Сэнс – ён дзе? У мове. А мова дзе? У нас.
У Марціновіча яе набывалі за велізарныя грошы, як наркотык, і каштавалі пад жудасным страхам трапіць за краты. У Бахарэвіча з ёй ваявалі спецыяльныя хірургі. А Ганна Севярынец у сваім рамане-дэбюце “Дзень Святога Патрыка” проста ўзяла і цалкам забіла нашую мову. Трапным стрэлам літаратурнай тэрарысткі.
Пра асноўны сюжэт
Сапраўдны культурны тэракт. Па кнізе тая павольная хваля беларускага адраджэння, якую мы цяпер усе маем шчасце назіраць: як нечакана з’явілася – так раптоўна і знікла… А вось памерлую мову, як сімвал эпохі, вырашылі з цягам часу закансерваваць – у спецыяльнай установе, дзе захоўваюцца архівы ўсіх загінулых моваў свету. Глабалізацыя крочыць наперад. На беларускай мове не кахаюцца, не кахаюць, не вырашаюць побытавых праблемаў. І пісьменніца ўрэшце дае спраўдзіцца ўсім галоўным жахам беларускіх інтэлектуалаў за апошнія дзвесце гадоў. Гераіня рамана Марына Дамейка ўсё жыццё займаецца літаратурай, і на яе плечы падае цяжар адказу на тое, што ж з’явіцца на паліцах залы памерлай беларускай мовы. Бо архіў, вядома, не гумавы і месца на ўсіх не хопіць. Сама Севярынец усё жыццё займаецца літаратурай, і цікава, што першы яе раман – гэта спроба перш за ўсё не звярнуць на сябе ўвагу як на новую аўтарку, а на ўсе тыя дзівосныя імёны ў айчыннай літаратуры, якіх мы часам амаль не памятаем: Тамаш Зан, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка… А побач з гэтымі легендамі ціха стаіць сціплая Севярынец, якая толькі час ад часу крышку захапляецца сваімі лірычнымі адступленнямі ад сюжэту. Але і там хапае розных цікавостак.
“Таму мовам з гэтага часу нельга было паміраць натуральным чынам — толькі з дазволу і пад наглядам высокай Камісіі. З аднаго боку, гэта была вялікая эканомія сродкаў, якія раней выдаткоўваліся на падтрымку і развіццё моў, не патрэбных сваім народам, а па-другое, усё, што трэба, заставалася на карысць навуковай эліце”.
Пра літаратуру
Разам з асноўным сюжэтам у рамане ідзе лінія выдатнай эсэістыкі пра беларускіх пісьменнікаў. І тут Севярынец паўстае ва ўсёй сваёй красе даследчыка беларускай літаратуры. Мне Севярынец больш падаецца таленавітай літаратуразнаўцай, а ўжо потым таленавітай пісьменніцай. Гэта вам не сумная нудота вытрымак са школьных біяграфій: герояў яе эсэ бачыш нібы жывых. Гэтая частка яе кнігі асабіста ў мяне праасацыявалася з шыкоўнымі “Партрэтамі” Адама Глобуса. Калі чытаеш і сэрцам адчуваеш роднымі людзей, з якімі сябраваў ці сябруе пісьменнік. Але ў Севярынец мэта яшчэ цяжэйшая – яна расказвае пра людзей, якія даўным-даўно памерлі. Адзін з галоўных герояў у рамане крычыць на Дамейку, што яна кансервуе паэтаў па партрэтах для забавы, калі іх творчасць павінная жыць дзеля чытачоў. Тут аўтарка крышку несправядлівая да сябе: у яе партрэтах шмат пачуццяў і святла. Але галоўнае – яны не скончаныя. Не закрытыя, не падпісаныя, не замураваныя. Яны вабяць прыгодамі і цікавосткамі. Бо Севярынец толькі трошкі адкрывае нам вялікі куфар беларускіх творцаў, каб мы самі залезлі ў яго і назаўсёды згубіліся ў таямніцах і прыгажосці. Кніга – выдатны прыклад таго, як у вельмі просты сюжэт з трыма героямі можна ўкласці дзясяткі імёнаў і сотні фактаў з розных біяграфій, падзей беларускай літаратуры і гэта ўсё прагнулася абавязкова дачытаць да канца! Калі б так стваралі сённяшнія падручнікі – шанцаў выгадаваць паслядоўнікаў Быкава і Караткевіча было б нашмат больш. І Ганна Севярынец разумее гэта як ніхто іншы, бо працуе настаўніцай у звычайнай гімназіі.
Яе высокага, статнага, юнага Багдановіча ўяўляеш зусім не тым, школьным: кволым і суворым, калі ў падручніках быў надрукаваны толькі яго маленечкі фотаздымак з трохі сумным тварам. Як такі хлопец мог напісаць самы наш баявы верш “Пагоня”? Самае страшнае, што можна зрабіць, – гэта забальзамаваць паэта, справядліва сцвярджае Севярынец. Багдановіч павінен быў быць галоўным сэкс-сімвалам беларускіх дзяўчат і ўлюбёным паэтам усіх адважных хлопцаў. Жывым героем, дух якога і цяпер жыве з намі. Але ў школах ён – толькі маленькі партрэт у падручніку над вельмі сумнай біяграфіяй.
“Незвычайны чалавек пакідае пасля сябе літаратуру і навукова-тэхнічны прагрэс, а што пакідае чалавек звычайны, той, што жыве звычайным жыццём, без безданяў і вышыняў таленту? Ён пакідае мову. Так атрымалася, што часцей мы размаўляем на мове іншага народа”.
Пра самае цікавае
Побач з гэтым ідзе адна з самых складаных у літаратуры тэмаў – тэма кахання. Тут ёсць некалькі вельмі цікавых ідэй. Паводле Севярынец, шчырае каханне мусіць скончыцца як мага больш трагічна, каб яго ўсвядоміць і зразумець, што яно і было тым самым адзіным і вялікім. Падаецца, для гэтага ў пачатку кнігі аўтарка і забівае мову, каб асэнсаваць, за што і дзякуючы якім людзям яна так яе любіць. Яе вобраз у рамане – гэта першы і апошні каханы Марыны Дамейкі – Сямёнаў. Які ў маладосці захапіў сваёй асобай, у сябе закахаў, а потым знік. А калі з’явіўся праз доўгі час: дык быў хоць і жаданы, але ўжо абрыдлы. Тое самае і было з мовай, бо нейкі час, калі нам было трэба на ёй кахацца, ваяваць і святкаваць, мы яе страцілі, і гэта быў вельмі важны час. І гэта траўма цэлай генерацыі, якая ў пачатку нашай незалежнасці столькі марыла і змагалася за яе адраджэнне.
У кнізе згадваюцца сучасныя падзеі і такія медыйныя персоны, як Стась Карпаў, Глеб Лабадзенка, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч… Уся кніга наогул прасякнутая любоўю да месца і часу. Да літаратуры, да жыцця. Да той прасторы, у якой так добра цяпер пачуваецца аўтарка. Якая яе аналізуе і дазваляе сабе быць у ёй геніем. І гэта, вядома, не пра літаратуру, а пра жыццё – адчуваць яго напоўніцу і быць ад гэтага шчаслівай. У рамане “Дзень Святога Пытрыка” Севярынец, здаецца, хоча закансерваваць час, у якім жыве, і ўсе імёны, з якімі мае зносіны, жывымі і не. І гэта сапраўдная літаратура, якую варта рэфлексаваць і разумець.
“Мова павінна належаць народу, а калі народ сам адмаўляецца ад яе – значыцца, яго менталітэт абыходзіцца мовай іншай”.
Зміцер Копаць
Глядзіце таксама: