Як уратавацца ад спёкі і пазбегнуць цеплавога ўдару. Парады дактароў

Летняя спёка прыйшла ў Беларусь і бліжэйшымі днямі надвор’е не збіраецца мяняцца. У спёку шмат каму можа стаць кепска, каб гэтага змаглі пазбегнуць нашыя чытачы, budzma.org пагутарыла з дактарамі і дзеліцца парадамі, як ратавацца ад гарачыні ў летнія дні.


NzE58AHTMz0w6fi0zruwC9tZirLry5mzSdBja5eW.png

Цеплавы ўдар і яго сімптомы

Самае частае, што можа здарыцца ў спёку — цеплавы ўдар — стан арганізму, выкліканы падвышанай тэмпературай, можа быць небяспечным для здароўя і нават жыцця. «Злапаць» цеплавы ўдар можна проста доўга знаходзячыся на сонцы, калі тэмпература паветра вышэй за 30 градусаў цэльсія. Цеплавы ўдар у спёку можна атрымаць не толькі на сонцы, але і ў памяшканні, дзе вельмі горача, падчас фізічных нагрузак: цяжкай працы ці спартовых практыкаванняў.

У зоне рызыкі найперш сталыя людзі, цяжарныя жанчыны і дзеці, а таксама людзі з пэўнымі хранічнымі захвораваннямі, звязанымі з сэрцам і падвышаным ціскам.

Калі чалавек пачынае адчуваць моцную смагу, ускладняецца дыханне, падвышаецца тэмпература цела, з’яўляецца пульсуючы галаўны боль, цямнее ў вачах, пачынаюцца галюцынацыі ці папросту чалавек губляе прытомнасць — значыць, хутчэй за ўсё, здарыўся цеплавы ўдар.

Што рабіць пры цеплавым удары?

Пры цеплавым удары адразу трэба зайсці ў прахалоднае памяшканне, пажадана з працуючым кандыцыянерам, па магчымасці зняць цесную вопратку ці расшпіліць яе, разбуцца, абгарнуцца вільготным рушніком ці прасцінаю, можна намачыць цішотку або кашулю і накінуць на сябе, ці прыкласці лёд да шыі і спіны, а лепш ахаладзіцца ў вадзе з дапамогай душа ці ванны. Паступова выпіць літр вады, лепш мінеральнай ці салёнай (на літр вады дадаць сталовую лыжку солі). Лепш за ўсё звярнуцца па дапамогу да дактароў.

9c29c3e0e3e80c925bae52b296051968_fitted_1332x0.jpg

Калі правільна не ліквідаваць цеплавы ўдар, то наступствы могуць быць непрадказальнымі, ажно да пашкоджання ўнутраных органаў і мозга, што можа прывесці да летальнага сыходу.

Як засцярагчыся ад гарачыні?

Старайцеся піць больш вадкасці, лепш за ўсё звычайнай вады, нельга ўжываць алкагольныя напоі, яны парушаюць тэрмарэгуляцыю, лепш адмовіцца ад чая і кавы. Зменшыць фізічныя нагрузкі, спортам займацца лепш ранкам ці ўвечары, калі спёка спадае. Працаваць у памяшканнях з кандыцыянерамі, старацца забяспечыць пэўную вільготнасць памяшканняў: набудзьце ўвільгатняльнік паветра ці пастаўце проста ёмістасць з вадой у пакоі, дзе будзеце знаходзіцца.

chto-nelzya-delat-v-zharu_1624533231626873795.jpg

Удзень, калі спёка дасягае максімальных паказчыкаў, лепш пазбягаць выхаду на вуліцу або карыстацца галаўнымі ўборамі светлых колераў. У вопратцы лепш аддаваць перавагу натуральнай тканіне, у сінтэтычнай вопратцы вам будзе горача.

У гарачыню лепш змяніць свой рацыён, адмовіцца ад смажанай, тлустай і салодкай ежы — такія стравы выклікаюць смагу, а непрыемнае пачуццё цяжкасці ў страўніку толькі пагоршыць ваш фізічны стан. Ужывайце садавіну і гародніну, халодныя супы і салаты.

Чытайце яшчэ: «Літоўскі халаднік» у летнюю спёку. Гатуем з «Будзьма!»

Як трэба перасоўвацца на самаходзе ў спёку?

Перад паездкай у спёку абавязкова адчыніце дзверы ці апусціце шыбы, каб гарачае паветра выйшла з салона аўтамабіля, потым можна ўключаць кандыцыянер, але з ім трэба быць асцярожным, не накіроўвайце на сябе ці іншых пасажыраў паветраныя дэфлектары — так можна хутка захварэць, рэзкі перапад тэмпературы негатыўна ўплывае на здароўе чалавека.

4ed4b1f16b22d508d025c5a5c3ab.jpeg.740x555_q85_box-147,0,2458,1733_crop_detail_upscale.jpg

З сабой у паездку абавязкова варта ўзяць воду ці іншыя напоі прахладнай тэмпературы. У аўтааптэчцы павінны быць непратэрмінаваныя валідол, карвалол і нітрагліцэрын — калі камусьці падчас паездкі стане кепска, гэтыя лекі могуць уратаваць здароўе. Ніколі не пакідайце дзяцей у самаходзе. У нагрэтым сонцам і гарачым паветрам самаходзе лёгка можна атрымаць цеплавы ўдар. Тое ж тычыцца і жывёлаў.

Лепш за ўсё, па магчымасці, адмовіцца ад паездак у спёку. Беражыце сябе, трымайцеся правілаў і нават у спёку вы будзеце адчуваць сябе добра.

АМ, budzma.org