Оперны спявак Ілья Сільчукоў, выгнаны з Беларусі за нязгоду з уладамі, распавёў, як спрабуе наладзіць жыццё ў ЗША

10.10.2022 Музыка

«Сільчукоў быў іконай культуры ў роднай Беларусі, вядучым салістам Нацыянальнага тэатра оперы і балета, ён прадстаўляў сваю нацыю на афіцыйных дзяржаўных мерапрыемствах у краіне і за мяжой і выступаў у оперных тэатрах па ўсёй Еўропе. Ён жыў прывілеяваным і камфортным жыццём на радзіме, але адмовіўся ад яго пасля таго, як далучыўся да дзясяткаў тысяч беларусаў на выбарчых акцыях пратэсту, якія былі жорстка задушаныя ўрадам Лукашэнкі», — піша The Washington Post.


imrs.jpg
Оперны спявак Ілья Сільчукоў ў парку ў прыгарадзе Бостана, аўторак, 4 кастрычніка 2022 года. AP Photo/Стывен Сэн

Ілья Сільчукоў быў культурнай іконай у сваёй роднай Беларусі, вядучым салістам Нацыянальнага тэатра оперы і балета, прадстаўляў сваю краіну на афіцыйных урадавых мерапрыемствах у краіне і за мяжой і выступаў у оперных тэатрах па ўсёй Еўропе.

Ён жыў прывілеяваным і камфортным жыццём на сваёй радзіме.

І ён усё гэта кінуў.

Сільчукоў адважыўся выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі, які амаль тры дзесяцігоддзі жалезнай рукой кіруе былой савецкай рэспублікай.

Цяпер спявак жыве ў прыгарадзе Бостана са сваёй жонкай і трыма дзецьмі і выкладае музыку вучням сярэдняй школы, спрабуючы адрадзіць сваю кар’еру ў ЗША, дзе ён застаецца адносна невядомым.

«Мяне ведаюць у Еўропе, але я ніколі не выступаў у Штатах, і гэта было для мяне як чысты ліст паперы, проста новая старонка», — сказаў ён падчас нядаўняга інтэрв’ю ў Бостане. «Тут нам прыйшлося пачынаць з нуля».

Калі Лукашэнка «выйграў» выбары ў 2020 годзе, якія яго апазіцыя і Захад палічылі сфальсіфікаванымі, Сільчукоў далучыўся да дзясяткаў тысяч беларусаў на пратэстах, якія былі жорстка задушаныя і прывялі да арыштаў тысяч людзей.

«Гэта было настолькі відавочна для ўсіх нас, што мы не маглі больш маўчаць», — кажа Ілья.

Ён адмовіўся ад трох узнагарод, якія атрымаў асабіста ад Лукашэнкі.

Сябры папярэдзілі яго пра небяспеку.

«Яны сказалі: «Што з табой не так? У цябе ёсць усё, што трэба», — сказаў ён. «У Беларусі мне добра плацілі, і я меў ад гэтага ўсе перавагі. Я сказаў: «Так, яны плацяць мне, але я ім не належу».

Паводле слоў спевака, яго публічная нязгода з Лукашэнкам прывяла да таго, што яго звольнілі з оперы за «амаральны акт» і занеслі ў чорны спіс. У адказ ён здзейсніў яшчэ адзін акт непадпарадкавання — сваім барытонам запісаў на відэа традыцыйны беларускі гімн «Магутны Божа», які стаў своеасаблівым гімнам апазіцыі Лукашэнкі.

У сакавіку 2021 года сілавікі прыйшлі за яго жонкай Таняй і абвінавацілі яе ў махлярстве з нацыянальнай сістэмай падтрымкі дзяцей, фундаванай дзяржавай, а таксама застрашылі двума гадамі турмы. Ілья ўспрыняў гэта як дрэнна завуаляваную пагрозу разбурыць сям’ю.

«У многіх дзяцей у Беларусі абодва бацькі сядзяць у турме», — кажа спявак.

Калі яго дзеці скончылі школу ў маі таго ж года, сям’я спакавала чатыры валізкі з важнымі дакументамі і фатаграфіямі і вылецела з Беларусі ў Грузію, а затым у Сіэтл, дзе жывуць бацькі спевака.

Сям’я прыехала на Усходняе ўзбярэжжа каля года таму па прапанове Марыны Львовай, якая кіруе некамерцыйнай арганізацыяй «Беларусы» ў Бостане. Прыцягвала культурнае жыццё Бостана, блізкасць да Еўропы і актыўная беларуская дыяспара.

Львова і яе муж упершыню ўбачылі Сільчукова на адным з яго апошніх публічных выступаў у Мінску і, паводле яе слоў, «закахаліся ў яго голас».

Але яе таксама ўразіла ягоная адвага ў супрацьстаянні Лукашэнку.

«Ілья — сапраўдны патрыёт Беларусі, — кажа Марына. — Вы не можаце дабіцца поспеху ў краіне, якая з’яўляецца турмой, і, на жаль, зараз наша краіна ёсць турмой».

Зараз Сільчукоў зарабляе на жыццё, дакладней — зводзіць канцы з канцамі, выкладаючы для вучняў 5-9 класаў у прыватнай школе Star Academy.

«Неверагодна, што ён можа падзяліцца вопытам, атрыманым у найлепшых оперных тэатрах Еўропы», — кажа Маргарыта Друкер, судырэктар Star Academy.

У школе шмат вучняў усходнееўрапейскага паходжання, у іх сем’ях ёсць падобныя гісторыі ўцёкаў ад прыгнёту.

«Для чалавека яго ўзроўню было вельмі мужна адмовіцца ад усяго, што ў яго было, і сысці ў такую вялікую нявызначанасць», — сказала Друкер.

Сільчукоў вярнуўся на сцэну, супрацоўнічаючы з піяністам Паўлам Нерсесянам, дацэнтам Бостанскага ўніверсітэта, на двух нядаўніх канцэртах у Бостане і Нью-Джэрсі.

Для гэтых выступленняў ён сабраў рэтраспектыву некаторых са сваіх любімых твораў, якія суправаджаюць яго кар’еру ад першых урокаў спеваў да працы ў нацыянальнай оперы, уключаючы «Папагена» з «Чароўнай флейты» і «Каваціна Фігара» з «Севільскага цырульніка». Ён завяршыў шоу тым, што ён назваў «жамчужынай канцэрта», — дуэтам са сваёй жонкай-меца-сапрана.

Нядаўна ў яго было праслухоўванне ў Бостанскай лірычнай оперы, і ён спрабуе дабіцца праслухоўвання ў іншых оперных тэатрах ЗША, а таксама вядзе перамовы з амерыканскімі агентамі.

«Я чакаю са спадзяваннем», — кажа ён.

Адно з такіх спадзяванняў — вяртанне на радзіму.

Ілья застаецца на сувязі з сябрамі і калегамі ў Беларусі, якія «працуюць у страху», баючыся выступіць супраць Лукашэнкі.

«Мы спадзяёмся ўбачыць іх зноў, і абавязкова будзем спяваць нашы песні на плошчах у наш сапраўдны дзень незалежнасці», — кажа оперны спявак.