Як калісьці выглядаў Мядзельскі замак? Закончыліся археалагічныя раскопкі на паўвостраве Замак

Падрабязнасці – у размове з кіраўніком работ Мікалаем Плавінскім.

Інтэрв’ю размешчана 23 ліпеня на сайце газеты “Нарачанская зара”.

Даведка: Мікалай Плавінскі – кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Аўтар і суаўтар 10 манаграфій і больш як 200 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных артыкулаў па археалогіі і гісторыі Беларусі сярэдневяковага перыяду. З 2004 года праводзіць раскопкі археалагічных помнікаў эпохі Сярэднявечча на паўночным захадзе Беларусі.

Графічную фіксацыю археалагічнага аб’екта (падмурак палаца) робіць кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Плавінскі. Фота за сайта narachanka.by

Мікалай, увядзіце, калі ласка, “у курс справы”.

– Тры гады па ініцыятыве і з падтрымкай райвыканкама мы праводзілі раскопкі Мядзельскага замка. Першыя археалагічныя работы тут адбыліся ў 1981 годзе пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага Міхася Аляксандравіча Ткачова. Мы зноў распачалі раскопкі. У перспектыве галоўная мэта – аднаўленне замка, а пакуль што праводзілася даследчая праца на будучыню.

– Якім быў Мядзельскі замак? Што там самае цікавае?

Самае цікавае – гэта вежа Мядзельскага замка. Яе раскопваў Ткачоў, мы таксама адкрывалі ў мінулым годзе частку сцяны, каб паглядзець яе захаванасць. Вежа гэта мела 17 метраў у дыяметры. Як яна выглядала першапачаткова? Самае блізкае, што, напэўна, ведаюць усе беларусы – гэта Камянецкая вежа. Па вышыні і Мядзельская мусіла быць каля 30 метраў. Таксама, верагодна, існавалі мураваны палац і нейкія драўляныя ўмацаванні – сам замак быў драўляны.

На раскопках працуюць валанцёры – выпускнікі гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Клімовіч і Сяргей Крэйдзіч

Самыя цікавыя знаходкі – пячная кафля. Яна мае бліжэйшыя аналагі ў Ніжнім замку Вільні. Увогуле, можна меркаваць, што Мядзельскі замак быў пабудаваны родам Саковічаў (ім калісьці належалі землі значнай часткі цяперашняй Мя­дзельшчыны і Пастаўшчыны). Потым перайшоў да Радзівілаў, а пасля быў дзяржаўным, як і само мястэчка Мядзела. Рос­квіт Мядзельскі замак перажыў дзесьці ў 20-30-я гады XVI стагоддзя. Тады да ве­жы быў прыбудаваны мураваны палац, і там вялося актыўнае жыццё. Працягвалася такое актыўнае жыццё, можа, і ў 40-я гады XVI стагоддзя, бо легенда, якая звязвае замак з каралевай Бонай, усё ж аднекуль узялася. Дзесьці канец 30-х гадоў, 40-я – гэта той час, калі і сапраўды Бона Сфорца, жонка Жыгімонта Старога, магла быць у Мядзеле.

– Ці былі сёлета якія знаходкі?

– Галоўная наша мэта – вывучэнне абарончых збудаванняў. Мы не столькі шукалі, колькі вывучалі плошчу і будову замка. Але і “накапалі”. Ёсць манета 1492-1506 гадоў – часоў праўлення вялікага князя Аляксандра Ягелончыка. Гэта дынарый – манета самага дробнага наміналу. З аднаго боку – польскі арол, з другога – Пагоня. Знайшлі таксама шахматную фігуру першай паловы XVI стагоддзя.

– Будзеце працягваць раскопкі?

– Пакуль што не. Раскопкі вяліся ў межах праграмы “Замкі Беларусі”, каб можна было рыхтаваць праект рэстаўрацыйных работ. Папярэднюю археала­гічную працу выканалі: разведачна раскапалі ўсю паўночна-ўсходнюю частку замка. Калі ж будзе прынята рашэнне аб рэстаўрацыі, то патрэбны значна большыя па аб’ёму работы – тут ужо не валанцёрская павінна быць экспедыцыя.

Пешка на далоні – шахматная фігура першай паловы XVI стагоддзя, знойдзеная падчас раскопак на паўвостраве Замак

Зразумела, што не трэба ў прамым сэнсе аднаўляць замак – будаваць свайго роду Дыснейленд. А якая рэстаўрацыя неабходна?

– Мае сэнс адкрыць па перыметры вежу, цалкам закансерваваць яе, накрыць нейкай канструкцыяй – зрабіць купал. Гэта ўжо з праекціроўшчыкамі, архітэктарамі трэба мець справу. Магчыма, дзесьці месцамі аднавіць профіль абарончых збудаванняў. Ну і патрэбна музеефікацыя. Зрабіць музейнае памяшканне, стылізаванае пад XVI стагоддзе. Сюды патрэбна правесці электрычнасць, ахова павінна тут быць пастаянна, неабходна шмат розных інфармацыйных шыльдаў – каб увесь паўвостраў ператварыўся ў музейны аб’ект. Патрэбна і інфраструктура, і прадуманая палітыка.

Але гэта найперш фінансавае пытанне. Прыдумаць можна што заўгодна, а вось рэалізаваць – толькі ў рамках дзяржаўнага фінансавання. Тым больш, што адна справа – зрабіць, а іншая – падтрымліваць у належным стане. Тут могуць быць нават большыя выдаткі, чым на аднамомантную пабудову чаго-небудзь.

– Раскопкі – праца не толькі цікавая, але і ў прамым сэнсе цяжкая. Экспедыцыя была валанцёрскай… Мікалай, рассакрэцьце, хто гэтыя валанцёры? Студэнты, якія завінаваціліся Вам залік па гісторыі?

– Ды не. Працавалі за ідэю. Чалавек 30 тут перабыло. У асноўным – з Мінска. З Берасця, з Гародні былі. Самыя розныя людзі: ад трэнера футбольнай каманды да грузчыка.

 

kraj.by паводле сайта газеты “Нарачанская зара”

 

Тэгі: