Адчуваеце водар бліноў у паветры? Гэта Масленіца ідзе. З песнямі, танцамі ля вогнішча, гучнымі званочкамі на конях, спальваннем пудзіла, сырам, маслам і, вядома ж, блінамі. Існуе такое павер’е: колькі бліноў з’ясі ў апошні тыдзень перад Вялікім постам, столькі шчаслівых дзён будзе ў гэтым годзе.
Масленічны тыдзень, або Пусты, Крывы, Развітальны, папярэднічае Вялікаму посту. Гэта апошняя магчымасць перед саракадзённай стрыманасцю павесяліцца ды пажартаваць. У гэты час ужо не ўжываюць мяса, аднак можна есці сыр, яйкі, масла — каб, паступова адмовіўшыся ад шэрагу скаромных страў, без цяжкасцяў перайсці да посту. На Масленічным тыдні прынята сустракацца з блізкімі і сябрамі, запрашаць іх да сябе ў госці на бліны, разам радавацца і весяліцца перад Вялікім постам. Як тлумачыць царква, гэта папярэднічае той радасці, якая наступіць пасля посту.
Сёння Масленіца вельмі часта ператвараецца ў гучныя застоллі і свецкія забавы, якія царква не прымае. Але чаму так адбываецца, лёгка растлумачыць — на хрысціянскае свята накладаецца народная традыцыя, звязаная з адраджэннем урадлівых сіл зямлі — праводзінамі зімы і жаданнем хуткага надыходу вясны. На Масленіцу рабілі і запальвалі кола, сімвалічна спальвалі ляльку Зімы, вадзілі першыя веснавыя карагоды, спяваючы: “А мы Масленку чакалі, люлі, чакалі! Усю нядзельку выглядалі, люлі, выглядалі!” Былі і іншыя традыцыі.
Цікава ўжо тое, што святкаванне Масленіцы было падзелена па днях, і ў кожнага з іх ёсць свая адметнасць. У панядзелак, які атрымаў назву “сустрэча”, ішлі ў госці адзін да аднаго сваты. У гэты ж дзень рабілі пудзіла, з якім пасля хадзілі па вёсцы. У аўторак — “зайгрыш” — адбываліся агледзіны нявест. У сераду — “лакамку” — зяць прыходзіў на бліны да цешчы. У чацвер — “разгул” — пачыналася шырокае святкаванне Масленіцы з гульнямі, танцамі, вогнішчамі. У пятніцу — “цешчын вечар” — цешча ішла на бліны да зяця. У суботу — “залоўчыны вячоркі” — маладыя нявесткі запрашалі ў госці заловак і іншых родных мужа. У апошні дзень тыдня — “даравальную нядзелю”, або “провады” — людзі прасілі прабачэння адзін у аднаго, распальвалі масленічнае вогнішча і развітваліся з Масленіцай.
Так адзначалі свята не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Аднак наша асаблівасць у тым, што многія невялікія рэгіёны мелі свае адметнасці святкавання Масленіцы, якія захаваліся да сённяшняга часу.
— Ва ўсходніх палескіх рэгіёнах падтрымліваецца традыцыя “пакарання” на Масленіцу тых, хто мог узяць шлюб за год, але гэтага не зрабіў. Хлопцам-“перастаркам”, якія не ажаніліся, прывязвалі да нагі “калодку”, — расказвае доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — Гэта магла быць палка, стужачка або цукерка. “Прывязаць калодку” — значыць пазначыць хлопца, які мусіў за гэта праставіцца. Каралі і дзяўчат, але толькі ў тым выпадку, калі нявеста была надта пераборлівая і за год адмовіла некалькім сватам. Ёй завальвалі хату ступай.
Аднак трэба сказаць, што тых, хто за год усё ж такі пабраўся шлюбам, у супакоі таксама не пакідалі. У Падняпроўі, да прыкладу, да сённяшняга часу існуюць звычаі “трэсці падушкі” або “разуваць маладуху”, калі грамада замужніх кабет прыходзіць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію.
На паўночным усходзе Беларусі захавалася такая традыцыя, як “Пахаванне Дзеда”. У панядзелак, першы дзень Масленічнага тыдня, калі ўжо забаранялася есці мяса, хавалі “Дзеда, што косткай падавіўся”. Дзеда, якога называлі Сідоркай, выраблялі ў чалавечы рост з саломы, апраналі ў мужчынскае адзенне, клалі на лаўку і пачыналі па ім галасіць: “Ах ты, Дзедка, куды ты сабраўся, навошта нас пакідаеш…”
— Падкрэслівалася, што Дзеду вельмі шмат гадоў, больш за сто, і што ён усёй вёскі Дзед. А таксама акцэнтавалася ўвага на яго мужчынскай юрлівасці і пажадлівасці, —тлумачыць Таццяна Васільеўна. — З качалкі або морквіны рабілі мужчынскія “атрыбуты”, якія вяроўкай, працягнутай праз нагавіцы, час ад часу рухалі. Дарэчы, на гэты абрад дапускаліся толькі пажылыя жанчыны. Казалі: “Ты па ўсіх жанчынах прайшоў, дзяцей нарабіў усёй вёсцы, а цяпер нас пакінуў”. І так натуральна галасілі, што ажно мурашы па скуры. Але, вядома, і рагаталі. “Аплакаўшы”, Дзеда везлі на саначках закопваць у снег, быццам перадаючы яго пладавітасць зямлі.
А напрыканцы масленічнага тыдня адбывалася “Пахаванне Бабы”, якая “падавілася сырніцай”. Як і Дзеда, Бабу аплаквалі і неслі на вуліцу. Гэты звычай хоць і ўнікальны, але мае шмат агульнага з традыцыйным спальваннем пудзіла Масленіцы, калі людзі імкнуліся пазбавіцца ўсяго старога і кепскага, усіх хваробаў, грахоў і хібаў.
Існуе шэраг іншых цікавых вузкалакальных масленічных звычаяў. У адным з раёнаў Віцебшчыны па вёсцы насілі жывога пеўня. Яму звязвалі крылы і падвешвалі птушку на палку. З пеўнем, які кукарэкаў на ўсю вёску, хадзілі ад двара да двара, збіраючы людзей на супольнае святкаванне Масленіцы. Больш распаўсюджанай была традыцыя качаць калодку. Яе чаплялі на вяроўку і цягнулі ад хаты да хаты. Калодку ставілі перад дзвярамі хаты. Гаспадыня ставіла на калодку бутэльку, а пасля і сама далучалася да грамады. На Лепельшчыне вялікую калодку ўцягвалі ў хату. Гаспадару прыходзілася адкупляцца.
Па-свойму ў розных рэгіёнах Беларусі і бліны гатавалі. На Гомельшчыне, да прыкладу, іх кожны дзень пяклі з новай мукі (пшанічнай, жытняй, грэчневай і гэтак далей), імкнучыся паўплываць на ўраджай кожнага віда збожжа. Па-рознаму і прыпраўлялі бліны. Дзесьці проста палівалі маслам, дзесьці падавалі са смятанай і ягадамі.
Як адзначыць Масленіцу сёння, кожны вырашае сам. Можна працягнуць якую-небудзь бабуліну традыцыю, можна выправіцца на святкаванне ў беларускі музей, аграсядзібу і этнаграфічны комплекс, а можна проста напячы бліноў ды з’есці іх са сваімі блізкімі, дзелячыся радасцю і ўсмешкамі.
Рэцэпты бліноў з энцыклапедыі беларускай кухні “Смачна есці”
Бліны ранішнія
Інгрэдыенты: 4 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі малака, 1 сталовая лыжка цукру, 30 г дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі алею, вада.Дрожджы развесці ў цёплай вадзе, усыпаць усю муку, уліць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць цеста на ноч. Раніцай закіпяціць малако і адразу ўліць у цеста, дадаць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.
Бліны па-літоўску
Інгрэдыенты: 400 г грачанай мукі, 3 шклянкі малака, 40 г дражджэй, 1,5 сталовай лыжкі цукру, соль, тлушч.У малацэ (прыблізна паўшклянкі) развесці дрожджы з цукрам, дадаць лыжку мукі, пакінуць, каб падышло. Астатняе малако падагрэць да тэмпературы каля 70 градусаў, дадаць прасеяную муку, астудзіць, перамяшаць з рашчынай, яйкамі, соллю, добра вымесіць. Выпякаць на патэльні, памазанай тлушчам.
Свята па-шляхецку
Музей старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, які знаходзіцца ў сарака кіламетрах ад Мінска, запрашае вызваліць вясну з зімовага палону 1 сакавіка, пачатак свята ў 12 гадзін. Госці змогуць паспрабаваць свае сілы ў такіх шляхецкіх забавах, як стральба з лука, перацягванне каната, валоданне баявой сякерай і мячом, рыцарскія баі і іншых. Тут можна будзе таксама пакатацца на конях, каштаваць беларускія стравы, павадзіць карагоды ля вогнішча.
Пахаваць Бабу
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту каля вёскі Азярцо Мінскага раёна запрашае адсвяткаваць Масленіцу 2 сакавіка з 11.30 да 15.00. Наведвальнікі змогуць узяць удзел у традыцыйным абрадзе “Пахаванне Бабы”, атрымаць майстар-клас па беларускай польцы, убачыць на ўласныя вочы ўнікальныя прыстасаванні для вырабу масленічных страў — сыра і масла. Для тых сем’яў, якія пабраліся шлюбам у мінулым годзе, супрацоўнікі музея падрыхтавалі цікавы абрад “Ушанаванне маладых пар” з гумарыстычнымі іспытамі, гульнямі і сувенірамі.
Беларускае сумо
Сядзіба “Марцінова Гусь” у вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна запрашае адзначыць Масленіцу 2 сакавіка, абяцаючы гасцям разнастайныя жартаўлівыя конкурсы, традыцыйныя танцы і гульні, якім можна навучыцца за дзве хвіліны. Таксама ў праграме надзяванне “калодак” нежанатым хлопцам, баі падушкамі на лавах, “Гарачая патэльня” (беларускае сумо), бязвінныя пацалункі і іншае.
Глядзі паштоўку да свята “Масленіца”
Глядзі паштоўку да свята “Каляды”
Глядзі паштоўку да свята “Багач”
Глядзі паштоўку да свята “Юр’я”
Глядзі паштоўку да свята “Куст”
Глядзі паштоўку да свята “Купалле”
Тэгі: Азярцо, Валожын, Гомельшчына, Дудуткі, Лепельшчына, Мінск