Марыя Валент марыць чарговы раз разбіць стэрэатыпы пра брутальнасць тайбаксёрак, Андрэй Герасімчук натхняецца Усяславам Чарадзеем і чакае падтрымкі ад спецназу, а Дзяніс Ганчаронак беражэ сілы для Швецыі.
Дзмітрый і Марыя Валенты, Дзяніс Ганчаронак, Дзмітрый Варац, Андрэй Герасімчук, Андрэй Кулебін і яшчэ каля 200 тайбаксёраў плануюць узяць удзел у чэмпіянаце рэспублікі. Менавіта там вызначыцца, хто будзе прадстаўляць Беларусь на чэмпіянаце Еўропы і чэмпіянаце свету (IFMA), які пройдзе ў гэтым годзе ў Швецыі. Турнір адбудзецца з 1 па 5 сакавіка на тэрыторыі вайсковай часці 3214, што побач са станцыяй метро “Уручча”. Напярэдадні гэтай значнай падзеі топ-зоркі айчыннага муай-тай распавялі “Байцоўскаму гену”, чаму варта ў гэтыя сакавіцкія дні адкінуць усе свае справы і прыйсці на чэмпіянат.
Марыя Валент, шматразовая чэмпіёнка Еўропы і медалістка чэмпіянату свету па муай-тай:
“Халвы” на рынгу ад нас не чакайце!”
— Жаночы бокс, на маю думку, яшчэ больш відовішчны і жорсткі, чым мужчынскі. Канкурэнцыя, напрыклад, у маёй вагавой катэгорыі, досыць моцная. А значыцца, “халвы” на рынгу ад нас не чакайце! Я вельмі адказна падыходзіла да сёлетняга чэмпіянату і інтэнсіўна рыхтавалася. Знаходжуся ў выдатнай фізічнай форме, але толькі баі вызначаць канчаткова, “ху із ху”. Вельмі люблю назіраць за гледачамі, якія ўпершыню глядзяць жаночыя спаборніцтвы па муай-тай. Усе іх стэрэатыпы ідуць лесам. Бо яны ж чакаюць, што ўбачаць на рынгу такіх байцовых перакачаных “мужычкоў”. А тут выходзяць прыгожыя дзяўчаты з цудоўнымі фігурамі, якія на рынгу як скала, але па-за ім — добрыя жонкі, маці і зусім не пазбаўленыя жаноцкасці.
Дзмітрый Валент, заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён свету сярод аматараў і прафесіяналаў:
“Падтрымку заўзятараў заўсёды адчуваеш”
— Для кожнага спартоўца самая галоўная мэта — перамога. Таму і я чакаю ад сябе на чэмпіянаце толькі вікторыі. Не апошнюю ролю грае і актыўная падтрымка заўзятараў. Так, падчас бою ты абстрагуешся ад усяго, але добрую аўру, думкі, што шлюць цябе дзясяткі людзей, якія спецыяльна прыйшлі, каб падтрымаць цябе, адчуваеш заўсёды. Гэта натхняе нават падчас самых складаных момантаў! Чэмпіянат краіны — гэта цудоўная магчымасць пабачыць адразу ў адным месцы баі сусветных зорак муай-тай, якія дома не так і часта выступаюць.
Андрэй Герасімчук, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы сярод аматараў і прафесіяналаў па муай-тай і кікбоксінгу:
“На перамогі натхняе Усяслаў Чарадзей”
— Я заўсёды быў за сумленны бой, і чым больш складаны сапернік, тым цікавей спаборнічаць. Для мяне вельмі сімвалічна, што чэмпіянат будзе праходзіць на тэрыторыі вайсковай часці 3214, дзе я звычайна трэніруюся. Думаю, большасць хлапцоў са спецназа будзе актыўна за мяне там заўзець! Асабліва мяне на перамогу кожны раз натхняюць нашы славутыя прашчуры — Усяслаў Чарадзей, князь Вітаўт, дзяды-партызаны, што ў баях здабывалі перамогі і славу нашай Бацькаўшчыне! Першы — наогул мой кумір: мяне вельмі вабяць легенды пра тое, як ён ператвараўся ў ваўка. А можа, такую “адмазку” для сябе прыдумалі яго ворагі, якія не змаглі скарыць гэтага мужнага чалавека. Так ці інакш, яго чараўнічыя здольнасці мне чымсьці нагадваюць нашае валоданне майстэрствам муай-тай — гэтай прыгожай зброяй, якая заўсёды з табою, і ніхто не зможа яе ў цябе адабраць!
Дзмітрый Варац, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў па версіі Top King World Series, 2015 год:
“Моладзь наступае, але мы дакажам, што найлепшыя!”
— На чэмпіянаце я буду ў цудоўнай фізічнай форме і спадзяюся годна прадставіць свой родны клуб “Булат” і Гродзеншчыну. Я вельмі рады, што на змену нам у адзінаборствы прыходзіць моцная і таленавітая моладзь. З многімі з іх нам, “ветэранам”, давядзецца спаборнічаць у Мінску. Моладзь наступае, але мы, спадзяюся, дакажам, што пакуль найлепшыя! Вельмі хочацца пабачыць на чэмпіянаце як мага больш сем’яў з дзецьмі, каб новае пакаленне пабачыла на ўласныя вочы нашых топавых байцоў і таксама захацела займацца спортам. Бо мне становіцца вельмі сумна, калі бачу, як часам моладзь губляе сябе праз дрэнныя звычкі і кампаніі і якое гора тым самым прыносіць у сем’і.
Дзяніс Ганчаронак, заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён свету і пераможца розных турніраў сярод аматараў і прафесіяналаў:
“Свае сілы трэба адэкватна разлічваць”
— Я з усёй сур’ёзнасцю падыходжу да чэмпіянату. У нашай справе свае сілы трэба вельмі адэкватна разлічваць. Цяпер я ў добрай фізічнай форме. Нядаўна вярнуўся са збораў у Тайландзе, дзе вельмі плённа папрацаваў. Таму 50 адсоткаў я патрачу на чэмпіянат краіны, а астатнія 50 паспрабую зберагчы на чэмпіянат свету ў Швецыі, дзе мару годна прадставіць нашу краіну. Тым больш што беларускія мужчыны — сапраўдныя ваяры. На працягу гісторыі наш дух пастаянна гартаваўся падчас розных выпрабаванняў і войнаў. І кожная гучная перамога — даніна памяці нашым славутым і мужным прашчурам!
Дарэчы, адной з галоўных інтрыг чэмпіянату краіны стане ўдзел у ім аднаго з самых тытулаваных і вядомых беларускіх тайбаксёраў Віталя Гуркова. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца 2 сакавіка. Паўфіналы пройдуць 4 сакавіка, пачатак у 10:00. А фінальныя баі стартуюць 5 сакавіка ў 10:00. Уваход вольны. Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце чэмпіянату www.muaythaichamp.by, альбо ў суполцы ВК.
Ліна Мілаш
Фота Аляксандра Ждановіча і з уласных архіваў герояў