь, але не заходзіць далей за суседні з імі ганак, дзе адчыненыя скрыпучыя дзверы ў сціплую аптэку. За амаль дзвесце гадоў будынак у сваіх сценах вынес нават НКУС, так што цяперашні летаргічны сон пад азбеста-цэментавым дахам і ўсякае жыццё, што цягнецца да помніка аптэкамі і дыскатэкамі, — не самая паганая доля. І гэта яшчэ не канец.
Юрацішкі транзітныя
Адразу за Налібакамі, у раёне вёскі Бакшты, трэба звярнуць з М6 направа, на Трабы. Неўзабаве за палямі, лясамі і вёсачкамі паўстануць сціплыя Юрацішкі, якія можна праскочыць і транзітам, але дапытлівы даследчык чым-небудзь ды зацікавіцца: ці то паджылай воданапоркай, ці то каменем ля дарогі. Войскі кайзераўскай Германіі, якія акупавалі да сярэдзіны 1915 года палову Беларусі, любілі пазначаць месцы размяшчэння сваіх штабоў мемарыяльнымі камянямі, і адзін з іх стаіць у Юрацішках на памяць аб нейкай 85-й пяхотнай дывізіі. Насамрэч гэтая грубая піраміда з камення і бетону нагадвае пра нешта значна большае: пра Першую сусветную вайну, якая змяніла стары свет да непазнавальнасці, пра крывавыя бойні пазіцыйнай вайны на фронце, што падзяліў Беларусь напалам, калі абодва бакі страчвалі за дзень дзясяткі тысяч салдат, і пра некалькі мільёнаў беларускіх уцекачоў, якія пакінулі родную, але выпаленую расійскай арміяй перад прыходам немцаў зямлю.
Насупраць каменя — масіўны і сціплы, вельмі вясковы будынак сядзібы Радкевічаў, былых уладальнікаў Юрацішак. Пра іх тут засталіся самыя цёплыя ўспаміны старажылаў, а вось алеі, закладзенай вакол царквы, не засталося. Дрэвы ссеклі ў 2001-м, а ў 2012-м царква пацярпела ад пажару. Помнік драўлянага дойлідства цяпер патынкаваны, пафарбаваны адвечным брудна-жоўтым і выглядае як дрэнны прыклад рэканструкцыі, што даволі тыпова для сучаснай Беларусі.
Можна праехацца да старых могілак, якія амаль сышлі ў зямлю, зірнуць мімаходзь на касцёл, на сімпатычны ў сваёй лаканічнасці пажылы жылы дом побач з воданапоркай, ну ці на дамок па дарозе да чыгуначнай станцыі з дбайнымі гаспадарамі, а можна смела ехаць далей на Трабы, бо часу мала, а мы такія галодныя на каханне і прыгажосць.
Трабы на Кляве
Уладанні віленскага ваяводы і самага багатага магната ВКЛ пачатку XVI стагоддзя, канцлера і перакананага праціўніка паланізацыі Альберта Гаштольда (Гаштаўта), а пасля — вялікакняжацкая рэзідэнцыя Жыгімонта Аўгуста, мястэчка, цэнтр гміны, аграгарадок — у Трабаў доўгая гісторыя і шляхетнае мінулае, якое хоць і неўпрыкмет, але ўсё ж такі праступае з-пад дзіўнай манеры фарбаваць цэглу ў ружовы ды жоўты, з-пад роўнага асфальту, які схаваў брук, і пачарнелага дрэва шараговай забудовы. Пакручастая галоўная вуліца мястэчка агінае невялікія няроўнасці рэльефу, пераскоквае невялікую рэчку з сімпатычнай назвай Клява і паказвае ўсю нажытую маленькімі Трабамі спадчыну за пару хвілін — і гэта з заходам у краму па цудоўнае гарадзенскае марозіва «Пушок». Ды не бяды: затое за высакароднасцю мясцовага касцёла, здаецца, цягнуцца нават маленькія драўляныя дамкі, а каралеўскае мінулае не-не ды і выявіцца якой-небудзь скульптурнай галавой ільва, клапатліва прыбітай да зруба хаты.
Карані ва ўсяго гэтага старажытныя, як бабка княгіня Трабская, якая і падарыла ўладанні любімаму ўнуку Гаштольду, а той — прыхільнік рэнесансных каштоўнасцяў — ужо ў 1534 годзе адкрыў у Трабах прыватную (і зусім не рэлігійную, як было прынята) школу. Так што пакуль у некаторых рэгіёнах людзі яшчэ білі адно аднаго палкамі-капалкамі, у Трабах ужо рыхтавалі да паступлення ў Кракаўскі ды Падуанскі. Уласна, да XX стагоддзя тут шмат што змянілася: не стала ні ВКЛ, ні Гаштольдаў, ні Рэчы Паспалітай, затое да 1897 года працавалі цэлыя чатыры піўныя дамы і пяць тытунёвых крамак.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі перажыў XX стагоддзе без зменаў і захаваўся ў першапачатковым выглядзе, а вось другая славутасць Трабаў — царква Пятра і Паўла, пабудаваная ў 1784 годзе (паводле некаторых звестак, у 1764-м), — перажыла рэканструкцыю. Цяпер каля помніка беларускага драўлянага дойлідства пазалочаныя цыбуліны і васьміканцовы крыж замест традыцыйных купала і грэцкага, а таксама зашывачка блокхаўсам, які быццам бы дрэва, а быццам бы і не.
Улічваючы, што з традыцыйнасцю і пераемнасцю ў Беларусі наогул бяда, то чаму б не казаць пра цяперашні стан культуры як пра новую традыцыю з простымі прынцыпамі ў аснове: 1) «Быццам так, але не», 2) «Быццам ёсць, але як бы не зусім тое», 3) «Быццам можна, але як бы і нельга зусім».
На адным канцы вёскі людзі гаспадарлівыя могуць паглядзець на старэнькі гаспадарчы двор з свірнамі-лядоўнямі, на іншым меланхолікі могуць зайсціся на амаль страчаныя старыя могілкі і з адчуваннем, што Трабы — усё ж утульнае і жывое мястэчка, але ўжо час рушыць на Жамыслаўль.
Гаротная жамчужына Жамыслаўля
— Страшны пажар быў! Каб Умястоўскія маглі бачыць, яшчэ б раз памерлі! — спадарыня, якая мяце лісце на цяністай і ўтульна здзічэлай уязной алеі, просіць дзеля ўласнага здароўя не заходзіць за стужачкі агароджы. Шэсць гадоў таму ў палацы Умястоўскіх здарыўся пажар, і з таго часу жамчужына палацавай архітэктуры развальваецца, а вывераны прыбраны класіцызм трансфармаваўся ў грандыёзны помнік бязрукасці, заняпаду і забыццю. Паводле слоў добрае спадарыні, атрымаць цэглай па галаве рамантыкі і меланхолікі з найбольшай імавернасцю могуць пасля дажджу ці ў адлігу — калі любіце руіны, будзьце пільныя.
Род Умястоўскіх, што бярэ пачатак недзе пад Варшавай, замацаваўся на тагачаснай Ашмяншчыне ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Ягоны, відаць, самы актыўны прадстаўнік Тамаш Умястоўскі, які займаў самыя розныя пасады ў земствах і судах і выдаў настольную кнігу для юрыстаў «Працэс Літоўскі», паклаў пачатак заможнасці і значнасці роду. Ваяваў на баку Касцюшкі супраць Расійскай імперыі, пабываў у шкуры эмігранта, а потым вярнуўся і працягнуў весці гаспадарку, скупляць нерухомасць і рабіць усё дзеля дабрабыту сваёй сям’і. Сам Тамаш, напэўна, з прычыны выключнай занятасці, род не працягнуў, затое пасля смерці ў 1822 годзе пакінуў сваім братам і іхным дзецям неабсяжныя землеўладанні і кучу злотых. Сярод уладанняў Умястоўскіх аказаўся і сціплы на той час Жамыслаўль, набыты ў 1807 братам Тамашам Якубам.
Апошні з дынастыі — Уладзіслаў Умястоўскі, які атрымаў у спадчыну ад бацькоў маёнтак, — дарабіў на свой густ інтэр’еры, запрасіў французскага садоўніка і завяршыў парк на абодвух берагах Гаўі — з канадскімі таполямі, лістоўніцамі і пенсільванскім ясенем. Ён жа развёў у Жамыслаўлі поўную цывілізацыю: з поштай і тэлеграфам, з сыраварняй і броварам. Ротмістр расійскіх гусарскіх войскаў (прытым што дзяды ваявалі супраць Расійскай імперыі), маршалак Троцкі і ўрэшце граф давёў маёнтак і будучы помнік неакласіцызму да дасканаласці. Пастаянна выязджаючы за мяжу — то ў Вену, то ў Парыж, — Умястоўскі не толькі пасябраваў з Дзюма, але і купіў у і без таго багаты Жамыслаўль зайздросную мэблю, жывапіс і прадметы інтэр’еру. Праўда, дахі палаца так і не ўвянчалі скульптуры — граф з графіняй хацелі зрабіць іх у гонар нараджэння дзіцяці.
Дарэчы, бровар да гэтага часу працуе і выглядае дзівосна — позняя надбудова з сілікатнай цэглы робіць яе прыцягальна-манструознай і падобнай да фантастычнага лайнера, які захрас пасярод вёскі. Побач з ёй стаіць дыхтоўны старамодны свіран, а крыху ў баку ад свірна — на плаціне — будынак электрастанцыі 1954 года, якая кранальна капіюе сваімі абрысамі класічныя матывы палаца.
Увогуле, Жамыслаўль добры і запатрабаваны турыстамі. Спадарыня, якая з любоўю прыбірала тэрыторыю, сказала, што адбою ад іх няма: і палякі, і літоўцы, і расіяне, і «нашы». Праўда, на пытанне, ці можна дзе-небудзь паабедаць ці пераначаваць, толькі паціснула плячыма. Тае бяды — тады транзітам. Заадно можна атрымаць асалоду ад відаў на тыпавыя палацы зусім іншай эпохі.
Суботнікі адраджэння
Суботнікі — літаральна праз поле ад Жамыслаўля, і шпіль вясковага касцёла — выдатны арыенцір. Шпіль шпілем, але да таго, як даберацеся ў цэнтр вёскі, павярніце налева да поля. Там, па адрасе Кастрычніцкая, 1, у маленькім дамку на краі вуліцы нарадзіўся чалавек, які шмат зрабіў для беларускага адраджэння 90-х. А любое адраджэнне — гэта ў пэўным сэнсе барацьба з амнезіяй. Што было тут да нас? Што адбывалася, а мы не памятаем? Што было пабудавана, а што разбурана? Што было створана, а што знішчана? Кім? Адкуль мы і чаму мы гэтага не памятаем? Трэба прызнаць, што адказы на гэтыя пытанні дапамагаюць сфармаваць не толькі нацыянальную ідэнтычнасць, але і крытычнае стаўленне да рэчаіснасці і свайго месца ў ёй. І, магчыма, калі б не было ў тым 1988-м першых «Дзядоў», мы б да гэтага часу думалі, што ў 1917 годзе нас выратавалі, што свет уладкаваны так, як кажа прапаганда, што чырвонага тэрору не было, а канцэрт Дзюка Элінгтана ў Мінску ў 1971-м — мяжа культурнага абмену. Магчыма.
Сур’ёзныя трансфармацыі ў грамадстве часта пачынаюцца з нечаканых адкрыццяў, і адно з такіх зрабіў і апублікаваў Зянон Станіслававіч Пазняк, які нарадзіўся ў 1944 годзе ў Суботніках — палітык, грамадскі дзеяч, археолаг і ў лагічным выніку дысідэнт. Ужо ў 1974 годзе ў аналітычнай запісцы «Становішча ў Беларусі», якая распаўсюджвалася праз самвыдат, Пазняк звярнуўся да тэмы рэпрэсій 1930-х, якія панеслі жыцці незлічонай колькасці палітычных і культурных дзеячаў краіны і якія нанеслі ёй непапраўную шкоду, і асудзіў імкненне саветаў хаваць гэтыя страты. І толькі праз доўгія гады, 3 чэрвеня 1988-га, у газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны ягоны артыкул «Курапаты — дарога смерці», напісаны ў суаўтарстве з Яўгенам Шмыгалёвым, дзе апавядалася пра знішчэнне НКУС мірных жыхароў на ўскраіне Мінска.
У матэрыяле апісваліся расказы мясцовых жыхароў, жывых сведак расстрэлаў, і вынікі раскопак. Тэкст, які варта пачытаць кожнаму, у амаль бяззубым інфармацыйным полі Беларусі таго часу меў «эфект атамнай бомбы»: яго перадрукавалі выданні ў Расіі, Польшчы і нават у Японіі, а ўжо менш чым праз два тыдні была заведзеная крымінальная справа «па расследаванні Пракуратурай БССР масавых расстрэлаў савецкіх грамадзян у 30-я гады пад Мінскам». У лістападзе 1988-га ўлады прызналі факт злачынстваў з боку НКУС, а генеральны пракурор БССР абвясціў, што ў Курапатах пахавана не менш за 30 тысяч чалавек (на думку Пазняка, больш за 100 тысяч). Пра тое, што камуністычны рэжым прынёс у Беларусь не толькі калектывізацыю, індустрыялізацыю і актыўнага Машэрава, але і генацыд, вынішчэнне эліты і шматгадовую хлусню, тады даведаліся многія.
У кастрычніку 1988-га з ініцыятывы Зянона Пазняка фармуецца аргкамітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», які стаў асновай створанай пазней партыі БНФ. Тады ж, восенню 1988-га, адбыліся «Дзяды-88» — масавая дэманстрацыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якую ўлады разагналі дубінкамі і слезацечным газам. Антысавецкія настроі раслі, прытым што Саюз і так дыхаў на ладан праз крызіс камандна-адміністрацыйнай сістэмы, Афгана і Чарнобыля.
Дэпутат першага парламента ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь — Вярхоўнага Савета 12-га склікання, — кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 1994 года, лідар партыі БНФ, а цяпер кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Станіслававіч Пазняк з 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі. Змена ладу пакінула палітыка ў шэрагах апазіцыі і, па сутнасці, у выгнанні. А ў выгнанні складана займацца якім-колечы адраджэннем. Тым не менш Пазняк застаецца знакавай для Беларусі фігурай, і тут можна пачытаць пра нацыянальныя каштоўнасці, якія ён транслюе. Натуральна, неабавязкова з імі пагаджацца.
Курапаты ж сталі сімвалам сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, пры тым, што каштоўнасць гэтага мемарыяла пастаянна ставіцца пад сумнеў. Праз месца смутку і памяці спачатку працягнулі МКАД, затым пабудавалі ў ахоўнай зоне забаўляльны комплекс з рэстаранам, пачыналі будоўлю бізнес-цэнтра. Дзяржава і бізнес — рэчы, часта несумяшчальныя з памяццю.
Сёння дом на краі поля ў Суботніках пустуе, хаця i дагледжаны — за ім сочаць суседзі. Бацька палітыка загінуў яшчэ ў 1944-м, змагаючыся за Чырвоную армію, маці памерла ў 2012 годзе. Пра тое, хто тут нарадзіўся, кажа толькі бел-чырвона-белая стужка на крыжы. На маленькай драўлянай таблічцы надпіс: «Тут нарадзiўся Зянон Пазняк — палітычны дзеяч, змагар за вольную i незалежную Беларусь». У агледжаным калодзежы каля дома чамусьці няма вядра.
Калі б не касцёл, то цэнтр Суботнікаў уяўляў бы сабою цалкам тыповую карціну: прасторная плошча, двухпавярховы будынак адміністрацыі з кветнікамі перад ім, серабрысты Ленін ці гіганцкі партызан на пастаменце і харчовая крама з якой-небудзь гучнай беларускай назвай. Але неагатычны храм з чырвонай цэглы задае тон усяму экстэр’еру гэтай вёскі. У яе багатае мінулае: з сярэдзіны XV і да сярэдзіны XVII стагоддзя яна належала Радзівілам, потым перайшла ва ўласнасць спрытных Умястоўскіх. Калі верыць краязнаўцам, то мясцовыя жыхары называлі Суботнікі няйначай як мястэчкам: «У іх былі: парафіяльны касцёл, бальніца, аптэка, сямікласная школа, млын, пякарня, бажніца, пошта, пост паліцыі, кааператыў, крамы, рамесніцкія майстэрні. У мястэчку жыло польскае насельніцтва, некалькі дзясяткаў габрэйскіх сем’яў і некалькі сем’яў, што лічылі сябе беларусамі». Беларусаў няшмат, але што рабіць.
Гісторыі мясцовага касцёла таксама больш за чатыры стагоддзі: драўляны папярэднік сённяшняга з’явіўся яшчэ ў XV–XVI стагоддзях пры Радзівілах. Храм перабудоўваўся некалькі разоў, пакуль у пачатку XX стагоддзя Уладзіслаў Умястоўскі не атрымаў дазвол на будаўніцтва касцёла з цэглы. Праз антырасійскія паўстанні 1830 і 1863 гадоў гэта было не так ужо і проста зрабіць: царскія ўлады змагаліся з каталіцызмам і ўніяцтвам і на раз-два высылалі польскую шляхту ў Сібір, а менавіта да польскай шляхты Умястоўскія і належалі. Як бы там ні было, рэвалюцыя 1905 года спрыяла лібералізацыі, і неагатычныя касцёлы пачалі будавацца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Кажуць, будаўнікі новых святынь імкнуліся зрабіць архітэктуру касцёлаў як мага больш адрознай ад праваслаўных храмаў, каб, калі што, было складаней перарабіць іх у цэрквы.
Храм у Суботніках пачалі будаваць у гэтай хвалі адным з першых, і да 1904 годзе асноўны аб’ём гэтага прыгажуна, пабудаванага па ўсіх канонах неаготыкі, быў скончаны. Цікава, што фундатар быў так захоплены будаўніцтвам, што, калі высветлілася, што графскі цагляны завод у Жамыслаўлі не спраўляецца, купіў машыны для вытворчасці цэглы і дахоўкі ў Францыі.
Уладзіслаў Умястоўскі быў пахаваны ў склепе ўзведзенага ім жа храма, і пасля смерці графа працы ў касцёле заканчвала ягоная жонка Яніна. Туды ж перанеслі прах амаль усіх яго сваякоў, толькі саму графіню смерць заспела ў Італіі. Яна пахаваная ў Рыме, і таму ў склепе ў Суботніках побач з апошнім з роду Умястоўскіх — пустое месца.
Але неабавязкова занурацца ў гэтыя лірычныя лёхі настолькі глыбока — можна палюбавацца хорамам, міма якога праходзіць павольнае жыццё сённяшняга аграгарадка, а побач прымасціўся гандлёвы павільён «Верас». Паглядзець на яго ўбранне, калі будзе адчынена. Зірнуць на суворага серабрыстага мужчыну з ППШ і дзеля Геранёнаў Мураваных смела пакідаць Старыя Геранёны — а менавіта так і называліся колісь Суботнікі.
Геранёны — руіны, прабітае сэрца і свіран мастацтваў
Дзіўна, але ў большасці беларускіх мястэчак са шматвяковай гісторыяй амаль не засталося артэфактаў, якія нагадваюць пра гэтую гісторыю. Спярша знікаюць, руйнуюцца і перабудоўваюцца сляды матэрыяльныя, потым перапісваецца і скажаецца запісаная гісторыя, затым сціраецца і крышыцца далікатная чалавечая памяць разам са змененымі ўнутры яе міфамі і легендамі. Рэшта руінаў часта не тое што не закансерваваная — яны амаль ніколі не падпісаныя. А пазасталыя сведчанні не тое што супярэчлівыя — яны амаль заўсёды супраць усіх і мала каму прыемныя. У выніку нашы ўяўленні пра мінулае падобныя на сумнеўнай вартасці спадчыну ў выглядзе шматтысячнага пазла: і паловы элементаў не хапае, і страшныя рэчы часам складваюцца, і наогул навошта збіраць гэтае мінулае — бо жыць трэба сёння. Вядома, мы ў нашым гайдзе па ўсім запар наўрад ці выправім ўяўленні пра мінулае, але элементаў у шызафрэнічную мазаіку гісторыі дакладна падсыплем.
Геранёны падпісаныя, прычым не абы-як. Над манументальным надпісам на ўездзе відавочна папрацавалі і нават вывелі год — 1287. Не да канца ясна, чаму менавіта 1287, бо ў пісьмовых крыніцах ВКЛ Геранёны пачынаюць згадваць толькі ў першай палове XV стагоддзя. А то: з 1433 года Геранёнамі валодае самы багаты і ўплывовы на той час род. Сапраўды: зноў Гаштольды, зноў каханне, зноў «куды што падзелася».
Ужо згаданы Альберт Гаштольд — адукаваны, загартаваны ў баях за ВКЛ і, па ўсім відаць, самы славуты і знакаміты з роду — зрабіў Геранёны сваёй рэзідэнцыяй. На мяжы XV–XVI стагоддзяў ён узвёў тут замак, званы адным з найбольш тэхнічна дасканалых з калі-небудзь пабудаваных у Беларусі. Збудаванне ўяўляла сабой гібрыд з навінак еўрапейскай фартыфікацыйнай архітэктуры і традыцыйных прыёмаў мясцовага замкавага дойлідства. Прасунуты і адукаваны магнат вывеў будаўніцтва замкаў з Сярэднявечча — бо свет змяніўся, а ў ім з’явілася не толькі любімая ім рэнесансная культура, але і артылерыя. А значыць, узнікала неабходнасць не толькі ў сценах, але і ў равах і валах вакол, каб засцерагчы сябе ад гармат. У выніку стараннямі Гаштольда на шляху да сталіцы ВКЛ Вільні паўстаў фарпост, які можна было ўзяць толькі цалкам разбурыўшы.
Невядома, ці прыпяваючы жыў у ім Альберт, але можна смела выказаць здагадку, што тагачасным Геранёнам пашанцавала з гаспадаром. Горды і амбітны магнат як праўдзівы прыхільнік заходняй культуры і Адраджэння цікавіўся навукай, збіраў бібліятэку з кнігамі на розных мовах, адкрыў у Геранёнах прыватную школу, адкуль выпускнікі ехалі наўпрост у Ягелонскі ўніверсітэт, і нават сабраў сабе прыватны аркестр. Пры гэтым не забываў падтрымліваць і рэлігію: касцёл св. Мікалая (адзін з двух Мікалаеўскіх у Беларусі), пабудаваны ў 1529 годзе як замкавая капліца, і частка абарончых збудаванняў — ягоны даробак.
Цікава, што літвін Альберт Гаштольд заўсёды быў заўзятым праціўнікам уніі Літвы з Польшчай і на гэтай глебе нават замірыўся са сваім вечным супернікам — іншым надзвычай заможным і ўплывовым магнатам Мікалаем Радзівілам. Яны разам суправаджалі візіт караля Жыгімонта I у Вену на з’езд да Рымскага імператара і іншых еўрапейскіх манархаў і годна прадставілі ВКЛ свету: «За вялікія грошы мелі сто юнакоў з Польшчы, навучаных музыцы, адзетых па-маскоўску, па-татарску і па-казацку, якія з рознымі інструментамі, з шаблямі і сайдакамі, у крывых ботах перад імператарам у касцёле заўсёды імшы і вячэрні спявалі, на вялікае здзіўленне іншых народаў, і немцаў, і влохаў (італьянцаў), якія ды таго думалі аб літоўскім народзе як грубым». (Мацей Стрыйкоўскі, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі»)
У траўні 1537-га Геранёнскі касцёл св. Мікалая прымаў, магчыма, самае багатае вяселле за ўсю сваю гісторыю: суперлітвіны, супермагнаты і дзве фаміліі, што раней варагавалі, ажанілі сваіх дзяцей. 29-гадовы Станіслаў Гаштольд ажаніўся з 17-гадовай Барбарай Радзівіл, і тут становіцца зразумела, чаму ў Геранёнах такі герб: сэрца, прабітае стралой. Тут пачалася поўная смутку і прыгажосці гісторыя кахання і скончылася гісторыя знакамітага роду.
Шлюб быў палітычным ходам бацькоў, таму ні Станіслаў, ні Барбара не былі асабліва радыя адно аднаму. Пражыўшы 5 гадоў у нешчаслівым шлюбе (з узаемнымі здрадамі, як пішуць аматары вострага) і не пакінуўшы спадчынніка, Станіслаў памірае, паставіўшы кропку ў сямейным летапісе Гаштольдаў. Барбара застаецца ўдавой, а ўся маёмасць Гаштольдаў пераходзіць па літоўскіх правілах да караля. Сын караля Жыгімонт Аўгуст II прыязджае на дзянёк у Геранёны, каб агледзець новыя ўладанні, і закохваецца ў прыгажуню Барбару Радзівіл. Таемна ад жонкі сустракаецца з ёй некалькі гадоў. Таемна ажэніцца з ёй пасля раптоўнай смерці жонкі і зусім не таемна, але насупор волі бацькоў і сойма карануе Барбару ў Кракаве. Шах і мат, як бы кажа нам любоў, але маці Жыгімонта — каралева Польшчы, італьянка Бона Сфорца, што ненавідзіць літвінаў-Радзівілаў — не можа прыняць выбар сына і, па легендзе, прымае рашэнне атруціць нявестку. Так ці інакш, праз год пасля каранацыі 31-гадовая Барбара Радзівіл памірае, а гісторыя ейнага кахання з Жыгімонтам Аўгустам II — апошнім з Ягелонаў на троне — кладзецца ў аснову п’ес, паэм, драм і легендаў. Вось так інтарэсы дзяржавы злучаюць і раз’ядноўваюць лёсы, вось так спрабуюць, але не могуць прыручыць каханне. Бону Сфорцу, дарэчы, таксама ў выніку атруцілі, толькі Габсбургі, о часы!
Праводзячы позіркам сабраны з ламачча камбайн, які з сажай праносіцца міма прыбраных палёў, і не падумаеш, што тут кіпелі такія жарсці. Ад апісанага замка засталіся равы і некалькі руін — фрагментаў муроў. Закансерваваныя і падпісаныя — але па іх так складана ўявіць нейкае слаўнае мінулае.
Кажуць, упершыню самы тэхнічна дасканалы замак разбурылі падчас крывавага Патопу. Так называюць вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654–1667 гадоў, за час якой Масковія ў калабарацыі з казакамі Хмяльніцкага агнём і мячом пракацілася па землях сённяшняй Беларусі. Тады за 13 гадоў насельніцтва беларускіх зямель скарацілася ўдвая, ва ўсходняй — прычым праваслаўнай — частцы загінулі 80 са 100 чалавек, дзясяткі гарадоў былі спаленыя. Складана не верыць статыстыцы тых часоў, улічваючы, што ўжо ў XVI стагоддзі з мясцовых пісьмовых крыніцаў было вядома, хто каго пабіў, хто ў каго колькі баброў з бабровай фермы скраў.
Замак быццам бы нават аднавілі, але пасля сыходу з арэны Гаштольдаў гэта былі землі, якія карона здавала ў часовае карыстанне. Прыкладна з пачатку XVIII стагоддзя на ўтрыманне фартыфікацыі ніхто асабліва не траціўся, і ўжо ў XIX стагоддзі замак Гаштольдаў уяўляў сабой руіны і склад будаўнічых матэрыялаў. Адзінае, што дайшло да нас больш-менш захаваным, — касцёл св. Мікалая, перабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя з готыкі ў позняе барока. У яго можна смела зайсці і паспрабаваць уявіць сабе гэтыя апошнія гадоў шэсцьсот.
У баку ад бірузовай аграмадзіны «Геранёны 1287», за будзённымі будынкамі жыхароў сённяшніх Геранёнаў ёсць яшчэ адно вітанне з мінулага. Выглядае яно як свіран з залішнім дэкорам — ды і выкарыстоўваецца як свіран. Але, як выявілася, будынак задумваўся як мастацкая галерэя. Гісторыя народа, няйначай.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў чарговых уладальнікаў Геранёнаў нарадзіўся Ігнацій Караль Корвін-Мілеўскі — дзіця, якое чакаў непаўторны лёс. Або якое чакала непаўторнага лёсу. Дзіця вырасла і адвучылася ў Тарту, потым у студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене, Ігнацій Караль пісаў карціны, выстаўляўся ў Еўропе, атрымаў графскі тытул і дзе толькі не жыў акрамя, вядома, Геранёнаў: і ў Вене, і ў Вільні, і ў Лондане. У 50 гадоў купіў яхту для далёкага плавання і востраў у Адрыятычным моры, даплыў да Паўночнага палярнага круга і напісаў пра гэта кнігу, а ў 60 нават быў жанаты нядоўгім шлюбам з графіняй-удавой Янінай Умястоўскай. Вось як у іх тут усё самавіта складалася.
Ігнацій Караль збіраў калекцыю з працаў польскіх мастакоў-сучаснікаў, ладзіў ім выставы і мецэнацтваваў направа і налева, падтрымліваючы таленты. Напрыклад, Аляксандра Герымскага, які пісаў вельмі пранізлівыя моманты вясковага жыцця.
Сабраную калекцыю граф і хацеў размясціць у будынку, які і стаў пасля свірнам. Але Першая сусветная, якая распачала слаўнае XX стагоддзе, пачала ператвараць у свіран і ў гарбузы ўсё. Двор у Геранёнах быў разрабаваны, а граф збяднеў і збег на Санта-Катарыну — свой востраў у Адрыятычным моры. Так напраўду, нескладана яго зразумець.
Сядзіба Корвін-Мілеўскіх не захавалася. Ну, гэта значыць, можна пабадзяцца па ліпавых прысадах або здзічэлым парку, пашукаць малачарню або лядоўню. Але можна абмежавацца і свірнам, які так і не стаў мастацкай галерэяй. Галоўнае — не сумаваць: нездарма ж нам дадзеныя дыялектыка, мудрасць даа і аўтамабіль, на якім можна паехаць далей.
Ліпнішкі і касцёл св. Казіміра
Ліпнішкі адразу б’юць напавал: востры шпіль урачыстага і амаль казачнага ў сваім абліччы касцёла св. Казіміра пранізвае наскрозь — і неба, і загартаваных руінамі аматараў спадчыны. Аздабленне гранітам надае храму сярэднявечную грубасць і фактурнасць крэпасці, і на гэтым фоне выцягнутыя спічастыя вокны, стройныя калючыя вежкі-пінаклі і высокі васьмігранны шацёр над званіцай — уся гэтая гатычная вастрыня і накіраванасць уверх — зносяць прэч з рэальнасці аграгарадка і яго аграрэнесансу з дагледжанымі кветнікамі. Кудысьці, дзе вера ўжо не мае значэння, ну або туды, дзе логас, шлях ці нават прыгажосць крыху важнейшыя за выжыванне. Калі пакінуць трансцэндэнтальны пафас, можна дадаць, што архітэктар, вядома, паспрабаваў і зрабіў унікальную неагатычную цукерыну, якая кананічна адрывае гледача ад зямлі. Зіхоткі, лёгкі, светлы дах з ацынкаванай сталі толькі ўзмацняе гэтыя ўражанні.
Каталіцкай парафіі ў Ліпнішках паўтысячагоддзя, але да канца XIX стагоддзя гэта былі драўляныя храмы. Храмы гарэлі то пры дапамозе шведаў, то без, і толькі ў 1900 годзе (што дзіўна, бо ў той перыяд асноўнымі тэндэнцыямі былі русіфікацыя і насаджэнне праваслаўя) мястэчка атрымала ўражвальнае збудаванне «на 900 асоб» з цэглы і граніту. Над яго будаўніцтвам працавалі і запрошаныя архітэктары з Францыі, і будаўнікі з Польшчы, і парафіяне, якія не толькі ахвяравалі кучу грошай з кожнага двара, але і складалі асноўную працоўную сілу: вазілі камяні, калолі, часалі і ўручную іх мылі. Кажуць, камяні прывозілі нават з руін Геранёнскага замка. Праектаваў храм віленскі архітэктар Аляксей Полазаў, а задумалі усё гэтае мерапрыемства тагачасныя ўладальнікі Ліпнішак — Вольскія.
Цікава, што з другой паловы XVII стагоддзя і да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Ліпнішкамі кіравалі выключна генералы артылерыі ВКЛ. І толькі з акупацыяй тэрыторыі Беларусі Расійскай імперыяй пачалі адзін за адным змяняцца ўласнікі. Апошнія ўладальнікі мястэчка — Вольскія — стараліся не пакладаючы рук: пры іх тут завяліся не толькі двухпавярховая школа і дзве аптэкі, але і брукаваныя вуліцы, 20 крам і рэстаран з гасцініцай. На жаль, ад іх сядзібы засталася толькі старасвецкая рамантычная афіцына, у якую не хочацца заходзіць, і кандэлябравая елка з румелійскай хвояй у рэштках парку. Прычым адно з старых дрэў, здаецца, нядаўна ўпала і ляжыць распілаванае. Але жыццё працягваецца: побач гуляюць у футбол дзеці, крыху ніжэй, ля возера, за здзірванелымі гарбамі, якія засталіся ад панскіх гаспадарчых пабудоў, двое мужчын прыселі закусіць.
Прапанове «Ды сядзь пасядзі мінутку» адмовіць складана, і ўслед за дзелавым «Купляй дом!» задыміліся папяроскай успаміны:
— У возеры тут і чаплі белыя, і выдры. І лін есць, і карась, карпы раней былі — ужо няма. Кальцо з сажалак тут было ажно да Геранён — млыны стаялі каменныя. Адна сажалка напаўнялась — воду спускалi ў другую i малолi… А там во буслоў бачылі? Там маёнтак быў. А тут пані жыла… Прыйшлі саветы, дык бальшавік ўсе зварушыў, сволач… Касцёл толькі во стаіць, нічога з ім ня робіцца — во як строілі!
Аднекуль з боку вуліцы свіны віск перапыніў маналог мужчыны пра мінулае:
— О, нехта свінню рэжа…
— Ну дык добра, пойдзем на свежаніну зараз!
Іўе — скрыжаванне культур. Т-падобнае
А мы перамесцімся па ежу для розуму і сэрца ў Іўе: мястэчка са шматвяковай гісторыяй мультыкультуралізму, мультыканфесійнасці, талерантнасці і верацярпімасці. Усе гэтыя пахвальныя якасці паклалі ў аснову турыстычнага брэнда цяперашняга райцэнтра, у якім стагоддзямі поруч жылі юдэі, мусульмане і хрысціяне.
Сёння Іўе з’яўляецца неафіцыйнай сталіцай беларускіх татараў і цэнтрам ісламскай абшчыны — часам яго нават называюць «беларускім Ерусалімам». Хоць, калі быць сумленнымі, то для адпаведнасці гэтай назве гораду не хапае цэлага народа разам з яго рэлігіяй і культурай. Большасць габрэяў была знішчаная тут у 1942 годзе, а апошнія прадстаўнікі гэтага шматпакутнага этнасу пакінулі Іўе ў 1990-х.
Гісторыя беларускіх габрэяў, як і афіцыйная гісторыя беларускіх татараў, таксама пачынаецца з Вітаўта. Вялікі князь быў сапраўды эфектыўным менеджарам, а заадно і правадніком талерантнасці і мультыкультурнасці на літоўска-беларускіх землях. І калі татараў ён запрашаў для ўмацавання ваеннай моцы, то юдэі павінныя былі спрыяць эканамічнаму развіццю ВКЛ.
У 1388 годзе Вітаўт выдае грамату — прывілей, які рэгулюе прынцыпы пражывання габрэяў на тэрыторыі княства. Сярод вялікай колькасці правоў і свабод, што даруецца габрэйскаму народу гэтым дакументам, у ім была, напрыклад, забарона на абвінавачванне габрэяў ва ўжыванні хрысціянскай крыві. Мудрэц і буська гэты князь!
У выніку ВКЛ стала прытулкам і домам для нашчадкаў Аўраама, якіх нават у XIV стагоддзі падвяргалі ганенням і рэпрэсіям у Заходняй Еўропе. Нельга сказаць, што іх жыццё тут было бясхмарным: на працягу наступных стагоддзяў на іх увесь час накладвалі рознага роду абмежаванні, а то і зусім выганялі — напрыклад, вялікі князь Аляксандр Ягелон набраў у габрэяў грошай, заблытаўся ў пазыках і вырашыў пазбавіцца ад крэдытораў менавіта такім спосабам — высяленнем цэлага народа. Але потым спахапіўся, і такая крайнасць была хутчэй выключэннем. На тэрыторыі княства памнажаліся і расцвіталі габрэйскія абшчыны і паселішчы, габрэі атрымлівалі роўныя з мяшчанамі правы. Але ўсё ж былі абавязаныя насіць вопратку, якая адрознівае іх ад хрысціян.
У XVII стагоддзі мясцовым габрэям — як і ўсяму ВКЛ — дужа дасталася ад казакоў Хмяльніцкага і Маскоўскага войска. З часткамі Рэчы Паспалітай яны атрымалі ад Расійскай імперыі і яе Кацярыны II асаблівыя падатковыя і саслоўныя статусы, будучую «рысу аселасці», забарону на вінарства (!) і загад перасяляцца ў гарады і мястэчкі. У цэлым, усё гэта можа здацца нармальным жыццём XIX стагоддзя — да яго канца на беларускіх землях пражывала крыху менш за мільён габрэяў. Другая па значнасці этнічная група пасля тытульнай апярэджвала па колькасці нават традыцыйную польскую дыяспару!
Насамрэч нармальнага жыцця ў габрэяў у Расійскай імперыі не было, і габрэйскія пагромы, якія пачаліся ў 1821 з Адэсы, да мяжы стагоддзяў дакаціліся і да тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Напрыклад, у 1903 годзе ў Гомелі адбыўся пагром, у выніку якога загінула 5 юдэяў і 4 хрысціян, безліч чалавек было паранена, а крам — абрабавана. Гвалт спараджаўся юдафобіяй, рэлігійнай нянавісцю, а часам і проста незадаволенасцю канкурэнцыяй. (Гэта адбывалася і на зямлі Расійскай імперыі, і на тэрыторыі Польшчы: крыху пазней, падчас савецка-польскай вайны, рабаванні, гвалт і смерць неслі габрэям Беларусі ўжо польскія войскі і банды). Падтрымка пагромаў уладамі і паліцыяй, як і іх бяздзейнасць, стымулявала пераход габрэяў у апазіцыю і рэвалюцыянеры.
У канцы 1930-х СССР пачынаецца ператварацца ў краіну татальнага тэрору і турму народаў. Кіраўніцтвам узяты курс на русіфікацыю ўсіх рэспублік, а разам з тытульнымі нацыямі пачынаюць пакутаваць нацыянальныя меншасці. У тым ліку і габрэі, якіх да пачатку Другой сусветнай вайны і ўключэння ў БССР Заходняй Беларусі тут налічваецца каля мільёна.
З вайной прыходзіць Катастрофа: паводле розных дадзеных, у 1941–1944 гадах гіне ад 600 да 900 тысяч беларускіх габрэяў. У пасляваенны час на фоне барацьбы з касмапалітызмам на ўсіх узроўнях набірае сілы антысемітызм, а ў 1960–1970 гадах Беларусь становіцца цэнтрам антысіянісцкай прапаганды. Не дзіўна, што з дазволам вольнага выезду ў Ізраіль у 1989 годзе пачалася масавая эміграцыя. І вось, напрыклад, у Іўі сёння габрэяў няма. А ў 1938 яны складалі 76% насельніцтва мястэчка. Штэтла, калі быць дакладным.
Будынак галоўнай сінагогі, тым не менш, не пустуе — у ім размясцілася дзіцячая спартыўна-юнацкая школа, у дзвюх іншых сінагогах — крама і хлебазавод.
Але хопіць пра сумнае: у самым цэнтры Іўя стаіць манумент «У гонар дружбы і адзінства канфесій Івейшчыны». Мяркуючы па некаторых рэпартажах, духавенства ўсіх канфесій гарадка ставіцца да яго вельмі прахалодна, а прадстаўнік праваслаўнай супольнасці наогул кажа, што «немагчыма аб’яднаць неаб’яднальнае». Але мы будзем спадзявацца на лепшае: людзі тут жывуць і сапраўды мірна. На маленькае Іўе з яго мультыкультурнасцю, якая праяўляецца і агулам у забудове, і ў паасобных будынках, прыемна глядзець.
Рэшткі шараговай забудовы цэнтра — таксама частка габрэйскай спадчыны. Двухпавярховыя каменныя будынкі, якімі забудаваныя вуліцы па асноўных напрамках — былыя крамы і майстэрні, на другіх паверхах якіх жылі гаспадары з сем’ямі. З гэтымі сімпатычнымі — хоць часам і архітэктурна недарэчнымі — маленькімі хаткамі звязаная свая гісторыя: у 1929 годзе ў Іўі быў люты пажар, і ледзьве не ўся драўляная забудова была знішчаная агнём. Выратавалі толькі сінагогу. Затое на грошы, атрыманыя ад страховак, горад адбудавалі наноў — такой вось малечай, у якой сёння замест былых габрэйскіх крамак з’яўляюцца то залы ўрачыстасцяў, то будаўнічыя крамы. Вось яна, пераемнасць.
Адна з галоўных вуліц — Карла Маркса — спускаецца да непрыкметнай ракі Іўянкі з кранутым сайдынгам вадзяным млыном на ёй. Перспектыва выгнутай вулачкі заканчваецца масіўным фасадам касцёла св. Пятра і Паўла — храма, узведзенага ў канцы XV, а затым перабудаванага ў першай палове XVIII стагоддзя. Улічваючы, што Іўе згадваецца ўпершыню ў 1444 годзе, можна смела казаць, што каталіцкая святыня — самы стары будынак мястэчка. Пры касцёле ў 1631 годзе быў заснаваны манастыр бернардынцаў, лаканічны жылы корпус якога выступае контрфорсамі на вуліцу.
А вось статуя Ісуса, што стаіць з распасцёртымі да мястэчка рукамі, з’явілася зусім нядаўна, але дзякуючы пэўнаму падабенству ўжо дала падставу гаварыць пра Іўе як пра беларускі Рыа-дэ-Жанейра. Ерусалім, Рыа — што далей?
А далей Дажынкі, якія рана ці позна праходзяцца ружова-пластыкавай рэнавацыяй па ўсіх малых гарадах Беларусі. Так што, фанаты старых сцен, трэшчынак і тэкстур, спяшаецеся! Некаторая цэгла Іўя ўжо патынкаваная і пафарбаваная, але то тут, то там так і праступае шарм міжваеннага мястэчка.
Крыху ў баку ад цэнтра пачынаецца раён з рознакаляровымі драўлянымі дамамі і акуратнымі агародамі — былая татарская слабада, а цяпер частка горада, якая падарыла маленькаму райцэнтру цэлы народ са сваімі традыцыямі. Дагледжаныя дыхтоўныя гаспадаркі, мноства цяпліц і стрыманая мячэць — такое рэдкае для гэтых шырот культавае збудаванне. Усё гэта — ціхае мусульманскае Іўе: неназваная сталіца беларускіх татараў — больш за шэсць стагоддзяў пражывання гэтага народа на тэрыторыі Беларусі дае ўсе падставы лічыць яго карэнным.
Яму пашанцавала больш, чым іншаму карэннаму беларускаму народу: у савецкія гады ў Іўі нават не закрывалі мячэць — яна была адзінай дзейнай у краіне. Цікава і тое, што гэты кампактны драўляны будынак з’явіўся ажно ў 1884 годзе (гэта самая старая мячэць у Беларусі) з будматэрыялаў, падораных Эльвірай Аўгустаўнай Замойскай — графіняй-каталічкай, уладальніцай маёнтка ў Іўі. Так што не толькі Вітаўт у сваім XIV, але і польскія дваране XIX стагоддзя шанавалі і любілі татараў — кажуць, што за адвагу і працавітасць. Дарэчы, сёння іх галоўным заняткам з’яўляецца агародніцтва, прычым перавага аддаецца памідорам і цыбулі.
Івейскія мусульмане традыцыйна адзначаюць і Курбан-байрам, і Ураза-байрам і на свята прыносяць у ахвяру якую-небудзь з адпаведных жывёлін — напрыклад, барана, а то і не аднаго. А на старых фотаздымках з Іўеўскага музея нацыянальных культур можна ўбачыць мясцовую татарскую грамаду, якая стаіць перад прынесеным у ахвяру быком. Рэлігія — тое, што дазваляе гэтаму нешматлікаму народу заставацца згуртаваным і захоўваць сваю самабытнасць.
Пра гісторыю, лад жыцця і самабытнасць усіх народаў, якія насяляюць маленькае Іўе, распавядае экспазіцыя самага маладога музея Беларусі — музея нацыянальных культур. У экспазіцыі чатыры залы, і наведнік можа выбраць, ад якой з іх, калі што, адмовіцца: «З гісторыі карэннага насельніцтва Івейшчыны», «Беларускія татары», «Беларускія габрэі», «Сусветная вайна».
Мы неяк адразу адмовіліся ад вайны — колькі ж можна — але не да канца аформленая экспазіцыя аб мясцовых габрэях нагадала пра знішчэнне цэлага народа, пасля якога, як і пасля генацыду культурнага, складана, вельмі складана адраджацца.
Але не будзем губляць надзеі.
Дарога
На суперсучаснай, але пакуль недабудаванай М-6 шмат часовых абмежаванняў хуткасці і звужэнняў дарогі, цяпер трэба з гэтым проста змірыцца, але хутка гэта будзе траса-агонь. Звярнуўшы каля Бакштаў з трасы, вы не надта прачуеце розніцу — на Івейшчыне нармальныя асфальтаваныя дарогі. Даўжыня маршруту складае каля 350 км, з якіх 10 км гравійкі чакае вас на ўчастку Трабы — Жамыслаўль, а яшчэ 12 км досыць грунтоўнай дарогі без пакрыцця трэба будзе пацярпець на пераездзе Суботнікі — Геранёны. Гаштольды з Ягелонамі і Сапегамі ганялі так пастаянна — і нармалёва.
Ежа
Пройдзе час, і ў тым жа Жамыслаўлі, напэўна, можна будзе выпіць капучына або сытна паабедаць соевымі перапёлкамі, але пакуль у гэтым падарожжы варта разлічваць на сябе і запраўкі. Тэрмас, бутэрброды, яблыкаў у гэтым сезоне шмат. Тым не менш у Іўі (далёка не ў кожным райцэнтры такога памеру так) хапае месцаў грамадскага харчавання, і ёсць нават рэстаран «Версаль». Таму перад вяртаннем у Мінск у горадзе касмапалітаў можна пад’есці.
Начлег
Маршрут прадугледжвае спрытных і жвавых падарожнікаў, бо 350 км цалкам рэальна праехаць з прыпынкамі для шпацыраў нават за восеньскі светлавы дзень. Але калі раптам Івейшчына вам спадабалася так, што вы захочаце застацца, дык вось: што маем, тым і прымаем.
Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі
Фота: Сяргей Краўчанка