Як улюбіўся ў прыгажуню Рублеўскую…

Прызнанне ў каханні — справа надзвычай інтымная. Але калі размова ідзе пра пісьменніцу Людмілу Рублеўскую, гэтае старажытнае правіла не працуе.

RublevskajaAvantury

Хочацца прызнацца, ды яшчэ як! Па-шляхетнаму гожа, з той самай годнасцю і гонарам, рамантыкай і менестрэлямі, на адным калене і шабляй на баку… Каб і коні з карэтай, і тысячы кветак вакол. А яна, крышку паружавелая ад шчасця сціплая пісьменніца, пазірае з акенца старой вежы часоў ВКЛ… Яшчэ не ведае, што я для яе цмока злавіў!

Менавіта такія пачуцці выклікае ў мяне аўтарка Людміла Рублеўская, якая стварыла самы паспяховы на сёння беларускі гістарычны раман “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Гэтае цудоўнае фэнтэзі заснаванае на рэальных падзеях сівой даўніны. Сам жа жанр гістарычнага рамана адкрыў у айчыннай літаратуры геніяльны Уладзімір Караткевіч. Дзякуючы спадарыні Рублеўскай жанр развіваецца і заваёўвае ўсё больш адданых чытачоў. У літаратурных колах яе даўно называюць добрай паслядоўніцай нашага любімага класіка. З той толькі розніцай, што творы яе больш набліжаныя да ўжо сучаснага жанру фэнтэзі і нават чымсьці нагадваюць Анджэя Сапкоўскага з яго знакамітым на ўвесь свет “Ведзьмаком”.

Героі Рублеўскай — спачатку зусім зялёны хлопчык, але ганарлівы шляхціц Пранціш і доктар, асоба таямнічая і нават містычная, Баўтрамей Лёднік — створаныя так натуральна і настолькі жывымі, што адразу робяцца роднымі. Разам з імі цягам чатырох кніг ты робіш дзівоснае падарожжа ў часы Рэчы Паспалітай… З героямі адбываюцца самыя розныя прыгоды на вялікім гістарычным полі. Дзе сустракаюцца ўсе — ад Радзівілаў да Кацярыны ІІ, ад цмокаў да чараўнікоў… Чытаць яшчэ цікавей, калі разумееш, што шмат чаго неверагоднага ў кнізе спадарыня Рублеўская не выдумляла, а ўсё гэтае калісьці мела месца на нашай зямлі. Аўтарка спалучае дакладнасць гістарычных фактаў і адметна таленавіты мастацкі тэкст, які чытаецца вельмі лёгка.Кнігі літаральна праглынаюцца, і шкадуеш, што так хутка. Карацей, хто любіць усю сакавітасць нашай мовы — вам таксама дакладна сюды! Паралеляў з сучасным беларускім грамадствам хапае, і яны вельмі відавочныя… Тут дзяленне на правільных і няправільных беларусаў, тых, хто за караля і супраць, шляхціцаў і мужыкоў. Вечнае небяспечнае ваганне паміж рознымі палітычнымі саюзамі і дзяржавамі. Вуснамі герояў Рублеўская кажа пра многія сучасныя хібы ў краіне, якія цягнуцца яшчэ з даўніны стагоддзяў. Напружаны сюжэт кнігі прасякнуты шчырым каханнем, сапраўдным мужчынскім сяброўствам, крывавымі двубоямі, падарожжамі, выкшталцоным гумарам і рознымі цікавосткамі. Таму разлічаная кніга на шырокае кола чытачоў. Здаецца, пачынаючы з падлеткавага ўзросту і да бясконцасці. Міжволі закрадваецца думка, што з кніг Рублеўскай атрымаюцца калі-небудзь выдатныя фільмы.

Трэба толькі дадаць, што ўлюбіўся я ў Рублеўскую перш за ўсё як у неверагодную прыгажуню-аўтарку… Адданых чытачоў у Рублеўскай сапраўды шмат. А свайго рэальнага рыцара яна ўжо мае — гэта таксама вядомы паэт і пісьменнік Віктар Шніп. Гэтая творчая мінская сям’я, здаецца, яшчэ не раз здзівіць прыхільнікаў якаснай літаратуры на роднай мове. Такія справы, панове!

Зміцер Копаць

Глядзіце таксама:

Тэрарызм у літаратуры. Як Севярынец забіла мову

Сэкс па-беларуску. Хто зойме прывабнае месца?