Як і навошта саветызавалі вобраз Кастуся Каліноўскага?

22.03.2024 Асоба

Кіраўнік паўстання 1863–1864 гадоў на беларускіх землях Кастусь Каліноўскі стаў тым рэдкім нацыянальным героем, станоўчы вобраз якога адраджалі ў савецкія часы. У дзень памяці Кастуся Каліноўскага прыгадваем, як гэта адбывалася. Якім чынам саветызавалі вобраз Каліноўскага і выкарыстоўвалі яго для ўплыву на савецкую грамадскую думку?


5.jpg
Вобраз Каліноўскага-бальшавіка ў савецкім фільме Уладзіміра Гардзіна

З нацыяналіста ў лідары грамадскай думкі беларусаў

Асоба Кастуся Каліноўскага ў часы Другой сусветнай вайны і пасляваенныя гады стала ацэньвацца ідэолагамі, гісторыкамі, дзеячамі мастацтва і літаратуры значна больш станоўча, чым да пачатку вайны. Раней рэакцыйную постаць Каліноўскага пачынаюць выкарыстоўваць як праяву народнага гневу і помсты нямецкім акупантам.

На тэрыторыі Беласточчыны і Гродзеншчыны ўвосень 1943 года з’яўляецца чырвоны партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага. Кіраўнік паўстання 1863 года стаў тым рэдкім нацыянальным героем, станоўчы вобраз якога адраджалі ў савецкія часы.

Савецкія партызаны на Гродзешчыне. 1943–1944 гады. Ілюстрацыйная выява
Савецкія партызаны на Гродзешчыне. 1943–1944 гады. Ілюстрацыйная выява

Падобным чынам з небыцця вярталі дзеячаў рускай гісторыі: Сцяпана Разіна, Емяльяна Пугачова, удзельнікаў дзекабрысцкага руху. Расія ў Савецкім Саюзе заставалася лакаматывам, з дапамогай якога дэманстраваліся дасягненні ў эканоміцы, навуцы і культуры. У савецкія часы дазвалялася адраджаць гістарычных асобаў, якія выступалі супраць царскай улады.

Савецкія беларускія гісторыкі і літаратары здолелі скарыстацца гэтай негалоснай нагодай, каб вярнуць вобраз Кастуся Каліноўскага ў грамадска-ідэалагічную павестку, хаця і ў межах савецкай ідэі.

Пад уплывам ідэалагічнага пераасэнсавання асобы Каліноўскага савецкімі гісторыкамі быў створаны вобраз ледзь не Каліноўскага-бальшавіка, які адмаўляўся празнаваць кіруючую ролю ў паўстанні партыі так званых белых (больш кансерватыўная плынь у кіраўніцтве паўстаннем 1863–1864 гадоў, што базавалася ў Варшаве). Да таго ж Каліноўскага прызналі адным са стваральнікаў грамадскай думкі беларускіх сялян сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Як саветызавалі вобраз Каліноўскага?

Кастусь Каліноўскі ўзначаліў паўстанне супраць Расійскай імперыі, а бальшавікі варожа ставіліся да манархіі. Выступаў за простых людзей, выдаваў падпольную газету. Чым не савецкі рэвалюцыянер?

Рабіўся выразны акцэнт на падтрымцы Каліноўскім ідэі барацьбы менавіта сялянства з манархізмам. Хаця ў паўстанні пад яго кіраўніцтвам бралі актыўны ўдзел не толькі сяляне, але і шляхта, інтэлігенцыя і студэнцтва, мяшчане і святары. Гэтыя моманты апускаліся, і рабіўся акцэнт на тым, што галоўнай ідэяй Кастуся Каліноўскага з паплечнікамі было надзяліць сялянства бескаштоўнай зямлёй. Вызваліць з фінансавай кабалы на пяць дзясяткаў гадоў, у якую яны патрапілі пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе. Тады сяляне былі вымушаныя выплочваць ссуды за зямельныя надзелы сваім былым памешчыкам. Згодна з некаторымі савецкімі гісторыкамі, царскі ўрад, у сваю чаргу, добра гэта разумеў, таму праводзіў актыўную і паспяховую контрпрапаганду праз мясцовыя ўлады, дваранства і царкву.

 Сялянскі бунт супраць царызму
Сялянскі бунт супраць царызму

Ці марыў Каліноўскі аб незалежнай Беларусі?

На пачатку 1960-х гадоў, калі ў БССР рыхтаваліся адзначаць 100-годдзе так званага сялянскага паўстання, дзякуючы працы гісторыкаў і літаратараў сфарміраваўся вобраз Каліноўскага, што для многіх беларусаў актуальны па сённяшні дзень — самаадданага рамантыка, што верыць у ідэю ўтварэння ўласнай краіны з роўнымі правамі для кожнага.

«Кастусь Каліноўскі». Аўтарка Сняжана Віцецкая
«Кастусь Каліноўскі». Аўтарка Сняжана Віцецкая

Праўда, агаворвалася, што краіна, аб якой марыў Каліноўскі, мусіла быць у хаўрусе з іншымі будучымі суседнімі сацыялістычнымі дзяржавамі. А ідэю незалежнай Літвы-Беларусі, згодна з ідэалагічнымі сцвярджэннямі, Каліноўскаму прыпісалі «ідэолагі самадзяржаўя і польскія нацыяналісты».

Рускі савецкі гісторык Міско заяўляў, што Каліноўскі разглядаў Беларусь як частку Польшчы і цалкам падзяляў праграму Варшаўскага ўрада, што прадугледжвала ўключэнне беларускіх і літоўскіх земляў у склад будучай Польскай дзяржавы і захаваннем абшарніцкага землеўладання.

Яскравы прыклад прыведзенай тэзы можна прасачыць у выпадку з расійскім гісторыкам Анатолем Смірновым, які яшчэ з канца 1950-х гадоў даследаваў гісторыю паўстання 1863 года і постаці яго кіраўнікоў. У сваіх працах навуковец прызнаваў і станоўча ацэньваў пастаноўку пытання пра ўтварэнне самастойнай Беларуска-Літоўскай рэспублікі Каліноўскім і яго паплечнікамі.

Вядомая манаграфія гісторыка Анатоля Смірнова
Вядомая манаграфія гісторыка Анатоля Смірнова

Але ўжо праз некалькі год, у ІІ томе «Гісторыі Беларускай ССР», якую выдалі ў Мінску ў 1972 годзе, пазіцыі беларускіх рэвалюцыйных дэмакратаў па нацыянальным і дзяржаўным пытанні напярэдадні і падчас паўстання не былі згаданыя наогул.

Чаму постаць Каліноўскага мацавала савецкую грамадскую думку?

Кастусь Каліноўскі стаў адным з нешматлікіх дзеячаў беларускай нацыянальнай гісторыі, што амаль арганічна ўпісваўся ў кантэкст ідэалогіі савецкай эпохі. Апусціўшы некаторыя моманты з яго дзейнасці як ідэолага і кіраўніка паўстання 1863 года, савецкая грамадская думка ўмацоўвалася і здабывала новага героя — змагара за сацыяльную вольнасць беларускага сялянства, прыгнечанага царом, дваранамі і царквою.

Ідэалагічныя падыходы да постаці Кастуся Каліноўскага пачалі змяняцца ў сярэдзіне 1980-х гадоў з надыходам палітыкі перабудовы і агульнай галоснасці, у часы, калі беларускі нацыянальны рух стаў актыўна адраджацца.

Алесь Масевіч, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Як прайшлі апошнія тыдні жыцця Кастуся Каліноўскага