Трэці год украінцы змагаюцца ў вялікай разбуральнай вайне, ахвяруючы сотнямі тысяч жыццяў і знішчанымі дашчэнту гарадамі. Гараць палі і лясы, руйнуюцца школы і бальніцы, штодзень гінуць старыя і малыя. Гэта вайна не за тэрыторыю, не за абстрактныя кіламетры на вайсковых мапах, а за лёс наступных пакаленняў, за само існаванне ўкраінскай нацыі. І таму будучыню Украіны абараняюць не толькі са зброяй у руках. Перамогу набліжаюць людзі самых мірных прафесій — працаўнікі культуры, пісьменнікі, кнігавыдаўцы, бібліятэкары. Кнігі на ўкраінскай мове становяцца духоўным апірышчам, словамі Тараса Шаўчэнкі, «щоб наша правда не пропала, щоб наше слова не вмирало».
Фота: shutterstock.com
Вайна прынесла жудасныя страты
Падчас вайны культурная інфраструктура Украіны панесла жудасныя страты. Па самых апошніх звестках, пацярпела ўжо 2024 аб’екты — музеі, тэатры, клубы, установы мастацкай адукацыі. У гэтым спісе налічваецца 720 бібліятэк, цалкам ці часткова разбураных у выніку ваенных дзеянняў. Многія з іх згубілі кніжныя фонды, адмыслоўцы кажуць пра мільёны знішчаных бібліятэчных кніг.
Фота: Скрыншот з сайта interfax.com.ua
Хапае праблем з кнігарнямі і кнігавыданнем. Кніжных крам і раней было недастаткова, у сярэднім мелася ўсяго адна на 200 тысяч насельніцтва, што проста мізэрна для такой краіны. З пачаткам вайны шмат якія з іх пазачыняліся, але зараз назіраецца адваротны працэс, які выклікае аптымізм. Па папярэдніх падліках, колькасць кнігарняў у два разы перавысіла перадваенны ўзровень. Чакаецца, што становішча паступова нармалізуецца, бо пакуль не працуе палова выдавецтваў, з 560 дзейнічае прыкладна 250. Украінскі Інстытут Кнігі інфармуе, што агульны наклад выданых у 2023 годзе кніг склаў 55% ад накладаў перадваеннага 2021 года.
Але нават у такіх няпростых умовах знаходзяцца магчымасці і сродкі для развіцця нацыянальнага кнігавыдання. Прывядзем некалькі прыкладаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай падтрымцы выдавецтваў, стварэнні стымулаў для набыцця і чытання ўкраінскіх кніг.
Заканадаўчыя меры па падтрымцы ўкраінскамоўнага кнігавыдання
16 ліпеня 2021 года набыў моц 26-ты артыкул Закона Украіны «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Згодна з ім не менш паловы ўсіх выданых на працягу года выдаўцом назваў кніг павінна быць на ўкраінскай мове. Адначасова не менш 50% назваў кніг, якія прадаюцца ў крамах або іншых месцах распаўсюджання, павінны быць на ўкраінскай мове. За парушэнне нормаў моўнага заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Трэба адзначыць, што гэтае патрабаванне не тычыцца выдавецкай прадукцыі на мовах карэнных народаў і нацыянальных меншасцяў Украіны, якая друкуецца за сродкі дзяржаўнага ці мясцовага бюджэта. Таксама норма не распаўсюджваецца на кніжныя крамы і ўстановы з кнігамі выключна на афіцыйных мовах Еўрасаюза, падручнікамі і слоўнікамі замежных моў, спецыялізаванныя крамы, створаныя для рэалізацыі праў карэнных народаў і нацыянальных меншасцяў Украіны.
Кнігі і выдавецкая прадукцыя з Расіі і Беларусі забароненыя
Упершыню санкцыі супраць кніг, выданых у Расіі, з’явіліся ў 2015 годзе. Тады было забаронена прывозіць і распаўсюджваць некаторыя кнігі асобных расійскіх аўтараў. Гэта ідэолаг рускага свету Аляксандр Дугін, публіцыст Эдуард Лімонаў, журналіст Сяргей Дарэнка і інш. У далейшым спісы дапаўняліся, але нельга сказаць, што забарона стала масавай з’явай. Агулам у 2015-2021 гг. быў забаронены ўвоз 288 найменняў кніг. Акрамя гэтага дзейнічалі санкцыйныя меры ў дачыненні да шэрагу расійскіх выдавецтваў, якія выдавалі кнігі з антыўкраінскім зместам. У 2021 годзе паведамлялася, што супраць 9 выдавецтваў плануецца працягнуць санкцыі і ў наступным годзе.
Аднак у лютым 2022 года сітуацыя змянілася радыкальна і, хутчэй за ўсё, незваротна. Вайна настолькі жорстка паўплывала на грамадскія настроі, што па ўсёй Украіне пачалі паўсюдна пазбаўляцца ад рускамоўнай літаратуры. У першую чаргу, у макулатуру здавалі кнігі тых пісьменнікаў, якія падтрымалі расійскую агрэсію. Напрыклад, сёлета журналіст Андрэй Кузьмін удакладніў, ці засталася ў бібліятэках папулярная ў свой час кніга «Начны дазор» фантаста Сяргея Лук’яненкі. Ён вядомы сваімі антыўкраінскімі выступамі, так што не дзіва, што ва ўсіх бібліятэках Кіева здолелі адшукаць толькі адзін асобнік.
У чэрвені 2022 года Вярхоўная Рада прагаласавала за прыняцце Закона, які забараняе імпарт і распаўсюд ва Украіне кніг і выдавецкай прадукцыі з Расіі і Беларусі. На прэзідэнцкім сайце петыцыю за падпісанне Закона падтрымалі 25 тысяч чалавек. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў Закон 22 чэрвеня 2023 года.
Чытанне як жыццёвая стратэгія
3 сакавіка 2023 года Кабінет Міністраў Украіны зацвердзіў Стратэгію развіцця чытання «Чытанне як жыццёвая стратэгія». Яна нацэлена на стварэнне і заахвочванне чытаючага ўкраінскага грамадства. Дасягненне гэтай мэты будзе адбывацца па двух напрамках. Адзін напрамак — «Падтрымка і развіццё кніжнай экасістэмы» — павінен забяспечыць доступ да якаснай разнажанравай кнігі, найперш украінскамоўнай, у розных фарматах у адпаведнасці з патрэбамі чытачоў. Другі — «Фармаванне звычкі і патрэбы ў чытанні» — будзе стымуляваць чытанне як свядомы і рэгулярны выбар асобы і ўсяго грамадства. Паказальна, што ў стваральнікаў дакумента далёкасяжныя планы. Рэалізацыя Стратэгіі разлічана на дзесяць гадоў — з 2023 па 2032 гг.
Дзяржава ўжо зрабіла практычныя захады па выкананні пастаўленых у Стратэгіі мэтаў. Запланавана, што ў бягучым годзе выдаткі з дзяжбюджэту на Украінскі Інстытут Кнігі павялічацца ў пяць разоў. А ў чэрвені ўступіў у дзеянне Закон, згодна з якім будуць выдаваць грашовыя сертыфікаты на набыццё кніг. Грамадзяне Украіны, якія адзначылі ў 2024 годзе 18-гадовы дзень нараджэння, атрымаюць сертыфікат у памеры 908 грывень. На грошы можна набыць украінскамоўныя кнігі ў папяровым або іншым фармаце. Падлічана, што гэта дапаможа выдавецтвам дадаткова надрукаваць ад 1,5 да 2 мільёнаў кніг. Абвешчана, што ў будучым такія сертыфікаты пачнуць даваць бацькам пры нараджэнні дзіцяці.
Фота: Інфаграфіка Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны
Дапамога партнёраў і саюзнікаў
У самыя першыя месяцы вайны дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі пачалі займацца выданнем літаратуры для тых жыхароў, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны. Для дзяцей ўкраінскіх бежанцаў, што апынуліся не па сваёй волі ў эміграцыі, запрацавала праграма «Кнігі без межаў». Ужо ў траўні 2022 года ў праграме супольна з Украінай супрацоўнічалі 8 еўрапейскіх краін — Балгарыя, Германія, Ірландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Швецыя.
У наступным годзе Украінскі Інстытут Кнігі і Федерацыя еўрапейскіх выдаўцоў запачаткавалі праект Tales of EUkraine па забеспячэнні кнігамі ўкраінскіх дзяцей у бежанстве. Дзякуючы партнёрскай дапамозе ў 25 краінах Еўропы было распаўсюджана 600 тысяч асобнікаў дзіцячай літаратуры на ўкраінскай мове.
Велізарную падтрымку з боку замежных сяброў атрымалі навучальныя ўстановы Украіны. У рамках адмысловай ініцыятывы ў шэраг універсітэтаў перадалі 10 тысяч сучасных падручнікаў і дапаможнікаў на мовах ЕС. Выданне некалькіх соцень школьных падручнікаў прафінансаваў Еўрасаюз. А сёлета пра выдзяленне сродкаў на кнігі для ўкраінскіх школ абвесцілі ЗША. 24 чэрвеня прэс-служба Белага дома паведаміла, што будуць выдаткаваны грошы на друкаванне 3 мільёнаў падручнікаў для 12 тысяч школ.
200 «Украінскіх палічак» у свеце
У рэчышчы папулярызацыі ўкраінскай мовы і літаратуры шырокую вядомасць займеў праект «Украінская кніжная палічка». Гэта дабрачынная ініцыятыва, якую ажыццяўляюць грамадскія арганізацыі разам з Міністэрствам замежных спраў Украіны і Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны. Праект рэалізуецца пад патранатам Першай лэдзі Алены Зяленскай, якая прымае ў ім самы актыўны ўдзел.
Фота: скрыншот з t.me/FirstLadyOfUkraine
У рамках ініцыятывы ў бібліятэчных і культурных установах адчыняюцца «Украінскія палічкі», дзе кожны жадаючы можа карыстацца ўкраінскай літаратурай. Такія месцы з’явіліся ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і абодвух Амерык. Нядаўна, у чэрвені, да праекта далучылася пяцідзясятая краіна. Ёй стала Коста-Рыка, дзе ў Нацыянальнай бібліятэцы можна цяпер чытаць украінскія кнігі. Усяго ў свеце існуюць сёння 200 «Украінскіх кніжных палічак».
Фота: Інфаграфіка праекта «Українська книжкова поличка»
В.С., budzma.org