Як Парацэльс трапіў у Мінск

09.09.2014 Кіно

У пракат выйшаў дзіцячы прыгодніцкі фільм “Неверагоднае перамяшчэнне”.

Фільм “Неверагоднае перамяшчэнне”

Прадстаўнікі культурнага асяродку неяк прызвычаіліся, што гонар “Беларусьфільма” складае дакументальнае кіно і анімацыя. Прадукцыя, створаная ў гэтых жанрах, стабільна атрымлівае ўзнагароды на фестывалях (напрыклад, мультфільм “І. С. Бах” Алены Пяткевіч адзначаны расійскім “Залатым арлом”). Але шырокі глядач амаль не мае магчымасці яе ўбачыць. Іншая рэч – мастацкія фільмы (як для дзяцей, так і для дарослых). Нягледзячы на максімальны фармат спрыяння (рэклама, паказ на тэлебачанні і ў кінатэатрах), стаўленне да іх або абыякавае, або досыць іранічнае. Маўляў, ну што нашы могуць? Дзіцячы прыгодніцкі фільм “Неверагоднае перамяшчэнне” – шанец змяніць статус-кво.

Новую стужку зняў рэжысёр Аляксандр Анісімаў (цёзка знакамітага дырыжора), які раней працаваў над дакументальнымі фільмамі. Для вучня Віктара Турава гэта дэбют у мастацкім кіно. Паводле сюжэта, мінскі школьнік-вундэркінд Ваня Фёдараў (Сева Маліцкі) вынаходзіць камп’ютарную праграму, якая рабіла б за яго хатнія заданні. Аднак пасля сваркі з сястрой Лізай (Каця Астрога) ён выпадкова псуе камп’ютар. У пакой звычайнай мінскай кватэры пераносіцца сярэднявечны алхімік і лекар Парацэльс (Аляксандр Аўчыннікаў). Акрамя яго ў сучасны Мінск трапляюць два прадстаўнікі сярэднявечнай інквізіцыі, якія жадаюць пакараць Парацэльса. Ваня і Ліза павінныя абараніць вучонага, а таксама вярнуць яго ў мінулае. Іначай ён не зможа здзейсніць свае адкрыцці і спыніць эпідэмію чумы.

Фільм “Неверагоднае перамяшчэнне”

Вельмі годна выглядае сцэнарый фільма, які напісала Рыта Шаграй.  Гэта яе дэбют у поўнаметражным кіно. Ніякіх супярэчнасцяў і нестыковак (здавалася б, банальная рэч, а колькі адваротных прыкладаў можна назіраць у іншых айчынных фільмах!). Нестандартныя сюжэтныя хады (напрыклад, у адным з эпізодаў інквізітараў прымаюць за спевакоў з гурта, які выконвае сучасную рок-музыку. Служкі Божыя ўпершыню выходзяць на сцэну, але робяць фурор, спяваючы сярэднявечныя гімны). Перамяшчэнне герояў у часавай прасторы абгрунтаванае і неаднаразова камічна абыграна. Напрыклад, інквізітары і Парацэльс баяцца ўсіх, невядомых ім праяваў сучаснага жыцця (пачынаючы з трамвая і заканчваючы газавай плітой).

“Пракол” толькі адзін: інквізітар, які прагаладаўся, спыняе жанчыну і кажа ёй: “Дай мне!” (маючы на ўвазе ежу – батон). Рэакцыя гераіні наступная: “Маньяк!”. Дзеці на такі эпізод ніяк не адрэагавалі. Хутчэй за ўсё проста не зразумелі. І дзякаваць Богу! Але на каго тады быў разлічаны такі двухсэнсоўны гумар? Няўжо на бацькоў?

Фільм “Неверагоднае перамяшчэнне”

Вельмі пасуе стужцы лёгкая, ненавязлівая дыдактыка. Збой камп’ютарнай праграмы падказвае школьнікам, што лепш не спадзявацца на “халяву”, а добра вучыцца. У іншым эпізодзе круглявая Ліза з’ядае ўвесь сняданак і, у адрозненне ад Вані, нічога не пакідае Парацэльсу. Вось і тонкі намёк на неабходнасць правільнага харчавання. Першапачаткова брат і сястра толькі і робяць, што сварацца. У фінале, прайшоўшы праз выпрабаванні, яны становяцца сапраўднымі сябрамі. Шматлікія згадкі асобы Парацэльса (у тым ліку яго партрэт) могуць падштурхнуць школьнікаў да знаёмства з біяграфіяй медыка. Дарэчы, калі лекару кажуць, што ён трапіў у Мінск, ён удакладняе: “У Вялікае Княства Літоўскае, у Менск?”

Удала паказаная ў фільме сталіца Беларусі (аператар Дзмітрый Рудзь). Асабліва гэта становіцца зразумела, калі згадваеш кадры стужкі “На спіне ў чорнага ката”. Там вандроўка герояў па Мінску нагадвала дэманстрацыю дасягненняў гарадскога жыцця і народнай гаспадаркі. У новым фільме сталічных адметнасцяў мінімум. Частка здымак адбывалася ў сталічнай гімназіі №7 на вуліцы Захарава. Трапляе ў кадр каменная альтанка на беразе Свіслачы, а таксама парк Горкага. Прычым сітуацыя, калі інквізітары ўздымаюцца на коле агляду, гумарыстычна інтэрпрэтуецца як узнясенне герояў.

Дарэчы, пра выканаўцаў можна сказаць шмат добрых слоў. Годна выглядае інтэлігентны Парацэльс, а таксама дуэт інквізітараў. Адзін – рашучы і катэгарычны, так бы мовіць, “ідэолаг” (Генадзь Фамін), другі –  моцны, але баязлівы (Дзмітрый Есяневіч). Натуральна глядзіцца і дуэт дзяцей. Галоўнае, што гэтым героям верыш.

Чаго не хапае фільму, дык гэта крыху большай вастрыні і большага драматызму. Так, героі павінныя вярнуць Парацэльса ў мінулае. Але адчуваецца: калі алхімік і застанецца ў ХХІ стагоддзі, надта моцна перажываць яны не будуць. Таму прыгоды набываюць адценне мяккасці, несур’ёзнасці і своеасаблівай гульні з гарантаваным хэпі-эндам. У выніку глядач не мае патрэбы перажываць за герояў (а толькі сочыць за дзеяннем). З іншага боку, “Неверагоднае перамяшчэнне” становіцца сапраўдным сямейным кіно, якое глядзіцца вельмі лёгка, на адным дыханні і выклікае суцэльны пазітыў. І рэкамендаваць яго для прагляду можна нават нервовым бабулям і дзядулям разам з унукамі.

Імідж і рэпутацыя кожнай кінастудыі фарміруецца гадамі. Наіўна сцвярджаць, што пасля адной карціны сітуацыя кардынальна зменіцца. Але калі “Беларусьфільм” будзе і далей здымаць такія стужкі (якія на ўзровень пераўзыходзяць некаторую іншую айчынную кінапрадукцыю), у нацыянальным кінематографе ўсё небезнадзейна.

Дзяніс Марціновіч