Алесь Тодараў піша на budzma.by аб тым, якім чынам можна развіць у сабе лідарскія якасці, нават калі іх зусім няма і прыводзіць пяць рэальных спосабаў іх развіцця.
Фота igrox.ru
Некаторым людзям пашчасціла нарадзіцца лідарамі, яны маюць усе неабходныя якасці ад прыроды. Іншыя ж не маюць гэтага набору, і ім даводзіцца развіваць яго ў сабе, каб дасягнуць кар’ерных вышынь.
Істотна памыляюцца тыя, хто кажа, што лідарам можа стаць толькі пэўны чалавек. Насамрэч гэта не зусім так, бо лідарам можа стаць абсалютна любы чалавек, калі, вядома, захоча.
Перспектыва кар’ернага росту прымушае многіх людзей з галавой сыходзіць у працу, адточваць свае прафесійныя навыкі і брацца за новыя праекты. Але на нейкім этапе прафесійных ведаў і працавітасці ўжо недастаткова для паспяховага кіравання камандай.
У любым выпадку, рана ці позна вам спатрэбяцца навыкі сацыяльных зносін, а таксама здольнасць узяць на сябе кіруючую ролю.
Прапануем вашай увазе пяць стратэгій, якія дапамагаюць развіць лідарскія якасці і паспяхова прасоўвацца на службе пры іх дапамозе.
1. Дысцыпліна
Сапраўдны лідар павінен быць дысцыплінаваным. Дысцыплінаванасць патрэбная не толькі на працы, але і ў асабістым жыцці, каб стаць паспяховым кіраўніком і каб падаваць правільны прыклад сваім падначаленым. Людзі будуць ацэньваць вашую здольнасць да кіравання камандай праекта па вашым стаўленні да справы.
Імкніцеся да таго, каб заўжды ўкладвацца ў тэрміны, заўсёды выконваць свае абавязацельствы і завяршаць усе справы своечасова.
Калі вы па сваёй прыродзе дэзарганізаваны чалавек, то вам прыйдзецца вельмі шмат працаваць над сабою, але можаце пачаць з малога. Перш-наперш выпрацуйце карысныя звычкі ў сваім паўсядзённым жыцці: прачынайцеся рана, рабіце зарадку, развівайце самакантроль.
2. Больш адказнасці
Выдатны, а разам з тым і вельмі просты спосаб выпрацаваць у сабе лідарскія якасці — гэта браць на сябе больш адказнасці. Неабавязкова ўзвальваць на сябе непасільную ношу, але неабходна выконваць большы аб’ём работы, чым той, якога патрабуюць ад вас службовыя абавязкі.
Выхад з зоны камфорту — гэта цудоўны спосаб не толькі навучыцца чамусьці новаму, але і праявіць сябе ініцыятыўным супрацоўнікам. Таксама, каб стаць лідарам у сваім калектыве, неабходна ўвесь час вучыцца чамусьці новаму. Гэта дапаможа вам захаваць востры розум і не страціць прафесійныя навыкі. Так вы заўсёды будзеце гатовыя да вырашэння новых задач, а для кіраўніка гэта вельмі карысная якасць.
3. Слухайце іншых
Сапраўдны лідар без праблем перадасць кіраванне іншаму чалавеку, калі ў гэтым будзе патрэба. Вы не павінны адчуваць пагрозу, калі нехта не згодны з вамі, ставіць пад сумнеў вашыя ідэі або вылучае ўласныя прапановы. Быць лідарам — гэта значыць быць часткай каманды, і лідар абавязаны матываваць і натхняць людзей, з якімі працуе.
Фотаlifehacker.ru
Заўжды заставайцеся аб’ектыўным і неперадузятым да сваіх калегаў. Гэта можа падавацца вельмі няпростай задачай, але калі вы навучыцеся паважаць іншых удзельнікаў вашага калектыву, яны хутчэй пачнуць лічыцца з вашым меркаваннем. Калі каму-небудзь з вашых таварышаў па службе раптам спатрэбіцца падказка або падтрымка, неадкладна прапаноўвайце яе. Часам жа чалавеку трэба, каб яго проста нехта выслухаў і праявіў спачуванне.
4. Кантроль сітуацыі
Прыкмета добрага кіраўніка — уменне бачыць агульную карціну і прадбачыць праблемы да таго, як яны паўстануць. Гэта вельмі карысная якасць пры выкананні складаных праектаў з жорсткімі тэрмінамі.
Здольнасць пазбягаць магчымых праблем — бясцэнная ўласцівасць лідара. Гэтая здольнасць таксама дазваляе знаходзіць спрыяльныя магчымасці, якіх не заўважаюць іншыя, і несумненна дапаможа вам заваяваць ўсеагульнае прызнанне.
5. Вырашэнне канфліктаў
Немагчыма ўвесь час жыць дружна. Не варта ігнараваць канфлікты, якія ўзнікаюць унутры калектыва са спадзевам, што яны вырашацца самі сабой.
Лепш паспрабуйце іх вырашыць, пагаварыўшы з непасрэднымі ўдзельнікамі. Будзьце гатовыя перапрызначыць выканаўцаў, калі канфлікт не можа быць вырашаны.
Дэлегаванне абавязкаў не толькі дазволіць вам вызваліць час для тых спраў, якія ў вас добра атрымоўваецца вырашаць, але і павысіць самаацэнку удзельнікаў вашай каманды.
Людзей, якія ўмеюць усё, не бывае, і чым раней вы гэта зразумееце, тым хутчэй станеце добрым лідарам. Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.by